В сельхозпредприятиях Ушачского района проходит техосмотр техники

Сельское хозяйство

Адпаведна зацверджанаму рашэннем райвыканкама графіку, тэхніка прадпрыемстваў раёна сёлета павінна прайсці дзяржаўны тэхагляд у перыяд з 1 па 15 сакавіка.

Хоць “Сафійскія дары” значыліся ў раскладзе першымі, але ў стартавы дзень вясны іх мехдвор быў густа застаўлены гатовай да агляду тэхнікай. Трэба, канечне, улічыць, што ў гаспадарцы ёсць вялікі ангар з ацяпленнем, дзе можна перабраць вузлы і пафарбаваць дэталі трактароў, і нават мыйка высокага ціску з магчымасцю падагравання вады. Аднак станоўчы вынік залежыць не толькі ад умоў, а і ад арганізацыі работ, і тут трэба аддаць належнае кіраўніку гаспадаркі Гурамі Гівіевічу Буркенадзэ, які асабіста вырашаў пытанні па запчастках, галоўнаму інжынеру Дзмітрыю Сяргеевічу Ладзіку і старанным механізатарам, многія з якіх датэрмінова выйшлі з водпускаў, каб падрыхтаваць да візіту камісіі замацаваныя адзінкі.

Да слова, як мы ўжо згадвалі раней, раён пачынае сезон з вялікім кадравым дэфіцытам – так, інжынер на цяперашні момант маецца толькі ў “Сафійскіх дарах”, а ў некаторых гаспадарках няма нават начальнікаў рамонтных майстэрняў, на 6 чалавек у параўнанні з леташнім паменела і механізатарская армія. І, канечне, гэта абцяжарвае справу, як і тое, што тэхагляд сёлета стартаваў рана, а вясна пакуль мала адрозніваецца ад зімы. Тым не менш, руплівыя працаўнікі шукаюць выйсце: у “Агра-Селішчы”, напрыклад, каб прасушыць трактары пасля афарбоўкі, у гаражы ўключаюць цеплавую пушку.

У тых жа, хто бачыць, што не ўкладаецца ў тэрмін, ёсць магчымасць перанесці дзень агляду: трэба толькі праінфармаваць камісію. Так, прынамсі, зрабіла кіраўніцтва “Ільюшынскага” і “Глыбачан”, якім пайшлі насустрач і прызначылі новыя даты.

А вось у “Вялікадолецкім” пра гэта чамусьці не паклапаціліся: ці то пераацанілі свае магчымасці, ці проста “рукі не дайшлі” – аднак у аўторак, калі на мехдвор прыбылі члены камісіі, тут, як кажуць, конь не валяўся – да агляду быў гатовы хіба што новенькі “Амкадор”, атрыманы па леташнім прэзідэнцкім распараджэнні аб дапамозе неплацежаздольным прадпрыемствам.

“Мне толькі ўчора вечарам сказалі, што вы сёння да нас прыедзеце, я б яшчэ тое-сёе ў трактары падрэгуляваў”, – сустрэўшы нас ля варот, разгублена паціскаў плячыма адзін з тутэйшых механізатараў. Між тым, па словах галоўнага інспектара па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Сяргея Мікалаевіча Качана, дырэктар прадпрыемства Антон Уладзіміравіч Сафонаў быў папярэджаны пра візіт камісіі за месяц, адпаведны графік даслалі ўсім гаспадаркам. Малады ж начальнік майстэрняў, які прыбыў у КУСГП пасля заканчэння Лепельскага каледжа паўгода таму, не мог толкам патлумачыць, чаму да тэхагляду не гатовы ні дакументы, ні тэхніка…

Такім чынам, давялося камісіі разварочвацца і ехаць назад. Для праходжання агляду гаспадарцы вылучылі новую дату, і хочацца спадзявацца, што тутэйшыя работнікі (а ў іх стараннасці і прафесіяналізме ніхто не сумняваецца) прыкладуць усе намаганні, каб у наступны раз годна “прэзентаваць” свой машынна-трактарны парк – дарэчы, адзін з самых вялікіх у раёне.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *