Гэтыя дні асаблівыя для работнікаў лясгаса: яны адзначаюць не толькі прафесійнае свята, а і юбілей прадпрыемства. У 1936-м было арганізавана Беларускае ўпраўленне лясной аховы і лесанасаджэнняў, у тым жа годзе створаны Ушацкі лясгас, які займаў плошчу 29779 гектараў.
У яго склад спачатку ўваходзіла 4 лясніцтвы: Глыбачанскае, Плінскае, Ушацкае і Вялікадолецкае. Канчаткова сучасная структура склалася ў студзені 2000 года, калі ўтворана 7 лясніцтваў. Зараз плошча лясгаса складае 73,5 тысячы гектараў, з іх больш за 65 – пакрытая лесам.
За 90 гадоў у гісторыі былі розныя перыяды, але нязменным заставалася галоўнае – людзі. Згуртаваны, працавіты калектыў ва ўсе часы быў апорай прадпрыемства і нязменна імкнуўся да дасягнення лепшых вынікаў. Сёння ў лясгасе працуюць 324 чалавекі.
Прыклад для ўсіх калег
Стабільна працуюць усе 7 лясніцтваў лясгаса, а прыкладам для ўсіх з’яўляецца Касарское. Сёлета пра гэта падраздзяленне і яго кіраўніка даведаліся ўсе ў рэспубліцы! Мікалай Рахманенка стаў лепшым ляснічым у краіне, а таму ва ўшацкую глыбінку зачасцілі журналісты, каб расказаць усім пра стараннага прадстаўніка працоўнай дынастыі. Ну а сам ляснічы падкрэслівае, што яго перамога – плён дзейнасці ўсяго калектыву, бо падчас падвядзення вынікаў конкурсу ўлічваліся гадавыя паказчыкі, а гэта камандная работа. Высока ацэнена і праца памочніка ляснічага: да прафесійнага свята Вольга Рахманенка ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі.
Расцяць новыя кварталы
Больш за 78 гектараў новага лесу сёлета закладзена лясгасам, а яшчэ ў гэтым сезоне дапоўнена 165 гектараў лясных культур. Пасадка лесу з’яўляецца адным з асноўных накірункаў дзейнасці аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення. А перш чым пасадзіць, трэба паклапаціцца пра якаснае насенне.
“Часам даводзіцца чуць, што шмат высякаецца лесу. Насамрэч гэта зусім не так, утрымліваецца неабходны баланс: на якой плошчы ён высякаецца, столькі ж пасля і аднаўляецца”, – заўважае начальнік аддзела Аляксандр Цішкоў.
У зоне адказнасці гэтых спецыялістаў і нарыхтоўкі. Так, напрыклад, сёлетні год стаў даволі ўраджайным на мёд. Асобна варта адзначыць пчаляра Сямёна Пятніцу – дзякуючы яго старанням Ушацкі лясгас можа пахваліцца адпаведным накірункам дзейнасці. Нязменным попытам карыстаецца бярозавы сок, лідарам па яго рэалізацыі традыцыйна становіцца Ушацкае лясніцтва. Вялікі запыт ёсць і на венікі для лазні – якасныя і адначасова танныя яны хутка разыходзяцца на кірмашах.
Мільёны саджанцаў
Толькі ўявіце, што за мінулы год у лесапітомніку лясгаса вырашчана 3941,62 тысячы штук пасадачнага матэрыялу. Закладзены ў 1987 годзе, пітомнік займае плошчу ў 12,3 гектара, 10,5 з якіх – вытворчая частка. У ім вырошчваецца 8 відаў асноўных лесаўтваральных парод і больш 30 дэкаратыўнага пасадачнага матэрыялу. Падрыхтоўка саджанцаў да “пераезду” ў лес займае ад аднаго да пяці гадоў. Да слова, пітомнік кожны год поўнасцю забяспечвае ўласную патрэбу лясгаса ў саджанцах. Пастаянна тут працуе 4 чалавекі на чале с Сяргеем Машчонкам, у цёплы час да іх далучаюцца сезонныя працаўнікі, а таксама памочнікі са студатрадаў.
Берагуць лес ад хвароб і пажараў
Мала пасадзіць лес – трэба яго даглядаць і ахоўваць. Лесапаталагічны стан фонду залежыць ад многіх фактараў – ветру, тэмпературы, узроўню грунтовых вод і іншага. Аслабленыя дрэвы могуць засяліць шкоднікі. Пастаянна праводзяцца агляды і даследаванні, а для паляпшэння стану насаджэнняў – санітарныя рубкі.
“Абараняць лес трэба і ад пажараў, сёлетні год выдаўся нялёгкім – не раз уводзіліся абмежаванні і забароны на наведванне лесу, а мы працавалі ва ўзмоцненым рэжыме, – расказвае інжынер па ахове лесу Данііл Пазняк.
Падчас двух лясных пажараў знішчана некалькі гектараў насаджэнняў. Але не толькі ад узгаранняў і лясных шкоднікаў даводзіцца ахоўваць зялёнае багацце раёна – наносіць яму шкоду і насельніцтва незаконнымі высечкамі, утварэннем сметнікаў. На папярэджанне такіх фактаў былі накіраваны больш сотні сёлетніх рэйдаў, на дапамогу ў гэтым плане прыходзяць сучасныя тэхналогіі, некалькі парушальнікаў сёлета трапілі ў аб’ектыў фотапастак.
Развіваюць дрэваапрацоўку
Лес, як і чалавек, мае свой узрост, спеласць, пры дасягненні якой адбываецца страта лесаўтваральных функцый і таварнай якасці. Гэта працэс натуральнага старэння, а таму зразумела, што пастаянна вядуцца высечкі. Штодня на дзялянках шчыруюць як вальшчыкі, так і высокапрадукцыйная тэхніка. Нарыхтоўку, перапрацоўку, збыт прадукцыі курыруе прамысловы аддзел, які нядаўна ўзначаліў Андрэй Дзмітрыеў.
Літаральна не змаўкае гул станкоў у дрэваапрацоўчым цэху у Градзянцы, а яго штат павялічыўся да 78 чалавек. Штомесяц сюды паступае не менш за 2800 кубаметраў драўніны, вырабляецца ад 1100 кубаметраў піламатэрыялаў.
Ушачане – у ліку лідараў сярод прадпрыемстваў галіны па вытворчасці домакамплектаў. Асвоіўшы за апошнія гады тэхналогію, пераканаліся, што гэта перспектыўны напрамак: драўляныя дамы запатрабаваныя, попыт на зрубы расце, а таму нядаўна ўведзена ў строй дадатковая лінія ацыліндроўкі, аб’ём вытворчасці істотна павялічыўся. Тым часам у лісце чакання на пастаўку домакамплектаў – дзясяткі заказаў.
Каб не падводзіла тэхніка
Сярод усіх арганізацый раёна лясгас мае самы буйны аўтапарк, у якім больш за 100 адзінак тэхнікі – ад легкавых аўто да магутных харвестараў і фарвардараў. Клопат пра тое, каб усё гэта спраўна выходзіла на аб’екты, ускладзены на работнікаў рамонтна-механічнага ўчастка на чале з галоўным механікам Сяргеем Пацэйкам. Дружнай камандай тут шчыруе 18 старанных і ўмелых працаўнікоў – механікі і слесары, зваршчыкі і токары. Адна з галоўных задач – не дапускаць прастояў шматаперацыйнай тэхнікі. Як вядома, вытворчы працэс у той жа лесанарыхтоўцы арганізаваны ў дзве змены і без выхадных – па адпаведным графіку працуюць і рамонтнікі. Пры гэтым усе спецыялісты гатовы выехаць на любы аб’ект, у тым ліку за межы раёна. Зараз, напрыклад, ушачане аказаваюць дапамогу Бягомльскаму лясгасу ў распрацоўцы ветравалаў.
Не забываюць сваіх ветэранаў
На прадпрыемстве захоўваюць гісторыю і памятаюць усіх, хто за гэтыя гады ўнёс уклад у развіццё. У архіве захоўваюцца здымкі 70-80-х, калі лясгасам кіраваў заслужаны лесавод БССР Мікалай Дарафеевіч Бабаедаў. Менавіта ў гэты час інтэнсіўна вялася механізацыя вытворчых працэсаў, нарошчванне тэхнічнай базы. Значны ўклад у развіццё прадпрыемства ўнёс Аляксандр Паўлавіч Рудасаў, які быў дырэктарам у 1997-2013-х, атрымаў званне ганаровага лесавода Рэспублікі Беларусь. У лясгасе памятаюць не толькі кіраўнікоў. Знакавымі фігурамі для калектыву сталі многія яго работнікі. Зараз ветэранамі працы з’яўляюцца 96 чалавек, 76 з іх прысвяцілі прадпрыемству 10 і больш гадоў. Усе яны да юбілейнай даты атрымалі віншаванні.
Праца кожнага патрэбная!
“Кожнаму работніку без выключэння дзякую за прафесіяналізм і старанні. Праца вялікай часткі калектыву навідавоку, з’яўляецца асновай для вытворчых паказчыкаў, але ёсць і тыя, чыя справа на першы погляд здаецца непрыкметнай, але яна вельмі важная і патрэбная – гэта спецыялісты па ахове працы, кадравікі, юрысты, энергетыкі, будаўнікі, не абысціся нам без звяна эканамістаў і бухгалтараў. А ўсе разам мы – згуртаваная каманда”, – адзначае дырэктар прадпрыемства Аляксей Мікалаевіч Апёнак.
Дарэчы, прафесійнае свята сёлета супадае з юбілеем галоўнага бухгалтара Святланы Сцяпанаўны Драгун, чалавека вельмі адказнага і вопытнага – з 1993-га яе працоўная дзейнасць непарыўна звязана з лясгасам.
Апісаць няпростую справу кожнага і вылучыць лепшых гэтым артыкулам немагчыма. Адно можна сказаць дакладна: усе стараюцца і шчыруюць, каб новая старонка гісторыі была адметнай, прадукцыйнай, запамінальнай.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.


