Гасцямі праекта “50 пытанняў даросламу” сектара дзіцячай і юнацкай кнігі раённай бібліятэкі ўжо паспелі стаць многія вядомыя ў раёне людзі. На гэты раз на сустрэчу са старшакласнікамі завітаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Пётр Аляксандравіч Алексяёнак.
Пачалася ж размова з тэмы выбару прафесіі і кар’ернага шляху. У школьныя гады Пётр Аляксандравіч марыў стаць урачом, аднак ад такога намеру адгаварылі бацькі. Актыўны хлопец і душа кампаніі ў выніку з адзнакай скончыў каледж культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “рэжысёр масавых мерапрыемстваў”. Ну а калі паўстала пытанне, дзе працаваць, ураджэнец Касароў не раздумваючы вырашыў рэалізаваць сябе на малой радзіме і ў 2008-м пачаў сваю кар’еру акампаніятарам Касарскога сельскага клуба, пазней займаў іншыя пасады ў сферы культуры і адукацыі. Паралельна разам з жонкай атрымліваў вышэйшую адукацыю ў Віцебскім дзяржуніверсітэце. На той час будучыя філолагі беларускай мовы сумяшчалі навучанне з выхаваннем яшчэ зусім малых дзетак. У 2019-м перспектыўнаму маладому чалавеку прапанавалі ўзначаліць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. “Шчыра кажучы, уяўляў сябе кіраўніком у сферы культуры, а вось што да такой пасады, то не, але за справу ўзяўся з энтузіязмам і імкнуўся апраўдаць аказаны давер, многаму вучыўся ўжо ў працэсе работы. Калі два гады таму аддзел вырашана было раздзяліць на культуру і ідэалогію, у мяне спыталі, у якім з іх хачу працаваць. Як патрыёт сваёй радзімы і чалавек дзяржаўны, я тады падкрэсліў – там, дзе я больш патрэбны. Так я ўзначаліў аддзел, які адказвае за ідэалагічны напрамак і моладзь”, – расказаў П.Алексяёнак.
На пытанне, якой галоўнай якасцю павінен валодаць мужчына, Пётр Аляксандравіч адказаў хутка і канкрэтна: уменнем трымаць сваё слова. Не можаш зрабіць – не трэба абяцаць.
Што да рысаў, якія ў першую чаргу неабходны для таго, каб быць кіраўніком, то гэта выканальніцкая дысцыпліна і выключная адказнасць. Дарэчы, П.Алексяёнак лічыць, што ў большасці выпадкаў кіраўніком павінен быць мужчына, не трэба ўскладаць на плечы жанчын цяжкія абавязкі.
Зразумела, што работа забірае шмат часу і сіл, а таму школьнікі пацікавіліся, ці ёсць у галоўнага ідэолага раёна хобі – і даведаліся, што ён любіць займацца з дрэвам. Так, у доме
Алексяёнкаў шмат драўлянай мэблі, зробленай стараннымі рукамі гаспадара – стулы, лаўкі, канапы. Калі нядаўна малодшая дачушка папрасіла ў бацькоў пясочніцу, тата не заказаў гатовую ў інтэрнэт-магазіне і не пайшоў па лёгкім шляху, проста насыпаўшы горку пяску, а змайстраваў з дрэва прыгожую з сядзеннем і дахам. “Яшчэ адно маё захапленне звязана з работай на зямлі – люблю займацца агародам. У нашай сям’і гэта зона маёй адказнасці, – прызнаўся суразмоўца. – Вырасціць, напрыклад, памідоры – для мяне ў радасць, штогод гэтая і іншыя культуры выдатна родзяць на прысядзібным участку. Напэўна таму, што раблю гэта не толькі па тэхналогіі, а і з душой!”
Што асацыіруецца са словам шчасце? Тата траіх дзетак, любячы муж без ваганняў адказаў: здаровая сям’я, каханне, дабрабыт.
Адказваючы на пытанне, якая дадзеная кім-небудзь парада аказалася запамінальнай і карыснай, Пётр Аляксандравіч прыгадаў свайго старэйшага сябра Васіля Іванавіча Шнітко: “Гадоў дзесяць таму на сабраную суму грошай я хацеў набыць аўтамабіль і спытаў у яго, якую ж марку выбраць. На што той сказаў: “У машыне жыць не будзеш, купляй ва Ушачах дом!” Я прыслухаўся і ніколькі не шкадую”.
Закранулі падчас сустрэчы і такую тэму: чаму моладзь імкнецца ў горад і не застаецца ў вёсках. На гэтае пытанне школьнікаў іх суразмоўца адказаў так: “Па-першае, многія бацькі з маленства закладваюць у галаву дзіцяці, што трэба імкнуцца выключна да гарадскога жыцця і ніяк інакш, няхай і не з прафесіяй па душы, але толькі б у горадзе. Па-другое, запытам сучаснай моладзі не адпавядае інфраструктура вёскі, ім там сумна. Ушачы ж лічу выдатным месцам для размеранага жыцця, многае робіцца ў нас для развіцця, а за тым, чаго не хапае, можна з’ездзіць час ад часу ў гарады”.
За адведзены час сустрэчы госць праекта паспеў адказаць на 33 самыя розныя пытанні, якія датычыліся патрыятызму, сямейных традыцый, літаратуры і іншага. І толькі адзін раз суразмоўца скарыстаўся магчымасцю не даваць адказ – не згадзіўся раскрываць сваю мару. А на развітанне параіў быць стараннымі, добра вучыцца і ісці да сваёй мэты.
Вольга КАМАРКОВА.


