Роман Шопа — лучший среди молодых водителей на отвозке зерна

Образование и молодежь Сельское хозяйство

Часта прыходзіцца чуць, што сучасная моладзь абыякавая, у пошуках “лёгкага хлеба” імкнецца ў вялікія гарады і не застаецца ў родным раёне. Аднак ёсць маладыя людзі, якія сваімі дзеяннямі і працай упэўніваюць нас у адваротным. Такія, як напрыклад, Раман Шопа. Імя і прозвішча маладога вадзіцеля з ААТ “Ільюшынскі” пэўна ўжо запомнілі нашы чытачы. У самую гарачую сельскагаспадарчую пару яму даверылі вельмі адказны фронт работы – адвозку зерня на аўтамабілі МАЗ-555. І ён апраўдаў аказаны давер. З першых жа дзён жніва стаў перадавіком сярод вадзіцеляў не толькі ў межах сваёй гаспадаркі, але і ў раёне. Доўгі час ён быў абсалютным лідарам Ушаччыны, намнога абышоўшы ўжо вопытных вадзіцеляў, якія пабачылі не адно жніво. Упэўнена набліжаўся да першых у раёне 700 перавезеных тон, за якія ўручаецца Дыплом і прэмія райсельгасхарча і райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу, аднак саступіў свайму калегу з “Глыбачан”. Тым не менш, прозвішча маладога вадзіцеля за ўвесь час уборачнай кампаніі не апусцілася ніжэй другога радка раённай Дошкі гонару, зацверджанай у газеце “Патрыёт”. Раман стаў другім  тысячнікам у раёне сярод вадзіцеляў.
Штогод у час жніва праводзіцца раённае спаборніцтва і сярод маладзёжных экіпажаў камбайнаў, маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня. Сёлета на палі выйшла 5 маладзёжных экіпажаў камбайнераў, а на адвозцы задзейнічана 4 маладыя вадзіцелі. Менавіта Р.Шопа стаў пераможцам маладзёжнага спаборніцтва сярод вадзіцеляў і на сённяшні дзень ужо перавёз 1149 тон зерня.
На гэтым тыдні начальнік аддзела райвыканкама па справах моладзі Н.І.Гардзіёнак павіншавала Рамана з дастойнай перамогай у спаборніцтве, выказала ўдзячнасць за добрую працу падчас жніва, уручыла памятны падарунак і ліст-падзяку аддзела па справах моладзі. У мінулым годзе ніхто з маладых вадзіцеляў падчас жніва не змог пераадолець такую высокую планку і перавезці 1000 тон.
Пра свайго працаўніка з гонарам гаворыць кіраўніцтва “Ільюшынскага”, паважаюць калегі. З самай раніцы і да позняга вечара ён за рулём аўтамабіля, а дома ў Ільюшыне маладога чалавека чакаюць любячая жонка і маленькая дачушка.
Прыемна гаварыць пра такіх вось старанных і адказных прадстаўнікоў моладзі, якія ўносяць свой уклад у агульную справу. Ну, а Раману хочацца пажадаць працоўных поспехаў і ў далейшым!
Падарунак чакае і маладзёжны экіпаж камбайнераў, які першым намалоціць 500 тон зерня.

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *