Путешествие в лучшие годы. В Ушачской школе прошёл вечер встречи с выпускниками

Общество

Першая субота лютага. Гэту дату прыгадае любы, калі размова заходзіць пра вечар сустрэчы выпускнікоў. Але насамрэч пачынаецца названае дзейства значна раней: калі актывісты і энтузіясты, былыя школьныя старасты і камсоргі адкрываюць спісы тэлефонных нумароў і старонкі сацыяльных сетак, каб “пратрубіць збор” школьных сяброў. Недасведчаныя ж людзі, напэўна, і не ведаюць, што столікі ва ўшацкіх кафэ на гэты зімовы вечар многія браніруюць яшчэ летам!

“У гэтую сустрэчу ўкладзена шмат намаганняў, – прызнаецца галоўны арганізатар збору выпускнікоў 1970 года Ушацкай школы журналіст і паэтэса Галіна Варатынская. – Але, як бачыце, гэта таго каштавала!” І сапраўды, “залатыя юбіляры” сталі своеасаблівай разынкай імпрэзы. Дружныя і вясёлыя – яны ў колькасці аж 23 чалавек па-юнацкі бадзёра ўзняліся на сцэну, успаміналі, жартавалі і дэманстравалі свае таленты. Сярод “пяцідзясятнікаў” нямала тых, пра каго “Патрыёт” у свой час пісаў у рубрыцы “Наш гонар” – гэта, напрыклад, дактары медыцынскіх навук Людміла Кірпічонак (Карабань) і Сяргей Жаваранак, вядучы рэдактар галоўнага выпуску БелТА Аліна Шрубок (Махонька). А Аляксандр Пранік, старэйшы брат якога Леанід, на жаль, ужо ніколі не сустрэнецца з аднакласнікамі, падабраў для выступлення, напэўна, самы падыходзячы нумар: песню на верш Рыгора Барадуліна “Трэба дома бываць часцей”.

“Толькі як пачаў спяваць, тады і пазнала па голасе, што гэта Саша: мы ж па-суседстве жылі, але даўно не бачыліся”, – прызналася выпускніца 1980-га года Людміла Коршун. Сама жанчына таксама выходзіла на школьную сцэну ў вялікай кампаніі, душой і нязменным лідарам якой са школьных гадоў з’яўляецца Вольга Пахілка. Хоць і не жыве ва Ушачах залатая медалістка гэтага выпуску, але па-ранейшаму згуртоўвае аднакласнікаў. І каб існаваў на мерапрыемстве конкурс на самую кранальную прамову, то Вольга безумоўна стала б яго пераможцам: ад яе пранікнёных слоў, прысвечаных любімым настаўнікам, у многіх у зале на вочы навярнуліся слёзы. Адрасаваныя яны былі ў тым ліку класнаму кіраўніку 10 “В” Ніне Ісакаўне Гайко, якую былыя вучні не забываюць, часта яе праведваюць. “Вы павінны нам паабяцаць, што мы абавязкова сустрэнемся гэтым летам на Вашым 90-гадовым юбілеі!” – звяртаюцца яны да настаўніцы, якая хоць і не змагла прысутнічаць на вечары, але заўсёды чытае “раёнку”.

А вось выпускнікі з 30-гадовым “стажам” падрыхтавалі для сваёй першай настаўніцы Ганны Іванаўны Карабань сюрпрыз: яна якраз вярнулася з лазні, калі на парозе хаты ў Градзянцы ўбачыла сваіх ужо вельмі дарослых “пачаткоўцаў”. “Было надзвычай прыемна і нам, і ёй! – дзеліцца ўражаннямі Сяргей Васюковіч. – Столькі год прайшло, а Ганна Іванаўна памятае ўсіх па імёнах, прыгадвае цікавыя гісторыі са школьнага жыцця”. Дэлегацыя тых, хто скончыў школу ў 1990-м, аказалася адной з самых вялікіх. “Для каго шыкоўны букет?” – пацікавілася перад пачаткам канцэрта ў Сяргея Хамічонка і Тані Малаткавец. “Вядома ж, для нашай дарагой Таццяны Міхайлаўны Іваненкі!” – адказалі яны.

Самым унушальным на імпрэзе аказаўся “дэсант” выпускнікоў рубяжа стагоддзяў: школьная сцэна ледзь умясціла паўсотні статных мужчын і прыгожых жанчын з кветкамі і падарункамі ў руках. Вельмі прыемна было чуць персанальныя словы падзякі Валянціне Пятроўне Відзевіч, Тэрэзе Пятроўне Крыванос, Ларысе Аляксандраўне Корабавай. “З нашым незвычайным 11 “Д”, дзе вучыліся 21 хлопчык і 12 дзяўчынак, спраўляцца было няпроста, – расказвае Наташа Пугачова (Аваднёва). – Бывала нават, што ўсе разам урокі прагульвалі. Памятаю, як аднойчы схаваліся ў пустой аўдыторыі, а нашаму аднакласніку Дзіму стала сумна: гутаперчывы хлопчык высунуўся ў фортку і перагнуўся такім чынам, што галава аказалася ў акне суседняга класа, дзе ў гэты час вяла ўрок Тэрэза Пятроўна. Можна сабе ўявіць яе здзіўленне ад твару, убачанага за шклом чацвёртага паверха!.. На шчасце, тады ўсё скончылася добра, і толькі зараз мы разумеем, колькі нерваў настаўнікам каштавалі нашы свавольствы…” Са светлайнастальгіяй узгадваюць школьныя часы і вучні былога 11 “Б”. “Аўдыторыяй нашага класа быў кабінет біялогіі, так што значную частку заняткаў мы праводзілі сярод раслін, – расказвае Марына Дзямешка (Лынько). – У куце стаяў вялікі фікус: менавіта пад яго адпраўляў наш класны кіраўнік і настаўнік біялогіі Міхаіл Паўлавіч Сісковіч тых, хто парушаў дысцыпліну на ўроку, а таму расліна атрымала прозвішча “дрэва ганьбы”. Але ж увогуле наш класны быў цярплівым і справядлівым, і мы яго вельмі паважалі. На жаль, ён не можа зараз быць з намі, і мы шчыра зычым Міхаілу Паўлавічу сіл у барацьбе з хваробай”.

Шмат жадаючых прыгадаць разам цудоўную пару дзяцінства аказалася і сярод тых, хто скончыў школу 10 год таму. Вершы, песні і, канечне, традыцыйныя кветкі для тых, хто вучыў і выхоўваў – Таццяны Робертаўны Пугачовай, Веры Васільеўны Спірчонак, Надзеі Мікалаеўны Ціханенкі, Ірыны Валер’еўны Маслоўскай, Віктара Мікалаевіча Герцыка. “Вучні гэтага выпуску запомніліся выдатнымі здольнасцямі, нешаблонным мысленнем. Бывала, напрыклад, што падчас выканання лабараторнай работы па фізіцы генерыравалі ідэі, як аптымізаваць той ці іншы працэс. Адным словам, прымушалі мяне пастаянна трымацца ў “навуковым тонусе”, – дзеліцца ўспамінамі В.Герцык.

Трэба сказаць, што сваю порцыю ўвагі, кветак і добрых слоў атрымалі ўсе педагогі, што прысутнічалі на вечары. Не скараюцца гадам і заўсёды адгукаюцца на запрашэнні прыйсці ў школу, якой прысвяцілі жыццё, Фаіна Пятроўна Зубцова, Ніна Аляксандраўна Багдановіч, Сяргей Трафімавіч Белавусаў, іншыя настаўнікі-ветэраны, для якіх былі забраніраваны ганаровыя месцы ў першых радах.

Вядома ж, газетнай паласы не хопіць, каб расказаць пра ўсіх дзеючых асоб гэтага выдатнага вечара. І хай не крыўдзяцца на нас класы і паралелі, пра якія мы не ўзгадалі. Ад імя ўсіх выпускнікоў хочацца выказаць вялікую падзяку адміністрацыі, настаўнікам і вучням школы, якія правялі значную падрыхтоўчую работу, аформілі спецыяльныя стэнды і арганізавалі для нас сустрэчу з юнацтвам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Тры гады… пасля закрыцця

У панядзелак, свой выхадны дзень, Вера Васільеўна Дрозд прымала ўдзячнасці. Не толькі ад былых вучняў і іх бацькоў, а і ад жыхароў Селішча, Кубліч, Віцебска і Полацка, якіх ніколі не вучыла. Шчырыя словы за па-сямейнаму цёплую атмасферу ёй адрасавалі ўсе, хто прысутнічаў на вечары сустрэчы выпускнікоў Плінскай школы. А было іх не меней паўсотні. Нягледзячы на запрашэнне юбілейнага класа Ушацкай школы, прыйшла апошні дырэктар Кацярына Фёдараўна Касцюковіч, прыехалі настаўнікі Віталь Васільевіч Карабань, Людміла Аляксандраўна Бабаедава і Уладзімір Ільіч Барысёнак. Яго клас, які пакінуў школу 10 год таму, і Тамары Уладзіміраўны Бабянок (пяць) – падрыхтавалі класным кіраўнікам падарунак, выпускніца 2015 года, залатая медалістка Марына Хамёнак падарыла прысутным песню. Штогод знаходзіць магчымасць быць сярод сяброў Вольга Касцючэнка з Наваполацка.

Праўда, такой магчымасці апошнія два гады ніхто з іх не меў. У 2017-м прагучаў апошні званок для самой школы. А вось 1 лютага 2020-га ён звінеў зноў, хоць і ў мясцовым клубе. Каця Дунец прайшлася паміж запоўненых радоў пад гучныя апладысменты землякоў. Яны не шкадавалі далоняў пасля кожнага нумара і асабліва падчас дзесяціхвіліннай відэапрэзентацыі, што зрабіў Сяргей Захаравіч Яскевіч. І ніхто не стрымліваў слёз, калі В.Дрозд паўтарыла напісаны тры гады таму верш-развітанне са школай.

“Калі мне прапанавалі стаць загадчыкам мясцовага клуба, першае, аб чым падумала – што правяду вечар сустрэчы, – прыгадвае Вера Васільеўна. – У нас ва ўсе часы быў асаблівы калектыў, практычна ўсе выкладчыкі – яны ж і выпускнікі Плінскай школы, а яшчэ наогул вельмі добрыя людзі, якія засумавалі без свят, што так кранальна цёпла праводзіліся ў нашай роднай альма-матар. У мяне самой у гэты дзень было 40 год яе заканчэння, а ў дзесяцігадовых выпускнікоў я была першай настаўніцай. Дарэчы, яны падрыхтавалі мне сюрпрыз – прачыталі верш, які я пісала ім на заканчэнне школы, і які ўжо не памятала. Рада, што ўсё атрымалася. Было сапраўды вельмі-вельмі шчыра. Дзякуй усім за дапамогу, прынамсі бібліятэкару і былой калезе Ірыне Генадзьеўне Марковіч за афармленне залы, цэнтральнай бібліятэцы за экран і мультымедыйную ўстаноўку, цэнтру культуры і народнай творчасці за апаратуру. І ўсім-усім за ўдзел. У канцы была дыскатэка, і нягледзячы на розны ўзрост, ніхто з нас не сумаваў”.

Вольга Караленка.



2 комментария по теме “Путешествие в лучшие годы. В Ушачской школе прошёл вечер встречи с выпускниками

  1. К великому сожалению от 50-летних юбиляров никто не отметил добрым словом своего одноклассника Виктора Константиновича Литвинова, который всю свою жизнь посвятил и посвящает нашему району. Если что и случается никто не ищет помощи у докторов мед.наук Жаворонка и Карабань, а все бегут искать помощи у нашего Виктора Константиновича. Счастья и здоровья ему от своих земляков!

  2. Проверили, да? Есть такой врач в Ушачах — Виктор Константинович? Не прошло и месяца, молодцы!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *