Ужо праз два тыдні ва Ушачах разгарнецца самая яркая падзея сёлетняга лета – фестываль “ЭкстрымПрарыў”. Прапануем карысную інфармацыю для тых, хто 19-20 чэрвеня плануе атрымаць на пляцоўках фэсту адрэналін і незабыўныя ўражанні.
На галоўнай лакацыі ля спарткомплексу запланаваны спаборніцтвы па эндура, сілавым экстрыме (рыхтуецца нават устанаўленне рэкорду ў адным з практыкаванняў), турніры па армрэстлінгу і змешаных баявых адзінаборствах. А яшчэ тут будуць квесты і крафтавыя гульні, фотазоны і выставы (як спартыўнай тэхнікі, так і байкерскага клуба), пракат квадрацыклаў, вялікая колькасць паказальных выступленняў, магчымасць сустрэцца з вядомымі спартсменамі і блогерамі, атракцыёны, фудкорт, канцэрты і дыскатэкі (гледачоў парадуюць не толькі хэдлайнеры “Горад-312”, а і шмат іншых груп і дзіджэяў). Дададуць уражанняў вогненнае шоу, палёты над вадой і, канечне, салют. Білеты можна набыць у касе “Юнацтва-Ушачы”, на інтэрнэт-пляцоўцы bezkassira, або на ўваходзе на галоўную лакацыю.
Далучыцца да свята экстрыму можна і бясплатна. Не патрэбны білеты на лакацыі былога аэрадрома ля вёскі Кублішчына і льнозавода (там пройдуць трофі-рэйды на квадрацыклах, RFC, грузавы трыал); ралі-спрынт (траса Рагуцкія – Пораўна, пад’езд да глядацкай зоны з боку вёскі Звонь); лакацыю на Вечаллі (водна-маторны спорт і вейкбордзінг), а таксама на плошчу Леніна (картынг і джымхана, паказальныя выступленні па дрыфце, трукі на матацыклах). Зрэшты, грошы з сабой усё ж лепш узяць, калі, напрыклад, захочацца праехаць на “дрыфт-таксі”.
Кэмпінг для гасцей фэсту будзе арганізаваны на беразе Вечалля. Кожны жадаючы зможа арандаваць тут двухмесную палатку. Забраніраваць паслугу варта ў турцэнтры Ушацкага раёна (+375 2158-5-10-01).
Прамая трансляцыя з трох лакацый фэсту будзе весціся на YouTube-канале “ЭкстримПрорыв (Фестиваль “ЭкстримПрорыв” Ушачи)”, а таксама на вялікіх экранах сцэны.
Сустрэнемся на фестывальных пляцоўках!
Падрыхтавала
Наталля БАГДАНОВІЧ.

