Напярэдадні Міжнароднага дня музеяў Беларусь кожны год прымае ўдзел у акцыі “Ноч музеяў”, падчас якой можна агледзець экспазіцыі, стаць удзельнікам цікавых мерапрыемстваў, квэстаў – і ўсё гэта праходзіць у начны час. Наш музей народнай славы імя У.Е.Лабанка не стаў выключэннем.
У мінулую суботу яго супрацоўнікі разам з героямі тэатралізаванай пастаноўкі дапамаглі наведвальнікам перанесціся ў суровы май 1943-га года. У цэнтры ўвагі аказалася незвычайная падзея — партызанскае вяселле. Менавіта тады, калі небяспека і выпрабаванні былі штодзённасцю, сяброўства і каханне станавіліся той самай апорай, якая дапамагала выжыць. Атмасфера настолькі праўдзіва адлюстроўвала ваенны час, што гледачы адчувалі сябе не проста назіральнікамі, а сведкамі рэальнай гісторыі.
У імправізаванай зямлянцы брыгады Дубава з’явіліся камбрыг і камісар — менавіта яны, паводле партызанскай традыцыі, праводзілі абрад франтавога шлюбу. У гэты раз стварыць сям’ю пажадалі тры пары – і калі Алёна і Максім Кашко ролю маладых “прымерылі” на сябе некалькі год назад у рэальным жыцці, то Сямчонку Мікіту і Гваздзёвай Яўгеніі, Антону Дуброўскаму і аўтару гэтых радкоў давялося яе сыграць упершыню. Ад сябе хочацца дадаць, што падзея аказалася вельмі цікавай.
Спачатку жаніхі, як гэта рабілі ў атрадах у ваенныя гады, напісалі рапарт з просьбай дазволіць шлюб, пасля чаго камбрыг падпісаў сапраўднае ваеннае пасведчанне аб яго заключэнні — дакумент, які ў тыя часы замяняў і пячатку, і подпісы ЗАГСа, — і ўрачыста ўручыў яго маладым. Асаблівую цікавасць выклікала тое, што “ўзаконіць узаемаадносіны” мог любы жадаючы з гледачоў, і гэтым шанцам адразу скарысталіся дзве пары, якія прайшлі сімвалічны абрад і атрымалі свае “франтавыя” дакументы.
Пасля афіцыйнай часткі зрабілі памятныя фотаздымкі. Не абышлося і без падарункаў. У ваенны час найбольш каштоўнымі рэчамі былі простыя бытавыя дробязі: гузікі, тканіна, мыла. А потым загучала музыка — і пары закружыліся ў вальсе, які ў партызанскіх атрадах часта танцавалі пад гармонік або нават пад ціхі напеў таварышаў. Пасля танца ўсіх чакала застолле: бульба ў мундзірах, чорны хлеб, каша, гарбата — традыцыйнае меню, якім частаваліся ў той час.
Ну і якое вяселле без конкурсаў? Маладых правяралі на гатоўнасць да сямейнага жыцця. Муж спрабаваў чысціць бульбу, жонка – кідаць гранату. Самым хвалюючым стала выпрабаванне на давер, калі трэба было правесці нарачонага з закрытымі вачамі праз “міннае поле”. Гледачы таксама не заставаліся ў баку. Усе разам адказвалі на пытанні, працягвалі прыказкі, спявалі партызанскія прыпеўкі.
Пасля імпрэзы наведвальнікі мелі магчымасць агледзець дзеючую выставу і асноўную экспазіцыю музея, а таксама сфатаграфавацца ў тэматычнай зоне. Так “Ноч музеяў” ператварылася ў рэальную гісторыю, дзе кожны адчуў сябе часткай вялікага мінулага.
Дзякуй супрацоўнікам музея за тое, што далі магчымасць адчуць, як нягледзячы на ўсе цяжкасці і жахі вайны, жыццё працягвалася, а чалавечая душа заставалася непераможнай. Менавіта такія мерапрыемствы дапамагаюць не забываць урокі мінулага і захоўваць мір, які быў заваяваны такой высокай цаной. Яны натхняюць нас на захаванне гістарычнай памяці і перадачу яе будучым пакаленням.
Анастасія ПОЛАЗАВА.


