Архиепископ Полоцкий и Глубокский Феодосий провёл службу в ушачском храме

Общество

Прыступкі храма ад брамы да дзвярэй кветкамі выкладаюць нячаста. Толькі па асаблівых святах. І такім для праваслаўных ушачан стала 21 кастрычніка: службу ў храме святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры праводзіў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.

“Ну, што, памолімся”, – бадзёра запытаўся ён у кіраўніцтва раёна і вернікаў, што чакалі Уладыку ля ўваходу з кветкамі. Пазнаёміўся з тымі, каго не ведаў, кожнага благаславіў. Потым уважліва слухаў прывітанне выхаванцаў нядзельнай школы, якія на чале з матушкай Любоўю сустракалі архіепіскапа духмяным караваем, кветкамі і вершамі. Дзяўчаткі хваляваліся да дрыжыкаў у каленках і самі дзівіліся гэтаму пасля. Уладыка размаўляе з дзецьмі проста, на роўных, а благаславіўшы, падарыў кожнаму па шакаладцы. Школьнікаў у храмах нямнога… а менавіта аб моладзі самы вялікі клопат і ў царквы, і ў дзяржавы.

“Калі ў душы няма Бога, то там абавязкова паселіцца цемра і зло, будуць паўтарацца такія страшныя падзеі, як у Керчы”, – казаў падчас пропаведзі Феадосій. І прывёў красамоўную статыстыку пачатку мінулага стагоддзя: у 1903 годзе ў Цвярской вобласці было толькі адно забойства, два разводы і ніводнага суіцыду. Бо людзі жылі з Богам у душы і больш чым паліцыі баяліся адказу на страшным судзе, таго, што пазбавяцца царства вечнага. Памылкай маладой дзяржавы Савецкага Саюза, якая і праіснавала нядоўга, Феадосій назваў атэізм. Гэта ўлічылі, і сёння паміж Урадам Беларусі і Праваслаўнай Царквой падпісана пагадненне, яны супрацоўнічаюць у розных галінах.

Унікнуць у сэнс службы бывае зусім няпроста, асабліва для непадрыхтаваных, а вось слова, сказанае падчас пропаведзі, часта закранае і прымушае задумацца. Як жа ўважліва слухалі ўшачане Уладыку, які расказваў пра цуд уваскрэсення, а потым пра мірскія справы: “Складана паверыць, што мёртвы чалавек можа паўстаць, загаварыць, паколькі мы не можам гэтага ўявіць. Як немагчыма паверыць, не маючы вопыту, што можа зацвісці і даць плады голае дрэва, якое ажно звініць на марозе. Але ж з’ява адбываецца штогод. Гэта алегорыя з уваскрэсеннем, а вось цуд з’яўлення на Вялікую суботу ў праваслаўным храме Іерусаліма святога агню я бачыў сам, і ён паўтараецца вякамі. Яшчэ адзін цуд бачылі ўсе вы – вось гэта царква, упрыгожыўшая горад і душы”. Уладыка прыгадаў, колькі было праектаў, колькі манастыроў і храмаў аб’ехалі ўшацкія вернікі, у прыватнасці К.В. Іванова. І ў розных кутках гучала малітва аб нашым храме… Бог паслаў на Ушаччыну протаіерэя Вячаслава. Дзякуючы яго арганізатарскім здольнасцям, пры падтрымцы раённых улад, гаспадарак, прадпрымальнікаў, іх ахвяраванням і ўкладу простых вернікаў царква служыць людзям. “А мы ў Варонічах ніяк не можам пабудаваць, – сказаў пры развітанні айцец Уладзімір, які служыць таксама ў Полацку і іншых населеных пунктах раёна. – Разам з вамі пачыналі, і праект аднолькавы”.

Нам жа сапраўды пашчасціла. Шкада толькі, што не так запоўнены храм па нядзелях, як у гэту, калі далучыць сваіх немаўлят да таямніцы прычасці з рук Архіепіскапа захацелі бацькі Веранікі Ланінай і іншых немаўлят. З такой выключнай нагоды не ў храм велікамучаніцы Параскевы Пятніцы, а ва Ушачы прыехалі арэхаўскія прыхаджане. А таксама свяшчэннікі з іншых прыходаў, прычым многія з дзецьмі, якіх Феадосій памятае ў твар і па імёнах. І нават мінчане Анатоль і Ксенія Ліхван, якія былі ва Ушачах у гасцях, прыйшлі на службу, а пакідаючы яе, пыталіся, у якіх храмах служыць Уладыка. Закранула, дало плады слова, хоць менавіта гэтых маладых людзей Феадосій не дапусціў да прычасці. Яны не ведалі, што мала проста паспавядацца, трэба пасціцца, маліцца – рыхтавацца. “Адступаючы ад норм у малым, нядоўга дайсці і да раскольніцтва, якое мы зараз назіраем у Царкве ва Украіне. Таму падрыхтуйцеся і абавязкова прыходзьце, у любы храм”, – па-добраму параіў Феадосій маладой пары. Наогул служба атрымалася надзвычай цёплай і памятнай. Благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў падзякаваў усім прыхаджанам, бацюшку Сергію з Глыбокага, Уладзіміру з Полацка і асабліва архіепіскапу Феадосію за службу і падарыў Уладыку букет з белых руж.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *