Свая прывабнасць ёсць, напэўна, у кожным палявым працэсе. Але відовішча таго, як шпарка бегае па скошаных сенажацях трактар з граблямі, пакідаючы за сабой шлейф успушаных зялёных валкоў, асабліва заварожвае.
У сераду на далецкіх палетках было сонечна і цёпла, але не спякотна. А калі механізатар Юрый Альбіновіч (на здымку) узяў у рукі ахапак духмянай люцэрны і прыветліва ўсміхнуўся – чэрвеньскі палявы пейзаж стаў блізкім да ідэальнага!
Хоць прыехалі мы ў гаспадарку ў самым пачатку лета, на закладку стартавай сянажнай траншэі не паспелі: першыя 400 тон зялёнкі ўжо закансервавалі ля Новага Жыцця, пасля чаго звяно корманарыхтоўшчыкаў пераехала на палі ля Царкавішча. Напярэдадні тут прайшліся касілкі Мікалая Хамёнка і Васіля Алексяёнка, забяспечыўшы фронт работ для “Беларуса” з граблямі і КВК, за штурвал якога сёлета сеў магістр палявых навук Рыгор Філімонаў. “Працэс для мяне добра знаёмы. У 2010-м атрымаў новы кормаўборачны камбайн, у кабіне якога правёў не адно лета. Гэты ж комплекс – з 9-гадовым стажам, таму перад касавіцай давялося паднавіць многія вузлы і агрэгаты, ды і на працягу змены, як бачыце, тое-сёе трэба падрэгуляваць”, – патлумачыў механізатар, які невялічкую паўзу ў чаканні адвозчыка правёў з інструментамі ў руках.
А вось і трактар Юрыя Стрыжонка да камбайна падкаціў – і паехаў зладжаны дуэт збіраць у далецкую кармавую скарбонку зялёныя тоны. Мы ж тым часам рушылі ў бок Царкавішча, каб прывітаць сціплага рупліўца Генадзя Качана. На вопыце ведаем: у час працоўнай змены “вывудзіць” яго з кабіны любімага “Амкадора” амаль нерэальна, таму проста робім фота ў працэсе з края траншэі, якую ён старанна трамбуе.

Корманарыхтоўка для вялікадолецкіх аграрыяў – працэс стратэгічны, і невыпадкова ў апошнія гады яны паказваюць тут лепшыя ў раёне вынікі. “Леташніх кармоў і для свайго пагалоўя хапіла, і на продаж засталося. Спадзяемся, што і ў гэтым сезоне спрацуем не горш”, – зазначае дырэктар гаспадаркі Антон Сафонаў. У планах вялікадальчан – нарыхтаваць 14600 тон травяных кармоў, у тым ліку 7100 – сенажу. На ўчарашнюю раніцу ў траншэі было закладзена 656 тон зялёнай масы (9,2 працэнта).
Актыўна стартавалі на касавіцы і іншыя ўшацкія сельгаспрадпрыемствы: усяго па раёне нарыхтавана 2421 тона сенажу.
Наталля БАГДАНОВІЧ.


