Короновирус: что нужно знать и стоит ли волноваться?

Здравоохранение

Каранавірус 2019-nCoV па стане на 3 лютага забраў жыцці 362 чалавек. Трывожна гучаць навіны і з Філіпін, дзе зарэгістравана першая смерць ад захворвання па-за межамі Кітая. Тым часам у Паднябеснай хворымі прызналі 17370 чалавек. У астатніх 26 краінах, куды вірус распаўсюдзіўся, пад наглядам знаходзіцца 1183 пацыенты. Пакуль навукоўцы свету б’юцца над стварэннем вакцыны, 486 чалавек удалося вылечыць традыцыйнымі метадамі.

Першыя выпадкі захворвання выяўлены ў горадзе Ухань, дзе на рынку морапрадуктаў ажыццяўляўся гандаль некаторымі відамі жывёл, птушак і рэптылій, якія маглі стаць крыніцай інфекцыі. Ад чалавека да чалавека каранавірус 2019-nCoV перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Асноўныя сімптомы – сухі кашаль, цяжкае дыханне, павышаная тэмпература цела, слабасць. Адным з ускладненняў з’яўляецца вірусная пнеўманія, якая адрозніваецца ад больш звыклай нам бактэрыяльнай.

Заразіцца новым вірусам не так проста, як скажам, грыпам. Ён валодае невысокай кантагіёзнасцю. Захварэць можна пасля доўгага кантакту з хворым (падчас сумеснага пражывання) ці яго догляду. У групе рызыкі – людзі, старэйшыя за 60 гадоў, якія маюць шэраг цяжкіх спадарожных захворванняў.

Лабараторную дыягностыку на наяўнасць вірусу ў Беларусі ўжо прайшлі некалькі дзясяткаў чалавек. У пераважнай большасці ў іх выяўлены вірус грыпу тыпаў А і В. Тым часам улады Кітая робяць усё магчымае, каб вірус не распаўсюджваўся за межы краіны. У прыватнасці, усіх жадаючых выехаць з КНР будуць змяшчаць у каранцін на 14 дзён, і толькі пасля гэтага яны атрымаюць дазвол на выезд. Двухтыднёвы каранцін пройдуць і студэнты, якія павінны вярнуцца ў Беларусь з навагодніх канікул.

З мэтай прафілактыкі каранавірусу 2019-nCoV варта рэгулярна мыць рукі з мылам ці выкарыстоўваць антысептычныя спіртаўтрымліваючыя сродкі. Гатуйце мяса і яйкі да поўнай гатоўнасці. Пазбягайце блізкага кантакту з людзьмі, у якіх маюцца сімптомы, падобныя на прастуду ці грып. Пасля вяртання з краін, у якіх рэгістраваліся выпадкі інфекцыі, на працягу 14 дзён мінімізуйце кантакты з акружаючымі і сачыце за станам здароўя. У выпадку з’яўлення сімптомаў, якія не выключаюць інфекцыйнае захворванне, неадкладна выклікайце хуткую дапамогу.

В.РАБЫХ, памочнік урача-эпідэміёлага Ушацкага РЦГЭ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *