Ушачское райпо стало филиалом Витебского облпотребобщества. В чём суть реорганизации — читайте в нашем материале

Торговля

З пачатку года ў Белкаапсаюзе праходзіць рэарганізацыя. Замест раённых спажывецкіх таварыстваў утвараюцца філіялы. У Віцебскай вобласці іх пакуль тры – Пастаўскі, Лепельскі і Ушацкі, якія абслугоўваюць па некалькі раёнаў. Другі этап аб’яднання пройдзе ў сакавіку. Прынцып абрання пэўнага “райпо” цэнтрам філіяла зусім не геаграфічны: мы з Лепелем – суседзі. Менавіта на мацнейшыя таварыствы кладзецца дадатковая нагрузка. Што змянілася для работнікаў нашай гандлёвай арганізацыі, пра перавагі і мінусы новай сістэмы мы гутарылі з дырэктарам філіяла Л.А.ДОЛГАЙ.

– Лілія Альбінаўна, у чым асноўныя змены?

– Усе дагаворныя адносіны з пастаўшчыкамі і разлікі з імі ажыццяўляе Віцебскае абласное спажыўтаварыства. Зразумела, што гэта намнога большыя аб’ёмы, таму спадзяёмся на больш выгадныя цэны і тэрміны разлікаў. У нас жа перш за ўсё павялічылася зона абслугоўвання. Калі два папярэднія гады мы гандлявалі на тэрыторыі Ушацкага і часткова Глыбоцкага, Полацкага, Міёрскага, Шумілінскага раёнаў, то цяпер цалкам далучыўся Расонскі і амаль увесь Полацкі. Мы прымаем магазіны, склады, людзей, тэхніку, наладжваем лагістыку паставак. Як і любы пераходны этап, гэты – таксама вельмі складаны. І не толькі ў арганізацыйных момантах, якіх шмат, але і таму, што аб’екты і тэхніку мы ці бяром у арэнду, ці выкупляем.

– Колькі зараз гандлёвых кропак на абслугоўванні Ушацкага філіяла?

– На сённяшні дзень 115 магазінаў, 21 аўтакрама, 25 аб’ектаў грамадскага харчавання і ўжо больш 700 работнікаў, хаця апошняя лічба рухомая. Зразумела, што прымаем абсталяванне і пабудовы не ў лепшым выглядзе. Напрыклад, 9 аўтамагазінаў, хлебавоз, 2 грузавыя аўтамабілі і “Газель” – тое, што было на колах у Полацкім райспажыўтаварыстве, рамонтаў не бачыла даўно. Таму ўкладаем у мадэрнізацыю і набываем новую тэхніку: адну аўтакраму, атрыманую ў канцы года, перадалі на полацкую зону, другую пакінулі ў нас. Усё гэта за ўласныя сродкі. Наогул, за 2019 год у капітальныя ўкладанні намі інвесціравана 550 тысяч рублёў, з іх 100 атрымалі з фонду інавацыйнага развіцця Белкаапсаюза на набыццё новай печы на хлебазавод.

– Зона абслугоўвання вельмі вялікая, штат жа пераважна ўшацкі. Якім чынам ажыццяўляецца кантроль за работай магазінаў у іншых раёнах?

– У нас замацаваны таваразнаўцы за кожнай зонай, а ў самым аддаленым Расонскім раёне створаны ўчастак, які ўзначальвае былы кіраўнік мясцовага райспажыўтаварыства. Мая калега павінна вырашаць на месцы ўсе гаспадарчыя пытанні. Зразумела, што часта выязджаюць на тэрыторыю раёнаў, якія абслугоўваем, мае намеснікі і спецыялісты. Напрыклад, работнікам з Расон не давялося ехаць ва Ушачы – іх прымалі на работу ў філіял там. Захаваліся мясцовыя спецыялісты на полацкіх размеркавальных складах, работнікі ўсіх аўтамагазінаў, што працавалі ў Полацкім таварыстве.

– Загрузка таварам усіх гандлёвых кропак адбываецца ва Ушачах?

– Не, у нас адпаведна заявак напаўняюцца таварам 8 аўтакрам і нашы магазіны Ушацкага, Глыбоцкага, Міёрскага раёнаў. Практычна ўся полацкая зона – са сваіх складоў – як магазіны, так і аўтакрамы. Акрамя таго па буйных кропках малочныя і каўбасныя вырабы паступаюць непасрэдна з заводаў.

На тэрыторыі іншых раёнаў вы працуеце не першы год. Не пашкадавалі, што некалі пагадзіліся ўзяць на абслугоўванне “пустыя прычэпы”?

– У тым, што мы пачалі гандляваць у блізкіх да нас зонах Полацкага, Міёрскага і Глыбоцкага раёнаў, толькі выйгралі. Вынікі мінулага года сведчаць пра тавараабарот на ўзроўні 114,3 працэнта адносна 2018-га. Аднак гэта блізкія раёны, дзе адпрацавана лагістыка паставак. І самае галоўнае, там ёсць пакупніцкая здольнасць, а магазіны сапраўды былі пустымі. Мясцовыя жыхары не маглі нарадавацца асартыменту – шчыра дзякавалі тады і задаволены зараз. Для нас выгада ў тым, што такім чынам мы “дабіралі” частку сродкаў, што ва Ушачах у нас аднялі канкурэнты. Яшчэ адзін плюс – пастаўляем туды і ўласную прадукцыю: хлебазавода, мяснога, кандытарскага цэхаў, а таксама па разліве напіткаў. І ў цэлым спрацавалі рэнтабельна, з прыбыткам. Расонскі раён – іншая справа, там магазіны былі насычаны таварамі, а адносна мінулага года назіраем падзенне абароту ледзь не на палову. Трэба вывучаць, разбірацца. Далучэнне практычна ўсяго Полацкага раёна прывяло да змен маршрутаў, якія яшчэ ўдасканальваюцца. Вывучаем хранаметраж працоўнага часу, каб ураўняць нагрузку, якая зараз самая вялікая ў полацкіх вадзіцеляў-прадаўцоў – да 190 кіламетраў.

Колькі філіял абслугоўвае зараз вёсак і ці зачынілі якія-небудзь магазіны?

– За гэтыя два гады закрылі толькі два. Гэта гібкі працэс, зразумела, назіраем за выручкай, абмяркоўваем з людзьмі і сельвыканкамамі і пераводзім некаторыя вёскі на гандаль праз аўтакрамы – як і па нашым раёне – усяго аб’язджаем пад тысячу вёсак. Таксама адкрывалі на летні час “Гаспадарчыя тавары” ў Блізніцы Полацкага раёна і не ўбачылі ў гэтым мэтазгоднасці – нізкі тавараабарот, як і ў адным кафэ. З новымі зонамі пакуль знаёмімся. Наогул стварэнне філіяла – гэта не проста пашырэнне абслугоўвання, а і іншая сістэма гаспадарання, таму пакуль рана рабіць вывады. Задача адна – выстаяць у нарастаючай канкурэнцыі.

Гутарыла Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *