У Лепелі прайшоў адкрыты конкурс ансамблевых калектываў “Сугучча”, удзел у якім прынялі юныя інструменталісты з Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў.
Нядаўна мы расказвалі пра поспехі дуэта цымбалістаў у складзе Ані Бехавай і Косці Сіманава. Гэты творчы тандэм склаўся толькі ў бягучым навучальным годзе, але ўжо здабыў некалькі конкурсных узнагарод і з кожным разам выглядае ўсё больш упэўнена. Два месяцы, што прайшлі з мінулага выступлення, юныя музыканты пад кіраўніцтвам педагога Ірыны Коршун нястомна адточвалі і ўдасканальвалі свае нумары – і старанныя рэпетыцыі далі плён. На лепельскай сцэне ўшачане выглядалі натхнёнымі, артыстычнымі і зладжанымі. Дапамагла ім у падачы нумароў канцэртмайстар Наталля Сісковіч. Журы было настолькі ўражана, што прысудзіла Ані і Косці Гран-пры! Трэба сказаць, што канкурэнцыя была вялікай: за перамогу змагалася паўсотні вакальных і інструментальных ансамбляў з розных гарадоў вобласці і нават з Мінска, тым не менш, абсалютна лепшым аказаўся ўшацкі дуэт!
Дыплом лаўрэатаў III ступені здабылі ў Лепелі юныя гітарысты Арсеній Алексяёнак і Яраслаў Уліновіч – парадавалі свайго настаўніка Генадзя Савіцкага і ўсіх, хто за іх перажываў. Дастойна прадставілі нашу школу мастацтваў і дуэты баяністаў – выхаванцы Алесі Анціпавай Іван Клачок і Мікалай Качан, Мікіта Волах і Назар Сакалоў.
Хочацца прыгадаць і ўдалы дэбют цымбалісткі Леры Харак, якая асвойвае інструмент пад кіраўніцтвам педагога Наталлі Тарасенкі. Нядаўна дзяўчынка стала лаўрэатам ІІ ступені Міжнароднага конкурсу выканаўчых мастацтваў “Таленты новага веку”, у якім удзельнічала ў анлайн фармаце. Яе нумары аздабляла канцэртмайстар Ганна Панушкіна.
Наталля БАГДАНОВІЧ.