Да юбілейнага 35-га Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, які пройдзе з 14 па 20 ліпеня, засталося 29 дзён. У чаканні маштабнага мерапрыемства сабралі цікавыя факты з гісторыі і падрыхтоўкі да сёлетняга фэсту.
- На “Славянскім базары ў Віцебску” чакаецца рэкордная колькасць удзельнікаў – звыш 7 тысяч больш чым з 40 краін свету. Усяго ж за 34 гады на фестывальных флагштоках падымаліся сцягі 80 дзяржаў з усіх пяці кантынентаў.
- Яшчэ адзін рэкорд: білеты на канцэрт урачыстага адкрыцця фестывалю былі раскупленыя ў першы дзень продажу.
- 18 ліпеня 1992 года ў 22.00 у Летнім амфітэатры адбылося ўрачыстае адкрыццё першага Міжнароднага музычнага фестывалю “Славянскі базар”. Тады ён называўся менавіта так і сабраў у Віцебску больш за 1000 удзельнікаў і гасцей.
- У 1995-м Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы фестываль мастацтваў у Віцебску, заявіў перапоўненай зале Летняга амфітэатра і мільёнам тэлегледачоў, што ён і ўрад Беларусі з гэтага часу бяруць “Славянскі базар” пад свой патранат. Аляксандру Лукашэнку быў уручаны ганаровы знак №1 фестывалю – тым самым быў адзначаны яго вялікі асабісты ўклад у справу развіцця і падтрымкі “Славянскага базару”. Кіраўнік дзяржавы па традыцыі адкрывае кожны фестываль.
- У 2001 годзе Віцебск сустракаў прэзідэнтаў Беларусі, Расіі і Украіны – Аляксандра Лукашэнку, Уладзіміра Пуціна і Леаніда Кучму.
- У 2005 годзе была заснавана спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення”. Яна штогод уручаецца дзеячам культуры і мастацтва, творчым калектывам, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, прапаганду дасягненняў і ўзораў мастацкай культуры. У 2009-м побач з Летнім амфітэатрам урачыста адкрыта плошча лаўрэатаў гэтай узнагароды. Зусім хутка на ёй заззяе 22-я зорка.
- У 1996 годзе фестываль упершыню транслірваўся па спадарожнікавым тэлебачанні. А цяпер “Славянскі базар” можна ўбачыць адразу па некалькіх тэлеканалах Беларусі і Расіі, а таксама анлайн-трансляцыях па ўсім свеце.
- Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні праводзіцца пачынаючы з першага фестывалю. На дэбютным конкурсе журы прыняло рашэнне не прысуджаць галоўны прыз.
- Першага Гран-пры ўдастоілася ў 1993 годзе Таісія Павалій. Самую першую “судзейскую калегію” ў Віцебску ўзначальваў Уладзімір Мулявін.
- Фестываль унутры фестывалю – фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. Праект аб’ядноўвае мастакоў, музыкаў, паэтаў, танцораў, акцёраў і фаершчыкаў. Упершыню прайшоў у 2015 годзе і сабраў больш за 300 удзельнікаў. А ў гэтым іх будзе больш 1000.
- У 1996 годзе ў гонар “Славянскага базару” назвалі адно з сузор’яў. Яно складаецца з 13 зорак, якім прысвоены імёны славянскіх краін-удзельніц форуму: Беларусь, Расія, Украіна, Польшча, Чэхія, Славакія, Балгарыя, Сербія, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Боснія і Герцагавіна, Харватыя, Славенія.
- Сёлета ў Летнім амфітэатры ўстаноўлены новыя крэслы, пры гэтым колькасць месцаў не зменшылася. Пляцоўка па-ранейшаму гатова прыняць больш за 6 тысяч гледачоў.
- Распрацавана сістэма складных крэслаў: пры пад’ёме гледача сядзенне аўтаматычна складваецца, прычым робіцца гэта максімальна бясшумна, каб не перашкаджаць гледачам на суседніх месцах.
- У цэнтры паўночнай сталіцы ўстанавілі нават спецыяльны арт-аб’ект “Фестывальны каляндар. Зваротны адлік”, які паказвае, колькі дзён засталося да маштабнага мерапрыемства.

