В детской школе искусств прошёл праздничный концерт «Пасху всей семьей встречаем»

Культура

Велікодны канцэрт сабраў у чацвер поўную залу дзіцячай школы мастацтваў. Яно і не дзіўна: гэта мерапрыемства заўсёды атрымліваецца вельмі душэўным, паглядзець на выступленні сваіх дзяцей прыходзяць родныя.

Віншаванні з нагоды галоўнага свята хрысціан адрасавалі ўшачанам намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў і благачынны Ушацкай праваслаўнай акругі іерэй Аляксандр Таляронак.

Свята было арганізавана сумеснымі намаганнямі педагогаў і вучняў ДШМ, а таксама выхаванцаў нядзельнай школы прыходу храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры. Такому супрацоўніцтву ўстановы і ўшацкай праваслаўнай царквы, бясспрэчна, паспрыяў і той факт, што выкладчыцы Ірына Коршун і Жанна Савіцкая з’яўляюцца актыўнымі прыхаджанкамі і ўдзельніцамі царкоўнага хору, квартэт якога на сцэне прадстаўлялі таксама Ганна Пашкова і іерэй Аляксандр Таляронак.

Мерапрыемства ўжо стала добрай традыцыяй, бо дазваляе аб’яднаць творчасць, духоўнасць і сямейныя каштоўнасці. Кожны нумар праграмы быў прасякнуты шчырасцю і цеплынёй, гучалі велікодныя песні, інструментальныя творы, вершы, ладзіліся невялікія сцэнічныя пастаноўкі, якія перадавалі галоўную ідэю свята – радасць ад Уваскрасення.

Анастасія Полазава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *