Старшая медсестра санатория «Лесные озёра» Жанна Маслюк успешно справляется со своими обязанностями

Общество

Кніга заўваг і прапаноў санаторыя “Лясныя азёры” сваёй назве зусім не адпавядае, бо яе старонкі спісаны аднымі толькі падзякамі. І літаральна ў кожнай значыцца прозвішча Жанны Міхайлаўны Маслюк. Якімі толькі эпітэтамі не адорваюць старшую медсястру здраўніцы яе кліенты: душэўная, добразычлівая, “адносіцца да нас, як да родных”. Складаюць нават вершы: “Вас от души благодарим за такт, внимание, заботу. Хотим, чтоб каждый человек так выполнял свою работу!”

“Дык інакш у нашай сферы і нельга. Некаторых і па плечыку трэба пагладзіць, і пад руку на працэдуру правесці, і кампліментам падбадзёрыць!” – усміхаецца Жанна Міхайлаўна. Абавязкі старшай медсястры шырокія: яна ў адказе за тое, каб кліенты атрымлівалі працэдуры своечасова і якасна, праца сярэдняга і малодшага медперсаналу была арганізавана па ўсіх правілах, меліся патрэбныя прэпараты і сродкі, вялася ўліковая дакументацыя. І хоць сама не абавязана адпускаць працэдуры, часта робіць гэта, калі трэба падмяніць медсясцёр ці проста скараціць час чакання для кліента. Для яе гэта проста: на цяперашняй пасадзе яна з верасня 2018-га, дагэтуль жа некалькі год была медсястрой на розных відах фізія­тэрапіі.

У медыцыне ўраджэнка Загор’я аказалася невыпадкова. Яе мама Галіна Канстанцінаўна Грак 34 гады адпрацавала фельчарам у Вяркудах, і мясцовы ФАП быў для Жанны лічы што другім домам. “Уколы рабіць, канечне, не давяралі, а вось лекі па паліцах раскладвала”, – з усмешкай прыгадвае яна. Школу дзяўчына скончыла са срэбраным медалём, была выдатніцай і ў Полацкім медыцынскім каледжы. А вось у выбары: стварэнне сям’і ці працяг вучобы – перавагу аддала першаму. Зрэшты, пра гэта зусім не шкадуе, бо выканала галоўнае прызначэнне жанчыны – дала жыццё тром дзецям. Рэалізавалася і ў прафесіі. Першую загартоў­ку прайшла ў Дубраўскай сельскай бальніцы: з удзячнасцю ўспамінае ўрача Ганну Аляксееўну Аскерку, фельчара Марыну Аляксееўну Пруднікаву, якія дапамагалі асвоіць прамудрасці справы. З вялікай цеплынёй прыгадвае і час работы ў ЦРБ, дзе пасля пераезду ва Ушачы працавала фельчарам-валеолагам.

Лёгка ўлілася яна і ў калектыў санаторыя. Калі мы запыталіся ў дырэктара здраўніцы Віктара Мікалаевіча Грынкевіча, пра каго з работніц напісаць у святочным нумары, ён сходу назваў Ж.Маслюк. І сапраўды, аўтарытэт старшай медсястры ва ўстанове высокі. Так, у многім па яе ініцыятыве ў санаторыі сёлета запланавалі набыццё новай жамчужнай гідрамасажнай ванны, апарату для карбааксітэрапіі. Пакуль гутарылі з ёй у кабінеце, дзверы амаль не зачыняліся, не змаўкаў і тэлефон. “Юрый Іванавіч, прыміце, калі ласка, пасля 15 гадзін яшчэ двух пацыентаў…” – казала яна доктару. “Вельмі трэба зрабіць масаж каўняровай зоны, людзі ўжо аплацілі, ці знойдзеце сёння час?” – звярталася да медсястры. І абсалютна ўсе пытанні вырашыліся станоўча.

“У Жанны Міхайлаўны пяшчотныя рукі і добрае сэрца. Зрэшты, як і ва ўсіх яе калег! – адзначае ўшачанка Вера Цімафееўна Буркацкая, з якой пазнаёміліся на калідоры корпуса. – Прыязджаю ў наш санаторый на працэдуры не ў першы раз, бо адчуваю сябе потым значна лепш. Падзякуйце, калі ласка, усім тутэйшым дзяўчатам і павіншуйце іх з 8 Сакавіка!”

І віншаванне гэта для ­Ж.Маслюк і яе калег будзе далёка не адзіным: многія адпачываючыя з розных краін становяцца для іх сябрамі, тэлефануюць, пішуць у сацсетках. “Ёсць у нас, напрыклад, адна пажылая масквічка, якая штогод адкладае грошы, каб летам на тры месяцы прыехаць у “Лясныя азёры” – кажа, што тут яна шчаслівая, – разважае Жанна Міхайлаўна. – Шчаслівыя і мы – што можам дарыць людзям такія пачуцці”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *