Поэтесса Тамара Бородёнок представила ушачанам очередной сборник стихов

Год малой родины

Людзі спяваюць, калі ім хораша ці самотна, а тыя вершы, што лёгка кладуцца на музыку – самыя жывыя і натуральныя. Лірыка ўшацкай паэтэсы Тамары Барадзёнак настолькі меладычная, што, здаецца, сама просіцца ў ноты. А таму нядзіўна, што яе творчая вечарына, якая ладзілася на мінулым тыдні ў раённай бібліятэцы ў рамках пасяджэння клуба цікавых сустрэч “Ушачане”, ператварылася ў душэўны канцэрт. Нагодай жа для мерапрыемства стаў выхад чарговай кнігі паэтэсы “Святло маёй малой радзімы” – зараз на яе рахунку ўжо каля двух дзясяткаў зборнікаў вершаў. І, як бачна па назве, на выданне апошняга яе натхніла правядзенне ў Беларусі Года малой радзімы.

Тон імпрэзе задаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак, які ў прывітальным слове да Тамары Дзмітрыеўны падкрэсліў, што сваёй творчасцю яна пакідае след, які застанецца навекі, і спрыяе таму, “каб Беларусь магла спяваць”.

Грунтоўную характарыстыку новаму зборніку дала ў сваёй рэцэнзіі ўдзельніца клуба “Муза” Галіна Данілёнак: “Патрыятычныя пачуцці напаўняюць душу і сэрца чытача ад першага да апошняга радка, а назвы вершаў гавораць самі за сябе: “Дакрануцца душой да Радзімы”, “Мая Беларусь”.

Не пражыць без песень тваіх звонкіх,

Без людзей, што шчыра іх пяюць,

Без адзінай роднае старонкі –

Той, што проста Ушаччынай завуць…

Для аўтара дорага ўсё тое, што напаўняе жыццё сэнсам. А гэта і вера (верш “Царкоўны звон”), і народныя традыцыі (“Вялікдзень”, “Дажынкі”).

А як хораша перадае Тамара Дзмітрыеўна простую паэзію напоўненага клопатамі вясковага быту:

Пеўні ладзяць пераклічку,

Значыць, час ужо ўставаць,

Па адвечнае па звычцы

У вёсцы нельга доўга спаць.

Паляць печы гаспадыні –

Скача полымя, жыве

І скрыпіць бесперапынна

Каля студні журавель…

Бачна, што яе любоў да роднага куточка сапраўдная, ненапускная. І сама асоба Тамары Барадзёнак такая ж праўдзівая, як яе творы”, – адзначае аўтар рэцэнзіі.

Згоднымі з гэтымі меркаваннямі былі ўсе, хто прысутнічаў на мерапрыемстве, а жадаючых выступіць і выказацца было шмат. І не толькі радкі з новай кнігі гучалі ў гэты вечар. Так, напрыклад, Людміла Рыгораўна Карабань прыгадала пранікнёны верш “Шануйце хлеб”, які быў апублікаваны ў дэбютным зборніку паэтэсы. Ён пра тое, як “малады адлёт”, абурыўшыся, што куплены ім бохан аказаўся не надта свежым, пнуў яго нагой, а пажылы прахожы падняў растаптаны хлеб і пакрышыў птушкам, узгадваючы, як усё жыццё паліваў потам раллю…

А вось гумарэска “Добра ў “Лясных азёрах”, якую артыстычна выканала Людміла Мядзведзева – праілюстравала яшчэ адну яркую грань творчасці паэтэсы. Васіль Антонавіч Стрыжонак таксама прачытаў гумарэску – уласнага сачынення, на напісанне якой яго натхнілі творы Тамары Дзмітрыеўны. Пра тое, як яна ўмее захапіць нават няпростую школьную аўдыторыю, прыгадала Ніна Аляксандраўна Багдановіч, а калега па рабоце ў дзіцячым садку Тамара Паўлаўна Залатухіна расказала пра педагагічны талент медыцынскай сястры Т.Барадзёнак. І, вядома ж, самыя прыемныя словы пачула гераіня імпрэзы ад сваёй дачкі Наташы: якім бы важкім ні быў творчы багаж, а цудоўныя дзеці і ўнукі – галоўны плён жыцця любой жанчыны.

Як ужо прыгадвалася, на імпрэзе амаль бесперапынна гучала музыка: Сяргей Мядзведзеў, Вольга Жукава, Вольга Мацулевіч, вакальны гурт “Дубравушка” выконвалі песні, тэксты да якіх у большасці належаць пяру Т.Барадзёнак. “Наша супрацоўніцтва з Тамарай Дзмітрыеўнай пачалося яшчэ ў 1999 годзе, і за гэты час мы разам напісалі каля 30 твораў”, – адзначыў кампазітар С.Мядзведзеў. Ну а пра іх узровень красамоўна сведчыць, напрыклад, трыумфальны поспех музычнай кампазіцыі “Сцяжынка” на леташнім бардаўскім фестывалі ў Лёзна. “Тэкст, які быў адзначаны дыпломам І ступені, настолькі просты і дасканалы, што слухачы ўспрымаюць песню, як народную”, – адзначае выканаўца В.Жукава. Творы на вершы нашай зямлячкі гучаць на сцэнах многіх замежных краін, бо ўваходзяць у рэпертуар знакамітага ансамбля “Талака”.

“Мяне ўзгадавала “Матырынская спадчына”, – усміхаецца Тамара Дзмітрыеўна ў адказ на пытанне пра вытокі народнай меладычнасці сваёй паэзіі. А нясгаснае святло малой радзімы падказвае ёй арыенціры ў жыцці.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *