Сотрудники Ушачского РОЧС спасли людей на пожарах в Уле и Мосаре

Cлужба-101

Днямі выратавальнікі адзначалі сваё прафесійнае свята і прымалі віншаванні, але ў прайшоўшыя выхадныя ім у чарговы раз давялося праяўляць свой прафесіяналізм, а пажарныя рукавы не былі сухімі.

Як вядома, ліквідацыя надзвычайных сітуацый не мае тэрытарыяльнага падзелу і ўшацкія пажарныя выязджаюць не толькі ў межах свайго раёна, а і часта аказваюць дапамогу суседзям. Так, у пятніцу вечарам загарэўся жылы дом у Уле Бешанковіцкага раёна, і акрамя мясцовых і шумілінскіх супрацоўнікаў туды быў накіраваны і разлік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 аграгарадка Глыбачка. Камандзір аддзялення Андрэй Правада і вадзіцель Сяргей Сыс падаспелі, калі іх калегі ўжо тушылі ўзгаранне. Узброіўшыся маскамі, ушачане накіраваліся ў дом, бо стала вядома, што ўнутры знаходзяцца людзі. З моцна задымленага памяшкання яны вынеслі траіх мужчын – сына гаспадароў, якія ў той момант адсутнічалі, і двух яго гасцей. Адзін з іх, 1983 года нараджэння, нягледзячы на рэанімацыйныя дзеянні медыкаў, памёр. Па папярэдняй версіі прычынай пажару стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

А ў ноч з 19 на 20 студзеня трагедыя адбылася ўжо ў нашым раёне. У палове трэцяга выратавальнікам паступіў сігнал аб пажары дома ў вёсцы Мосар. Па прыбыцці на месца назіралася моцнае задымленне ўнутры жылля. У гэтым выпадку ў эпіцэнтр узгарання ў складзе звяна газадымаабароннай службы накіраваліся начальнік каравула Максім Дукмасаў, камандзір аддзялення Алег Крыскевіч і пажарны Дзмітрый Цюкала. Яны знайшлі ў калідоры і вынеслі на вуліцу 48-гадовую жанчыну, якая атрымала атручванне прадуктамі гарэння і разам з гаспадаром, які самастойна пакінуў памяшканне, была шпіталізавана. А вось выратаваць 26-гадовага хлопца ўжо не ўяўлялася магчымым – ён быў знойдзены ў пакоі, які гарэў, без прыкмет жыцця.

У выніку пажару ў доме пашкоджана маёмасць, закопчаны сцены і столь. Прычына здарэння высвятляецца, разглядаемая версія – зноў жа неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *