“Можаце не тэлефанаваць: Дар’я Іванаўна заўсёды дома”, – тлумачыла старшыня Кубліцкага сельвыканкама, характарызуючы сёлетняга кандыдата на лепшы ветэранскі падворак. “Убачыце на агародзе ці ў палісадзе”, – падказаў напрамак аднавясковец. І сапраўды, на пазначанай сядзібе мы сустрэлі абаяльную жанчыну, з якой раней неаднойчы бачыліся на ферме ў Забалацці. Д.І.Атрашкевіч 23 гады адпрацавала даяркай і лічыць гэты занятак самым лагодным для душы.
“Мама кароў даіла, бабуля, таму калі я выйшла замуж у Гушчынскую Слабодку і апынулася ў паляводчай брыгадзе, сумавала. Вельмі люблю жывёлу, а калі аказалася, што няма каму даіць, узрадавалася – любімай справай буду займацца, ды і ў родную вёску, бліжэй да фермы, перабраліся”, – коратка знаёміла з працоўнай біяграфіяй жанчына, і крыху дзіўна было чуць гэта ад чалавека, які за кожнай раслінай сочыць як за дзіцем.
На мінулым тыдні, напрыклад, яна ахвяравала сваімі справамі ў райцэнтры і спяшалася дамоў, каб уратаваць ад дажджу петуніі. Усё ж крыху не паспела – моцны вецер патрапаў іх. Гаспадыня паказвае схаваныя ў зацішак вазоны і працягвае экскурсію па падворку: “Вяргіні як старадаўнія, высокія, так і ніжэйшыя – “вясёлыя рабяткі” – вельмі падабаюцца. Браткоў (анюціны глазкі) спецыяльна ля ўваходу высадзілі – доўга цвітуць і завяршаюць “алею” з нарцысаў і цюльпанаў. Турэцкія гваздзікі, званочкі, мальва, астра, елачка, хрызантэмы, півоні, календула-самасейка… Рана вы прыехалі, пазней тут сапраўды будзе разнаквецце”.
Аднак нават зараз, у час вясенне-летняй “перазменкі” ля дома праглядаецца цэльнасць як кветкавай кампазіцыі, так і ўвогуле садовага дызайну. Ад брамкі каляровую дарожку з пліткі суправаджаюць даўгія клумбы з сонечнымі свяцільнікамі. Пад вокнамі – высокія мнагалетнікі, на ганку – кветкі ў кашпо, а насупраць яго – грунтоўная зона адпачынку: лаўкі і стол, на якім таксама стаяць вазоны, “агорнуты” спіламі з вялізнага дуба, з яго ж зроблены і ўсе драўляныя канструкцыі, а таксама ганак. “Дрэва расло ля дома бабулі, зяць з дачкой палічылі недапушчальным пускаць такі гігант на дровы і асілілі распілоўку, – расказвае Дар’я Іванаўна і падкрэслівае, што без іх дапамогі тут не было б так прыгожа. – Амаль кожныя выхадныя прыязджаюць. Кусты руж, падсветка, розныя навінкі – справа рук маёй Ларысы, як і парнікі. Зяць тэрыторыі абкошвае і наогул за гаспадара, якога не стала 7 год таму. Усё ўмеў і ўсё ладна, да толку даводзіў”.
А вось сваю ролю Дар’я Іванаўна яўна прымяншае, хаця з той катэгорыі людзей, для якіх абсалютны парадак – настолькі ж звыклы стан, як дыханне. У зарасніку маліны не знойдзеш сухой галінкі, градкі – без травінкі. Асабліва ж уразіла морква. На зямлі выразна праглядаліся яшчэ зусім нізенькія радкі, сярод якіх не было ніводнага парастку пустазелля. Дар’я ж Іванаўна ўдакладніла: “Проста не даю траве падняцца. Матуля нас заўсёды вучыла – недаспі, недаеш, а ў доме, і асабліва звонку, каб узорна было. Па-бацькоўскіх законах і жывём. Выключна ўсе любяць разводзіць кветкі, дзелімся адна з адной, а Наташа Рафановіч з гарпасёлка, мы з ёй двайняты, штодня цікавіцца, што расцвіло і чым падкормліваю. Пра яе прыгожую сядзібу па вуліцы Горкага “Патрыёт”, дарэчы, пісаў”.
Страта мужа хоць вельмі моцна “падкасіла” Дар’ю Іванаўну, але ўсё ж прымусіла асвоіць яшчэ і мужчынскія абавязкі. Яна не чакае, калі прыедуць памочнікі, і ў свае 79 бярэ ў рукі касу, а дзе з ёй нязручна разгарнуцца, выручае серп. Усе градкі абаронены ад катоў сухімі лапкамі, ад кратоў – вяртушкамі, міжрадкоўе з ужо налітымі клубніцамі закладзена сухой травой. Такі ж парадак і ў доме, пакоі якога завешаны вышыванкамі. Крыжыкам, гладдзю навучылася ад маці і дочкам уменне перадала, ну ад іх прыйшло захапленне алмазнай мазаікай. Экскурсію па пакоях, сёлета добраўпарадкаваных электраацяпленнем, Дар’я Іванаўна рабіла, спыняючыся ля кожнага фотаздымка: “Вось вяселле ўнучкі, а тут унук яшчэ маленькі, зараз ён кінолаг. Вялікая радня ў нас. Ды і суседзі ў мяне не горш за сваякоў. Алена Полазава лекі пастаянна прывозіць, ціск вымярае, Алёнка Данілёнак за гаспадаркай прыглядала, калі я адсутнічала. Лёня Скачыха мотаблокам зямлю заўсёды падрыхтуе да сяўбы. Хоць дзяўчаты і не жывуць тут пастаянна, аднак Бацькаўшчыну не кідаюць. Асаблівая лагода ў нашым Забалацці”.
Вольга КАРАЛЕНКА.



