Ушачане приняли активное участие в праздновании Дня защитников Отечества

Общество

Дзень абаронцаў Айчыны – адно з самых адметных святаў для кожнага беларуса, бо нашу міралюбівую і шматпакутную зямлю закраналі ледзь не ўсе буйныя ваенныя канфлікты, што разгортваліся на кантыненце. “Кветкі, што мы сёння паклалі да мемарыяльных пліт – даніна памяці людзям, дзякуючы якім мы жывём у незалежнай краіне”, – дзяліліся ўражаннямі ўшачане Аляксандр Адамавіч Кірыйчук і Генадзь Іванавіч Глінскі.

Ускладанне вянка і кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам ад кіраўніцтва раёна і працоўных калектываў стала ключавым момантам урачыстасці, што ладзілася ва Ушачах да 23 лютага. Працягнулася ж яна ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Стала ўжо добрай традыцыяй разгортваць тэматычныя выставы да раённых мерапрыемстваў. Вось і ў гэты раз у фае ўстановы культуры было на што паглядзець. Ушачане з цікавасцю спыняліся ля стэндаў, аформленых музеем, бібліятэкай, Домам рамёстваў і Ушацкай школай, разглядалі выставу воінскіх узнагарод і конкурсных малюнкаў “Армія вачыма дзяцей”. Надоўга затрымаліся ля музейных экспанатаў Яўгенія Міхайлаўна Пятніца з дачкой і ўнучкамі. “Мяне дзядуля бачыў толькі аднойчы, калі я нарадзілася. А вось Надзю і Віку – увогуле не застаў…” – расказвала 11-гадовая Ксюша, разглядаючы пад шклом фатаграфію Віктара Міхайлавіча Пятніцы, воіна-інтэрнацыяналіста, жыццёвы шлях якога раптоўна абарваўся ў 2009-м. Гэты чалавек добрасумленна выконваў свой воінскі абавязак, як і тысячы іншых ураджэнцаў нашага раёна, якія абаранялі дзяржаву ў гады ваеннага ліхалецця, стаяць на варце яе рубяжоў зараз. “І няма сумненняў, што цяперашняя моладзь стане дастойным пераемнікам традыцый старэйшага пакалення, зробіць усё патрэбнае, каб неба над Ушаччынай заўсёды было мірным”, – адзначыла ў прывітальнай прамове старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч.

Вельмі цёпла ўспрымалі запоўніўшыя залу гледачы нумары канцэртнай праграмы – а яны былі разнастайнымі: ад урыўка з твора Васіля Быкава “Бліндаж” у выкананні культработнікаў Кірыла Шалыгі і Ірыны Клачок да завадных скокаў маленькіх танцораў студыі “Страказа” і песень Галіны Ігнатовіч, якім апладзіравала ўся зала.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *