Бывших спасателей не бывает! 20 лет пожарной службе посвятил Александр Дубровский

Cлужба-101 Экономика и малый бизнес

Пэўна, няма таго, што не ўмее Аляксандр Уладзіміравіч Дуброўскі. Ён і з тэхнікай на “ты”, і змайстраваць для дома штосьці можа, і прыгатаваць любую страву, і пашыць сабе касцюм. На пытанне, дзе ж усяму навучыўся, усміхаючыся, адказвае: “Жыццёвую школу прайшоў на службе!”

З дзяцінства селішчанскі хлопец асабліва цікавіўся тэхнікай. Вельмі цанілі пазней дыпламаванага тэхніка-механіка і на першым месцы працы – у саўгасе “Ушацкі”.
– Давялося працаваць пад кіраўніцтвам Васіля Фаміча Караленкі, чалавека справядлівага і мэтанакіраванага. Калі хацеў праз два гады змяніць месца працы, ён знайшоў аргументы і я застаўся яшчэ на дзясятак. Наступнае ж маё рабочае месца вызначыў лёс: ішоў уладкоўвацца на “Вечалле” і на шляху спыніўся каля пажарнай часці пагутарыць са знаёмымі хлопцамі. “Давай лепей да нас, нам таксама патрэбны такія вадзіцелі-механікі!” і ў хуткім часе ўліўся ў новы калектыў, дзе і прайшло 20 наступных гадоў жыцця, – прыгадвае Аляксандр Уладзіміравіч.
Спачатку быў вадзіцелем, а пазней начальнікам каравула. Імкнуўся, каб яго падначаленыя ведалі ўсё дасканала: ад ціску ў калёсах і ўстройства пажарнай помпы да месцазнаходжання населеных пунктаў: “Кожны вечар, калі не было выклікаў, садзіў маладых і “ганяў” па вёсках: у якім баку знаходзяцца, колькі з аднайменнай назвай у раёне, як да іх даехаць. Не сорамна за вучняў, якія прайшлі праз мае рукі. З цяперашніх работнікаў гэта Алег Севярын, Андрэй Малахаў, Сяргей Сыс, Дзмітрый Лёля…”
Ну а свой першы баявы выезд ён памятае, як быццам гэта было ўчора, бо на здарэнне выязджаў… адзін. На змену ў той час заступала ўсяго тры чалавекі. Асноўная машына адправілася на пажар у Старое Сяло, і тут паступіў сігнал аб узгаранні на кацельні ветстанцыі. Іншага выйсця, як выязджаць на рэзервовым ЗІЛе, не было. І своеасаблівы экзамен ён вытрымаў паспяхова. А самым жудасным і цяжкім здарэннем у кар’еры А.Дуброўскага быў пажар жылога дома ў Завячэллі: “Пад’язджаем да месца і ў гэты момант у жыллі ўзрываецца газавы балон, дах падлятае якраз на суседні дом. Яго ўдалося выратаваць, а вось дапамагчы нядобранадзейнай сям’і, дзе адбыўся ачаг узгарання, ужо шанцаў не было, у агні загінулі двое дзяцей і двое дарослых. Доўга шукалі іх целы ці, дакладней, што ад іх засталося, а затым яшчэ абаранялі ад бадзяжных сабак з усёй акругі…”
Хапала і іншых складаных здарэнняў, нялёгка было спраўляцца з ляснымі пажарамі і на тарфяніках. Нямала людзей абавязаны жыццём мужчыну, але не ад усіх давялося пачуць простае “дзякуй”.
Калі пачалася ваенізацыя пажарнай аховы і на службу набіралі шмат маладых работнікаў, Аляксандр Уладзіміравіч быў назначаны намеснікам начальніка па службе і пажаратушэнні. Юрый Леанідавіч Шыханцоў, які тады кіраваў службай, адзначыў што А.У.Дуброўскі самы вопытны і каму яшчэ вучыць новае пакаленне. Акрамя гэтага, на яго плечы ляглі шматлікія клопаты па абсталяванні часці, тады якраз утвараліся і пажарныя пасты на раёне.
– Не параўнаць умовы, у якіх мы працавалі, з цяперашнімі. Вяртаешся зімой з выезду і распальваеш кацёл, каб сагрэцца. Самі нарыхтоўвалі дровы, едзем з пажару ў Рубаніках і вязём карчы для печы. Не было такіх хуткіх МАЗаў, з запасам вады большым у тры разы і сучасным абсталяваннем на ўсе выпадкі жыцця. Шкада будынка старой часці, столькі сіл туды было ўкладзена, але шчыра радуюся за калег, калі гляджу на новую. Час дыктуе іншыя ўмовы, – гаворыць А.У.Дуброўскі.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак ён яшчэ доўга прывыкаў, што не трэба спяшацца на службу, ускокваў пры кожным званку. Поўны сіл і энергіі Аляксандр Уладзіміравіч уладкаваўся ў жыллёва-камунальную гаспадарку, некалькі гадоў працаваў майстрам па водазабеспячэнні, а шэсць апошніх – работнік аховы ва Ушацкай школе. Трэба сказаць, што не абмяжоўваецца ахоўнымі функцыямі, не адмаўляецца падрамантаваць мэблю ці кран, удзельнічае ў падрыхтоўцы школы да новага навучальнага сезона.
А яшчэ А.У.Дуброўскі выдатны гаспадар, любячы муж, бацька і дзядуля. На яго сядзібе ва Ушачах усё даведзена да ладу, ужо шмат гадоў захапляецца пчалярствам, трымае 14 вулляў. У вольны час любіць адправіцца на рыбалку ці ў лес за грыбамі. З цеплынёй расказвае пра дваіх сыноў і траіх унучак. Трэба сказаць, што знаходзіць агульную мову і падыход не толькі да родных, а і да школьнікаў. “Праводжу з імі так сказаць прафарыентацыйную работу і раю паступаць ва ўстановы МНС”, – з усмешкай гаворыць мужчына.
Ніколі не сатруцца з яго памяці 20 пажарных гадоў. 17 ж красавіка – у дзень ушанавання ветэранаў МНС – яму ў чарговы раз падзякуюць за службу сённяшнія і былыя выратавальнікі. Хаця былых не бывае: кожны з іх гатовы працягнуць руку дапамогі ў бядзе.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *