Некоторые работники переходят на «удалёнку», а БРСМ и «Белпочта» предлагают сказать «спасибо» медикам

Общество

Па даных на 14 красавіка, у Беларусі пацверджана 3281 выпадак заражэння каранавіруснай інфекцыяй, 57 чалавек маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Вылечыліся і выпісаны 203 беларусы. Памерла 33 пацыенты з выяўленым COVID-19 і шэрагам хранічных захворванняў.

Тым часам у суседзяў:

Расія – 21102 інфіцыраваных (з іх 170 памерлі, 1694 вылечыліся),

Польшча – 6674 (232 і 439),

Украіна – 3372 (98 і 119),

Літва – 1062 (24 і 101),

Латвія – 655 (5 і 16).

Новыя абставіны – новыя меры

Аб сітуацыі ва Ушацкім раёне па распаўсюджванні каранавірусу і прымаемых мерах па абароне насельніцтва ад інфекцыі, выкліканай COVID-19, заслуханы кіраўнікі на чарговым пасяджэнні раённага штаба па прадухіленні завозу, распаўсюджвання выпадкаў і абароне насельніцтва ад інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19. З мэтай больш надзейнай абароны грамадзян прадстаўнікам прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый усіх арганізацыйна-прававых форм, размешчаных на тэрыторыі Ушацкага раёна, рэкамендавана разгледзець магчымасць арганізацыі для сваіх супрацоўнікаў дыстанцыйнага спосабу работы без наведвання асноўнага месца працы. Пры гэтым неабходна абавязкова папярэдзіць іх аб ненаведванні ў рабочы час месцаў масавага знаходжання грамадзян.

Такая мера ўжо ўзятая на ўзбраенне аддзелам прымусовага выканання Ушацкага раёна. “На месцы пастаянна знаходжуся толькі я, – расказвае начальнік службы Алена Віктараўна Маслюк. – Рэферэнт і судовы выканаўца, з якімі размяшчаліся ў адным кабінеце, цяпер выконваюць свае прафесійныя абавязкі аддалена. Работнікі ж канцылярыі, занятыя па 0,5 стаўкі, не кантактуюць: адзін заняты ў першай палове дня, другі – у другой”.

У перыяд вясенніх канікул рэальна могуць працаваць дыстанцыйна і многія педагогі. Аднак такая мера пакуль выкарыстоўваецца неактыўна. Па словах начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Ганны Францаўны Струй, графік работы спецыялістаў пабудаваны такім чынам, каб мінімізаваць іх адначасовае знаходжанне ва ўстанове адукацыі. Да таго ж педагогі маюць магчымасць займацца справамі ў асобных кабінетах. Мінімальная колькасць чалавек дабіраецца да месца працы грамадскім транспартам. На сяле пачалася актыўная работа на прышкольных участках, што таксама змяншае колькасць кантактаў і рызыку заражэння. Канкрэтныя выпадкі (з улікам узросту работнікаў і стану іх здароўя) разглядаюцца ў індывідуальным парадку.

Лімоны – для настрою

Зазірнуўшы ў пакет, падораны прафгрупоргам цэнтра банкаўскіх паслуг №237 ААТ “Белаграпрам­банк” Л.Л.Полазавай, большасць яе калег усміхнулася, а некаторыя нават расчуліліся. Ад увагі, якая ніколі не бывае лішняй. А Ларыса Леанідаўна і хацела падняць настрой маленькім падарункам, у якім быў імунны набор: лімон, пачак зялёнага чаю і вітаміны. Канечне, усё гэта супрацоўнікі банка маглі набыць і самі, але ж заўсёды некалі. А так дарэчы ў перыяд авітамінозу.

Што датычыцца сродкаў дэзінфекцыі, то супрацоўнікаў імі забяспечвае банк. Спецыяльныя сурвэткі, маскі і пальчаткі выдалі ўсім персанальна, а прэпарат для апрацоўкі рук стаіць на бачным месцы і для банкіраў, і для кліентаў.

Апрацоўка вуліц і пад’ездаў

На мінулым тыдні работнікі камунгаса пачалі апрацоўваць вуліцы, пад’езды, а таксама іншыя месцы агульнага карыстання. Раз на дзень у бездажджлівае надвор’е спецыяльная машына апырсквае праезную частку дарог і тратуары, а работнікі – дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, лаўкі і малыя архітэктурныя формы. Можна сказаць генеральная ўборка праводзіцца штодня і ў шматкватэрных дамах: прыбіральшчыкі далучаюць дэзінфіцыруючыя сродкі пры мыцці пад’ездаў па графіку, а ў іншыя дні ім на дапамогу прыходзяць супрацоўнікі па абслугоўванні жыллёвага фонду, якія праціраюць дзверы, ручкі, поручні, дамафоны, кнопкі званкоў, падаконнікі, а таксама апрацоўваюць падыходы да пад’ездаў. Дэзінфекцыя праводзіцца ў гасцініцы і доме паляўнічых у Ціханятах, а таксама ў шматкватэрным жыллі на сяле.

У дзень камунальнікамі расходуецца каля 100 літраў дэзраствору, які УП ЖКГ закупляе за ўласныя сродкі. Таксама імі набыта пяць ручных апырсквальнікаў, а спецмашына ўзята на пракат.

Паштоўка медыкам

БРСМ і РУП “Белпошта” прапануе ўсім жадаючым выказаць словы падтрымкі, захаплення, падзякі медыцынскім работнікам краіны. Для гэтага неабходна адправіць паштоўку на адрас абсалютна любой медустановы (яго можна знайсці ў інтэрнэце). Марка або канверт не спатрэбяцца, паколькі з 14 красавіка і да канца месяца “Белпошта” забяспечыць бясплатную дастаўку картак з хэштэгам #спасибомедикам.

Варыянты гатовых паштовак даступныя па спасылцы на гугл-дыск. Зрэшты, можна праявіць і ўласную фантазію, зрабіць штосьці сваімі рукамі, галоўнае – захоўваць правілы гігіены.

Падтрымка прафсаюзаў

Ва ўмовах пандэміі прафсаюзныя арганізацыі Віцебскай вобласці задзейнічалі дадатковыя механізмы падтрымкі найбольш неабароненых катэгорый грамадзян. У многіх прафарганізацыях створаны касы ўзаемадапамогі, куды накіроўваюцца сродкі, вызваленыя ў выніку адмовы ад непершачарговых страт. На набыццё сродкаў індывідуальнай абароны і матэрыяльную дапамогу працоўных абласнымі арганізацыямі галіновых прафсаюзаў выдаткавана 24,1 тысячы рублёў, раённымі, гарадскімі аб’яднаннямі – 21,3, раённымі, гарадскімі і пярвічнымі прафарганізацыямі – 70,3 тысячы. Так, абласной арганізацыяй прафсаюза работнікаў аховы здароўя 23 тысячы рублёў накіравана абласной інфекцыйнай бальніцы для куплі ахоўных касцюмаў, масак і пальчатак.

Клапоцяцца пра сваіх работнікаў і прафсаюзы Ушаччыны. Напрыклад, набылі ахоўныя маскі, сродкі для дэзінфекцыі рук і апрацоўкі памяшканняў прафсаюзныя арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Сярод “пярвічак” сельгаспрадпрыемстваў – філіял “Маяк-Ушацкі”. У лясгасе, райспажыўтаварыстве і многіх іншых прадпрыемствах дэзсродкі і маскі набыты за кошт арганізацыі.

– На жаль, не ўсе людзі выкарыстоўваюць сродкі абароны, – заўважыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка. – А важна перш за ўсё асабістая адказнасць за сваё здароўе і бяспеку акружаючых. Адзначу, што старшыні “пярвічак” на месцах праводзяць прафілактычныя гутаркі, размяшчаюць памяткі з інфармацыяй аб каранавіруснай інфекцыі. Прафактывісты агаворваюць з наймальнікамі магчымасць карэкціроўкі рэжыму працы. Кантралююцца таксама перыядычнасць і якасць – дэзінфекцыя працоўных месцаў і памяшканняў агульнага карыстання.

Рынак працуе па графіку

У звычайным рэжыме працуе рынак: адкрыты як павільёны з харчаваннем, так і прамысловымі таварамі. Як паведамілі спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія правяраюць аб’ект, штодзённа робіцца вільготная ўборка з дэзрастворамі, у прадаўцоў, якія працуюць у масках і пальчатках, у наяўнасці ёсць антысептыкі для рук. Пра сваю бяспеку трэба клапаціцца і пакупнікам: таксама апранаць ахоўныя сродкі, не падыходзіць блізка адзін да аднаго і вельмі добра мыць набытыя агародніну і фрукты.

Матэрыялы падрыхтавалі Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга Караленка, Вольга Камаркова.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *