Школу мужнасці, загартоўкі характару пачнуць праходзіць сёлетняй вясной ушацкія юнакі, якія прызываюцца на службу ва Узброеныя Сілы нашай краіны. Для іх у чацвер быў праведзены традыцыйны Дзень прызыўніка.
Нязменнае правіла – пачынаць падобную імпрэзу з ушанавання памяці герояў, якія аддалі сваё жыццё, абараняючы нашу незалежнасць. Пачэсная місія – прайсці ўздоўж шарэнгі таварышаў і ўскласці вянок да падножжа помніка загінуўшым воінам і партызанам – сёлета была даручана Уладзіславу Тарашкевічу і Арцёму Крыўцу. Пасля хвіліны маўчання прысутныя накіраваліся ў храм святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры, каб атрымаць благаславенне на службу.
Урачыстае ўручэнне павестак праходзіла ў раённым цэнтры культуры. Пра тое, што вайсковая служба – неабходная справа для сапраўдных мужчын, а армія правярае, на што кожны з хлопцаў варты, – казалі навабранцам намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў і начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Дзмітрый Заікін. Добрасумленна авалодваць ваеннай навукай і набыць у войску карысныя звычкі і ўменні жадала першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Глінская.

Павесткі ў гэты дзень атрымалі 12 юнакоў. Большасць з іх адправіцца ў вучэбны цэнтр у Барысаве. Таксама ўшацкія прадстаўнікі будуць служыць на граніцы і ў паветрана-дэсантных войсках.
Сярод будучых салдат – выпускнікі Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа Дзмітрый Змітрачэнка і Іван Круцёнак. Абодва ў лютым 2026 года пачалі працоўны шлях ва Ушацкім лясгасе. Дзмітрый, напрыклад, зазначае, што пасля службы плануе вярнуцца ў калектыў прадпрыемства і працягнуць працу ў лясной гаспадарцы. Знаходзіўся ў запасе, але пасля медагляду прызнаны годным да службы і пераведзены ў лік прызыўнікоў Дзмітрый Ярмош. Аналагічнае рашэнне прынята і адносна Арцёма Крыўца.
Асобна варта адзначыць Уладзіслава Балотніка, які меў права на адтэрміноўку, аднак свядома адмовіўся ад гэтай магчымасці і вырашыў ісці служыць разам з аднагодкамі.
Хочацца пажадаць хлопцам, каб тэрміновая служба прайшла для іх хутка і карысна, а бацькам – сустрэць іх дома ўмелымі, разважлівымі і загартаванымі.
Анастасія ПОЛАЗАВА.

