На старте непростых будней. На Ушаччине прошли районные «Зажинки»

Сельское хозяйство

Раённыя “Зажынкі” сёлета ўпершыню прымаў філіял “Маяк-Ушацкі”. Як адзначыў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, не таму, што чарга падышла – адно з самых важных і адметных для аграрыяў гадавых святаў праводзілася на базе гэтай гаспадаркі невыпадкова, бо менавіта тут чакаецца самы важкі намалот зерневых. З мінулай восені і да цяперашняга моманту работнікі раслінаводчай галіны сельгаспрадпрыемства шчыра працавалі на палетках. І вынік ёсць.

Пра гэта сведчаць лічбы – у “Маяку-Ушацкім” жніво распачалі яшчэ ў пятніцу, малацілі і ў выхадныя. “Звыш 40 цэнтнераў з гектара на асобных участках дала азімая пшаніца, – расказваў перад пачаткам святочнага абраду камбайнер Аляксандр Аляксандравіч Малахаў. – Цэнтнераў пад трыццаць – азімае жыта. Хлеб добры, цяпер справа толькі за надвор’ем, мы гатовы”. Дружнымі кіўкамі галавы і ўсмешкамі словы бацькі пацвярджаюць і маладыя прадстаўнікі слаўнай дынастыі Станіслаў і Дзмітрый. Уборачную ў гаспадарцы пачынаюць чатыры камбайны, і толькі за штурвалам аднаго – не Малахаў – працоўную канкурэнцыю ім састаўляе Уладзімір Шэдзько. Пакуль непагода перашкаджае масаваму пачатку жніва, рыхтуюць маякоўцы і пяты збожжаўборачны агрэгат.

Менавіта з-за дажджу і не прагучала сёлета звыклае “Па машынах!” Таму не спяшаліся нікуды ўдзельнікі раённага свята на полі ля Заазер’я, і прайшло яно з усімі традыцыйнымі атрыбутамі – жніўнымі песнямі народнага калектыву “Матырынская спадчына” аб зямлі-карміцельцы, гарэзлівымі танцамі ў выкананні юных мясцовых артыстаў, выступленняў іншых работнікаў культуры.

Благачынны раёна айцец Вячаслаў адслужыў малебен, блаславіў на добрую працу не толькі работнікаў “Маяка-Ушацкага” і іх тэхніку, а і хлебаробаў астатніх гаспадарак раёна, кіраўнікі якіх прысутнічалі на абрадзе. Усіх, хто мае дачыненне да працы ў полі, павіншаваў з пачаткам масавага жніва старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. Ён пажадаў камбайнерам працы без паломак, добрых намалотаў і, адпаведна, важкіх заробкаў. Шчырымі словамі вітаў гасцей гаспадар поля – кіраўнік “Маяка-Ушацкага” А.Я.Шкодзін: “У тым, што сёлета ўраджай у нас будзе лепш мінулагодняга, заслуга агульная – паляводаў і спецыялістаў прадпрыемства, райсельгасхарча, насенінспекцыі, кіраўніцтва раёна і нашай інтэграцыйнай структуры, бо дапамагаюць вырашаць праблемныя пытанні. І задача ў нас агульная – убраць хлеб у тэрміны і без страт”. Аляксандру Яўгенавічу ўручылі сімвалічны сноп новага ўраджаю, які ён з задавальненнем дэманстраваў, у тым ліку намесніку генеральнага дырэктара Полацкага камбіната хлебапрадуктаў па сельскай гаспадарцы Міхаілу Віктаравічу Максіменку.

Лідар мінулагодняга жніва С.Малахаў пад апладысменты калег павязаў сімвалічны ручнік У.Шэдзько, які сёлета першым выехаў у поле. На свяце прадстаўнічай была і дэлегацыя ААТ “Ільюшынскі”. Справа ў тым, што райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу не стаў чакаць прафесійнага свята аграрыяў, а вырашыў скарыстацца ўрачыстасцю, каб павіншаваць пераможцаў раённых спаборніцтваў на корманарыхтоўцы. А лепшымі практычна ва ўсіх намінацыях сталі менавіта ільюшынцы: Аляксандр Майсеенка – на касьбе траў, Уладзімір Лёля – на здрабненні зялёнай масы, Анатоль Усовік – на адвозцы, Дзмітрый Бурак і Віктар Буйніцкі – на прасаванні сена. А вось на яго валкаванні лідарства з першых дзён касавіцы захапіў і так нікому яго не саступіў Віктар Катлёнак з “Маяка-Ушацкага”. Старшыня райкама прафсаюзаў АПК Пётр Аляксандравіч Алексяёнак уручыў перадавікам грашовыя сертыфікаты, да віншаванняў далучылася і раённае аб’яднанне прафсаюзаў – яго кіраўнік Марыя Аляксееўна Шаўчэнка аб’явіла і аб старце раённых спаборніцтваў на жніве. Не засталася ўбаку і маладзёжная арганізацыя – у рамках акцыі “Моладзь – за ўраджай!” асобна будуць канкурыраваць маладыя камбайнеры і вадзіцелі. Тэхніка, на якой яны працуюць, будзе адзначана спецыяльным лагатыпам, які першы сакратар райкама БРСМ Рыта Хрыпель разам са Стасам Малахавым і прымацавалі на кабіну “Нью-Холанда”. Дарэчы, сёлета, за руль зернеўборачнай тэхнікі ў “Дземенцы”, “Вялікадолецкім”, “Маяку-Ушацкім” і “Глыбачанах” сядзе шасцёра работнікаў ва ўзросце да 31 года, у той час як у мінулым годзе такіх экіпажаў было толькі два.

Амаль 10,5 тысячы гектараў зерневых і зернебабовых неабходна ўбраць у гаспадарках раёна. І старт жніву дадзены ўжо не толькі сімвалічны – на момант правядзення “Зажынак” уборачную акрамя “Маяка-Ушацкага” распачалі ў “Агра-Селішчы”, “Ільюшынскім”, “Вялікадолецкім”, “Глыбачанах” і “Дземенцы”. З задзелам віншаваў аграрыяў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, які агучыў прагнозныя лічбы жніва і выканання дзяржзаказа. Свята завяршылася і пачаліся няпростыя будні, якімі стануць і ўсе выхадныя – лёгкага хлеба не бывае ніколі, з гэтым пагадзіцца любы, хто хоць раз прымаў удзел ва ўборачнай. І галоўнае зараз – не зацягваць тэрміны, бо пойдуць страты, а яны пры сённяшніх фінансавых умовах гаспадарак вельмі непажаданыя.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *