Какие семена, такой и урожай

Общество

Добры гаспадар пачынае рыхтавацца да новай вясны яшчэ з восені. За прайшоўшае лета ён добра ведае, што можна вырасціць на яго зямельных угоддзях, якая ўраджайнасць розных сартоў. А яшчэ заўсёды хочацца пасеяць штосьці новае, магчыма, больш ураджайнае і смачнае. Зараз многія рыхтуюцца да пасяўнога сезону і закупляюць насенне. Як не памыліцца ў выбары і на што звярнуць увагу?  

Дзе купіць

Часта даводзіцца чуць гісторыі аб няўдалым вопыце вырошчвання агародніны. Прычынай гэтаму можа з’яўляцца няякаснае насенне. Канечне, на ўраджай у немалой ступені ўплываюць метэаралагічныя ўмовы, але рашаючае значэнне ўсё ж такі адыгрывае менавіта якасць насення. Таму трэба купляць яго ні дзе прыйдзецца, а ў гандлёвых кропках, якія нясуць адказнасць за прададзены тавар, маюць ліцэнзію і дазвол на іх продаж. Звычайна такія прадаўцы трымаюць пастаянныя сувязі з праверанымі вытворцамі насення. Прадстаўлена ў асноўным насенне беларускай селекцыі, гэта ўжо добра знаёмыя вытворцы сартоў айчыннай селекцыі – “Сортсемовощ”, “Агропромышленный дом”. На сённяшні дзень насенне прадаецца і ва ўсіх кропках “Белпошты”, а таксама на рынку. Тавар прыватных гандляроў таксама штогод праходзіць праверку на ўсходжасць у раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Вы заўсёды можаце патрабаваць у прадаўца сертыфікаты якасці і не забывайцеся гэта рабіць, калі прадавец незнаёмы, з’явіўся толькі “на сезон”.

На што звярнуць увагу

Пры пакупцы насення звярніце ўвагу не на прыгожую ўпакоўку, а на інфармацыю, якая на ёй змешчана: назву культуры, сорт, вагу і колькасць штук. Як правіла, паштучна прадаецца рэдкае і дарагое насенне. Ведаючы норму высеву, лёгка разлічыць неабходную колькасць насення. Звярніце ўвагу, ці ёсць “ГОСТ” (а не “ОСТ” ці іншы стандарт) – у кожнай культуры свой дзяржаўны галіновы стандарт, ён служыць гарантыяй таго, што насенне прайшло іспыты і адпавядае ўсім патрэбным паказчыкам. На большасці ўпаковак указваецца тэрмін сяўбы, высадкі, уборкі. Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на тэрмін годнасці насення. Спецыялісты лічаць, што ён павінен быць не больш 10-12 месяцаў, аднак ёсць выключэнні, напрыклад, агуркі, фасоля.
Купляйце сарты, якія лепш прыстасаваны да нашых прыродна-кліматычных умоў, а значыць будуць больш ураджайнымі. Напрыклад, тамат “Белый налив” рэкамендуецца вырошчваць толькі ў Віцебскай вобласці, а “Анюта”, “Сервер” – па ўсёй краіне. Некаторыя сарты падыходзяць для вырошчвання толькі ў паўднёвых раёнах.
Ушачане выбіраюць

Некаторыя ўжо запасліся патрэбным насенным матэрыялам, многія ж ушачане яшчэ толькі закупляюць насенне, і гэта на сённяшні дзень адзін з самых “хадавых” тавараў. Прадаўцы на рынку адзначаюць, што самым папулярным таварам зараз з’яўляюцца таматы і перцы. Сярод таматаў часцей за ўсё ўшачане выбіраюць такія сарты, як “Белый налив”, “Бычье сердце”, “Дебарао”, “Красная шапочка”, перцаў – “Гурман”, “Ева”.
Пры выбары сорту часцей спрацоўвае вядомы прынцып: сусед параіў, на рынку пачуў.
Многія знаёмыя выбіраюць і заказваюць насенне з каталога “Аграпрамысловы дом”, які ёсць ва ўсіх паштовых аддзяленнях. Не спяшаючыся можна прачытаць пра мноства сартоў розных культур і выбраць патрэбнае, якое потым вышлюць на ваш паштовы адрас. Галоўнае, можна быць упэўненым у якасці насення айчыннага вытворцы.
Аднак памятайце, што якаснае насенне дае добры ўраджай, калі забяспечыць аптымальныя ўмовы для вырошчвання расады і ў далейшым правільны догляд за раслінамі. Толькі тады яны ў поўнай меры раскрыюць закладзены ў іх насенны патэнцыял.
Добрых Вам ураджаяў!
Падрыхтавала В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *