Как любовь к растениям стало делом жизни. История Екатерины Гирсёнок

Общество

К.Гірсёнак з дзесяцікласніцамі Соф’яй Палонскай і Сафіяй Волкавай.

Зялёны клас – візітоўка Арэхаўскай школы, і кожны, хто сюды ўпершыню заглядвае, не хавае захопленых эмоцый. Гэта нядзіўна: адчыняеш дзверы звычайнай аўдыторыі – і трапляеш у сапраўднае царства раслін. І такая тут чароўная атмасфера, што хочацца затрымацца даўжэй, усё ўважліва разгледзець, распытаць… Тым больш што гаспадыня “зялёных апартаментаў” – настаўнік біялогіі і геаграфіі Кацярына Гірсёнак – знойдзе што расказаць літаральна пра кожны экзэмпляр іх расліннага дэкору.

Для працягу ж аповеду дарэчы будзе ўзгадаць яшчэ адну тутэйшую “візітоўку” – працоўныя дынастыі. У гісторыі ўстановы іх столькі, што ў школьным музеі гэтай тэме прысвечаны асобны стэнд. Вось і гераіня нашага артыкула працягвае справу сваёй маці – Таццяны Міхайлаўны Жарнасек, якая на працягу доўгіх год не толькі ўрокі грамадскай працы вяла, а і даглядала “зялёную гаспадарку”.

Вялікі прышкольны ўчастак, цяпліцы, кветнікі – стараннямі Таццяны Міхайлаўны і яе памагатых усё гэта падтрымлівалася ў ідэальным парадку. У школу Каця хадзіла і па вечарах, і на канікулах – дапамагала матулі даглядаць расліны і, канечне, з дзяцінства вывучыла іх назвы і асаблівасці. Рабочыя справы ў іх сям’і заўсёды цесна перапляталіся з асабістымі, а хрызантэмы, прымулы і цюльпаны з дамашняга палісада перакачоўвалі на школьныя клумбы. Калі ж надышоў час выбіраць прафесію – дзяўчына не вагалася, а пасля заканчэння Віцебскага дзяржуніверсітэта вярнулася ў родную школу.

  • Кацярына карыстаецца аўтарытэтам у калектыве і невыпадкова менавіта ёй даручылі права ўзначаліць пярвічку “Белай Русі”, у склад якой, дарэчы, уваходзіць 25 чалавек.

Да настаўніцкай працы Кацярына ставіцца творча, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх цікавых пачынаннях. Разам са старэйшай калегай Таццянай Уладзіміраўнай Ліленка яны так удала прэзентавалі ўстанову ў рэспубліканскім праекце “Школьны сад”, што сталі яго пераможцамі і атрымалі грант на развіццё прышкольнага ўчастка. Сёлета Кацярына Міхайлаўна ўвайшла ў лік лаўрэатаў раённага конкурсу “Настаўнік года”, а мінулай восенню два яе вучні заваявалі дыпломы раённага этапа прадметнай алімпіяды па геаграфіі. Яна адказвае за рэсурсны цэнтр па экалогіі: на занятках у зялёным класе школьнікі атрымліваюць карысныя веды і навыкі. На іх рахунку – удзел у акцыях, конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях. Сёлета, напрыклад, з дзесяцікласніцай Жэняй Мялешка яны абралі тэмай даследавання RDF-паліва, якое вырабляецца са смецця, прааналізавалі плюсы і мінусы гэтай тэхналогіі, а таксама магчымую перспектыву яго вытворчасці ў нашым раёне. Для гэтага пабывалі на палігоне ля Лутава, даведаліся, як сарціруюць камунальныя адходы і куды іх адпраўляюць.

Актуальнай была і тэма, якую ў летась настаўніца і яе вучаніца Марыя Мятла абралі для абласнога конкурсу “Я пазнаю свет”. Дзяўчына наведвала гурток “Лясніцтва”, які таксама вядзе Кацярына Міхайлаўна, і іх зацікавіла пытанне: чаму пасля ўраганаў, што бушавалі ў тым ліку і ў нашым раёне, пашкоджаныя стыхіяй лясныя ўчасткі выглядаюць па-рознаму? “На ветравалах у раёне лясгаса мы ўбачылі, што большасць дрэў вырваны з каранямі, а вось у лутаўскім лесе ствалы ў асноўным абламаныя. Вывучыўшы пытанне, прыйшлі да высновы, што найперш гэта залежыць ад структуры глебы: дзе яна больш лёгкая, пясчаная – там моцы ветра хапае, каб выкарчаваць магутныя расліны”, – апісвае настаўніца сутнасць работы, якую, дарэчы, журы адзначыла дыпломам ІІ ступені.

  • У вазонах зялёнага класа можна ўбачыць і звыклыя шчупаковы хвасты, папаратнікі ды мансцеры, і яркі гіпеаструм, і нават парасткі драконавага фрукта. Толькі на тое, каб паліць усе тутэйшыя расліны і ўвільготніць іх лісты, штодня трэба каля дзвюх гадзін. Прычым, увагі гераіні аповеду чакае не толькі флора, а і фауна: чарапаха Машка, якая жыла тут яшчэ ў часы, калі яна была вучаніцай, а таксама насельнікі акварыумаў – скалярыі, сомікі, гупі, тэрнэцыі.

Трэба сказаць, што заняткі ў гуртку “Лясніцтва” падштурхнулі некаторых вучняў да выбару адпаведнай прафесіі. Зараз у Полацкім лясным каледжы, з якім, дарэчы, Кацярына Міхайлаўна плённа супрацоўнічае, навучаюцца некалькі арэхаўскіх выпускнікоў. У іх ліку, напрыклад, Лізавета Ушакова, якая адкрыла ў сабе рэпарцёрскія здольнасці і адказвае за папаўненне сайта ўстановы.

Нямала творчых талентаў і ў самой Кацярыны. Нават дзіўна, як гэтая маладая жанчына ўсё паспявае: і ў фотаконкурсах удзельнічае, і кулінарнымі шэдэўрамі мужа, сына і дачушку радуе. Сям’я ў іх, дарэчы, дружная і актыўная. У выхадныя часта выбіраюцца ў падарожжы па роднай Ушаччыне: днямі, напрыклад, пабывалі ў Замошшы – любаваліся вадаспадам і ляснымі палянамі, дзе расце сон-трава. Як калісці іх бацькі, Кацярына і яе муж з маленства вучаць сваіх дзяцей бачыць і цаніць хараство родных мясцін.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *