На мінулым тыдні ва Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў развітальны баль, галоўнымі героямі якога сталі 42 выпускнікі. Якім ён быў?
Вельмі яркім. Нават для тых, у каго на працягу 7 год перад вачыма былі чорна-белыя клавішы. Дарэчы, выпуск піяністаў аказаўся сёлета самым масавым: дырэктар Ушацкай ДШМ Наталля Іванова ўручыла пасведчанні 13 юным музыкантам.
Юбілейным. У прыватнасці – для самага вопытнага педагога ўстановы Галіны Какашынскай, для якой гэта было аж 50-е падобнае мерапрыемства! Не адна сотня дзетак прайшла за гэты час праз цярплівыя і пяшчотныя рукі гэтай выкладчыцы, і літаральна кожны пакінуў след у сэрцы: ад Ігара Полазава з першага выпуска, да сёлетніх Улады Урбан і Насці Лёлі – старанных, сціплых дзяўчынак са шматдзетных вясковых сем’яў. Не прыгадаеш адразу і тое, колькі былых вучняў Галіны Міхайлаўны абралі музыку справай жыцця – вось і зараз у Наваполацкім музычным каледжы вучацца Соня Карповіч і Саша Рубіс.
Сямейным. Гэты момант асабліва падкрэслівала Айжан Сухастаўская, якая ўзнялася на сцэну, каб падзякаваць педагогам ад імя бацькоў выпускнікоў. Праз школу прайшлі ўсе трое яе дзяцей: старэйшая Таня ўжо сама стала педагогам установы, не развітваецца з музыкай сын Жэня, а сёння пасведчанне атрымала малодшая Мілана – і сэрца матулі, канечне, напоўнілася бязмерным гонарам, калі дачка шчыра праспявала на сцэне песню пра родную Беларусь. Па прыкладзе старэйшай сястрычкі Ксюшы запісалася ў музыкалку будучая пераможца шматлікіх конкурсаў Насця Пятроўская. “Аднойчы кіраўнік фартэпіяннага аддзялення Вера Кароткая і яе калегі арганізавалі цудоўнае мерапрыемства “Сыграй на мне!” – на вынесеным у гарадскі сквер піяніна маглі выканаць музычны твор усе жадаючыя. Дачушка тады яшчэ ў садзік хадзіла, але дома з цікавасцю садзілася за інструмент, таму бадзёра сыграла “Ёлачку”. І тут жа атрымала запрашэнне паступіць на адпаведнае аддзяленне “без іспытаў”, – з усмешкай прыгадвае музычны старт дачкі мама Таццяна Пятроўская.
Задорным. Бо гэты эпітэт, напэўна, найбольш падыходзіць да музыкі, якую выконваюць выпускнікі аддзялення народных інструментаў і нашы вакалісты. Сёлета, напрыклад, атэстаты атрымалі ўмелыя баяністы Ягор Дунік, Коля Качан і Ваня Клачок, бойкія “эстрадніцы” Оля Цімафеева і Ульяна Храпавіцкая, харызматычныя “харавікі” Арцём Рэвенка і Арына Карэйша, якія прынеслі ў скарбонку школы шмат конкурсных дыпломаў. “Калі б магла, то ўсіх сваіх чатырох выпускнікоў пакінула б на другі год!”, – настальгічна жартавала выкладчык Галіна Хвошч. Хочацца таксама адзначыць, што выдатна справіліся з роляй вядучых развітальнай імпрэзы Яўген Дунік і Даша Макарава.
Кранальным. Гэтае пачуцце выклікала выстава выпускнікоў мастацкага аддзялення. Адна з самых яркіх яго зорачак – Арцём Пашута – за гады вучобы выканаў шмат работ, але сваёй любімай назваў “Маленькага прынца” – і трэба сказаць, што малюнак у яго атрымаўся не менш пранікнёным, чым сам літаратурны твор…
Гэтыя работы, як і матывы мелодый, назаўсёды захаваюць памяць пра гады, прысвечаныя развіццю іх талентаў. Канечне, яны не былі дарэмнымі! А ў “музыкалку” тым часам за ручку з татамі і мамамі нясмела прыходзяць будучыя першакласнікі – творчасць ніколі не спыняецца!
Наталля БАГДАНОВІЧ.