Атлантычны цыклон “Фрэнсіс-Улі” накрыў усю краіну. Спачатку інтэнсіўныя ападкі ў выглядзе моцнага снегападу з парывістым ветрам у чацвер абрушыліся на паўднёвыя і ўсходнія вобласці, сталіцу, а ў ноч з чацвярга на пятніцу стыхія пачала бушаваць на Віцебшчыне
Пытанне рэагавання на складаныя ўмовы надвор’я разгледжана на пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Ушацкім райвыканкаме. Тэма знаходзіцца на асабістым кантролі старшыні райвыканкама.
Тэхніка камунальнай і дарожных службаў пераведзена на ўзмоцнены рэжым работы. Асноўная ўвага – расчыстцы транспартных ліній як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці.
На расчыстцы пры неабходнасці будзе задзейнічвацца і спецтэхніка прамысловых прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых арганізацый раёна.
Не паркуйце свае машыны ля абочын, каб даць магчымасць тэхніцы правесці ўборку. Нагадаем, што аўтаўладальнікі абавязаны расчысціць сваё парковачнае месца ў двары.
Энергетыкі ў гэтыя дні таксама перайшлі ў рэжым павышанай гатоўнасці. У выпадку выяўлення пашкоджанняў у электрасетках або парушэнняў у электразабеспячэнні варта паведамляць па кароткім нумары аварыйнай службы 115.
ДАІ заклікае быць максімальна асцярожнымі на дарогах пешаходаў і вадзіцеляў, а пры магчымасці і зусім адмовіцца ад паездак.
Валанцёры БРСМ аказваюць дапамогу па расчыстцы снегу адзінокім пажылым грамадзянам і інвалідам.
Пасля снегападу прагназуюцца моцныя маразы, выратавальнікі рэкамендуюць тапіць печ у такім разе два-тры разы на дзень не больш чым па паўтары гадзіны, каб пазбегнуць яе перагрэву. Паленне спыняйце не менш чым за 2 гадзіны да сну.
Беларусы па ўсёй краіне паказваюць зладжанасць і ў інтэрнэце дэманструюць, як даюць адпор снежнай стыхіі. Расчысцім свае дваровыя тэрыторыі, а таксама акажам дапамогу тым, хто не можа сам прыбраць снег паблізу асабістых домаўладанняў.
Вольга КАМАРКОВА.
Фота Анастасіі ПОЛАЗАВАЙ.

