Немало звёзд дзюдо воспитала заместитель директора Ушачской ДЮСШ и тренер Вера Килина

Cпорт

У вядомым лозунгу “На работу, як на свята” намеснік дырэктара і трэнер Ушацкай ДЮСШ Вера Васільеўна Кіліна іранічнага падтэксту не бачыць. Кажа, што ніколі не разумела людзей, якія сустракаюць панядзелкі ў сумным настроі – справа жыцця абавязкова павінна радаваць. І ў яе выпадку ўсё менавіта так. А сведчаннем правільнага выбару прафесіі стаў факт, што прозвішча В.Кілінай ужо ў другі раз занесена на раённую Дошку гонару.

У васьмідзясятых ва Ушачах адкрылася вадналыжная секцыя, і Вера з зайздрасцю глядзела на старэйшага брата Сяргея Фаміна, які з “дошкамі” за плячыма бег на Вечалле. А неўзабаве шанц заняцца спортам выпаў і дзяўчынцы: у гарпасёлак з Наваполацка прыехаў малады трэнер па дзюдо Станіслаў Шэдзько. Маленькае памяшканне за будынкам міліцыі, дзе праходзілі першыя трэніроўкі, з вялікай цяжкасцю ўмясціла ўсіх жадаючых асвойваць экзатычны для Ушач від. Прыёмы адпрацоўвалі на старых матрацах, было спякотна, як у лазні, але практычна ўсім дзюдо спадабалася. Паспрыяла гэтаму найперш прыцягальная асоба трэнера, разам з якім дзятва качавала па трэніровачных пляцоўках – спачатку дзюдаісты перабраліся ў Дом піянераў, потым у лазневы комплекс. А з якой радасцю яны займаліся на зялёных барцоўскіх матах, абзавесціся якімі дапамог былы трэнер Станіслава Анатольевіча Уладзімір Панкрацьеў.

Разам з сяброўкамі Наташай Гайковіч, Надзяй Урбановіч Вера стала прадстаўніцай першай плеяды ўшацкіх зорачак дзюдо. З выбарам, куды паступаць пасля школы, дзяўчына не вагалася: вядома ж, у сталічную Акадэмію фізічнага выхавання і спорту! Здольнасці ўшачанкі прыкмеціў заснавальнік беларускага жаночага дзюдо Сяргей Савельеў – Вера трапіла ў нацыянальную зборную, стала неаднаразовай чэмпіёнкай рэспублікі. Аднак развіць спартыўную кар’еру перашкодзіла атрыманая на апошнім курсе траўма меніска. Зрэшты, выпускніцу гэта не надта і засмуціла: у родных Ушачах чакаў Станіслаў Анатольевіч, з якім даўно заключылі дамову, што ён будзе трэніраваць хлопцаў, а яна – дзяўчат.

Вось толькі скласціся гэтаму тандэму не было суджана: летам 1996-га трэнер раптоўна пайшоў з жыцця. Як і многія іншыя, Вера востра перажывала страту і нават не рашылася адразу працягнуць яго справу – баялася, што не зможа адпавядаць. Ды ўсё ж, адпрацаваўшы адну чвэрць настаўнікам у Старасельскай школе, саступіла ўгаворам тагачаснага дырэктара ДЮСШ Ігара Клімашэўскага і ўзначаліла аддзяленне дзюдо.

“Спачатку было няпроста – асабліва маральна, бо некаторыя вучні, з якімі не так даўно займаліся ў адной зале, былі ўсяго на некалькі год маладзейшымі. Памятаю, як кіраўнік спарткамітэта Леанід Леанідавіч Севярын пастроіў дзюдаістаў, паведаміў ім маё імя па бацьку і загадаў звяртацца да мяне выключна так”, – з усмешкай расказвае В.Кіліна. А неўзабаве ў школу прыйшоў трэнер Аляксандр Гарадко – і ўзяў на сябе хлапчуковыя групы. Прынамсі, Вера Васільеўна прызнаецца, што, канечне, гатова была працаваць з усімі, але лепш у яе атрымліваецца з дзяўчатамі – магчыма, з-за больш дасканалага ведання іх псіхалогіі і фізіялогіі.

І плёнам гэтага яднання стала цэлая абойма дзюдаістак высокага класу. Першы яркі поспех прыйшоў да маладога трэнера ў 2000-м, калі ўшацкая каманда выйграла абласную спартакіяду сярод ДЮСШ і атрымала права паехаць у Гродна на рэспубліку. Там нашы дзяўчаты выклікалі фурор – Насця Ляшкова, Лера Джураева, Таня Кротава выйгралі золата, Вераніка Марковіч і Таня Леднік дадалі ў скарбонку срэбра і бронзу, і нікому не вядомая каманда аказалася другой у краіне! Для многіх з іх спорт стаў справай жыцця: Насця – прыма сусветнага дзюдо і самба, з Леры атрымаўся цудоўны трэнер. Па слядах свайго педагога пайшла і Крысціна Голубева, якая зараз выкладае фізкультуру ў Арэхаўскай школе і вядзе для вясковых дзяцей групу дзюдо. Яна разам з Марынай Антопуш – прадстаўніцы больш позняй хвалі талентаў, адкрытых Верай Васільеўнай: абедзве сталі пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў. А таксама прычынай таго, што свой першы дэкрэтны водпуск іх трэнер скараціла да некалькіх месяцаў: нарадзіўшы зімой дачушку, у верасні вярнулася на работу, бо не магла пакінуць перспектыўных выхаванак. Прынамсі, мець справу ў асноўным з прыгожым полам – гэта ёй нібы наканавана, бо і другім дзіцем у сям’і Веры і Віталя Кіліных стала дзяўчынка. Гераіня аповеду прызнаецца, што ёй пашанцавала і з мужам, і з бацькамі, якія ва ўсім падтрымліваюць і дапамагаюць.

А яшчэ ў яе безліч сяброў – напрыклад, Алёна Кухта нават крыўдуе, калі падчас спаборніцтваў у сталіцы Вера і яе дзяўчаткі спыняюцца не ў яе кватэры. Такімі ж цёплымі сяброўскімі адносінамі звязаны і практычна ўсе былыя выхаванкі С.Шэдзько і В.Кілінай. Так, хроснай мамай аднаго з дзяцей Насці Архіпавай стала Аксана Пугач. Калі ж дзяўчаты і іх трэнер сустракаюцца разам – успамінаць былыя подзвігі могуць бясконца. Пра тое, напрыклад, як аднойчы ў Мінску будучую чэмпіёнку “забыліся” ў гарадскім аўтобусе. Група выйшла на прыпынку, а яна паехала далей – мабільнікаў тады не было і Насцю шукалі па ўсім Уруччы: яна ж тым часам не разгубілася і пайшла ў міліцыю, якая і дапамагла вярнуцца на базу. А аднойчы трэнеру ўсё ж давялося чырванець за сваіх дзяўчат: падчас турніру яны жылі ў інтэрнаце, і ў санітарным пакоі заклінавала замок. Крыху пагукаўшы па дапамогу, нашы дзюдаісткі вырашылі праблему кардынальна: адчынілі дзверы “лёгкім рухам нагі”. За пашкоджаную маёмасць давялося адказваць, але ж Вера Васільеўна дзяўчат не адчытвала: сама ж паспрыяла таму, што яны такія моцныя!

Ды і ўвогуле накрычаць на вучня, зняважыць яго для яе табу. Яна ставіцца да кожнага, як да ўласнага дзіцяці – а выхаванцы гэта адчуваюць і дзеляцца з трэнерам самым патаемным, расказваюць пра першае каханне і сямейныя канфлікты, просяць парады. Вось і бягуць адразу на комплекс, прыехаўшы ва Ушачы пасля перамогі на юнацкім першынстве краіны, студэнткі ўніверсітэта фізкультуры Крысціна Зуева і Даша Падгол – бо хутчэй трэба расказаць сваім трэнерам В.Кілінай і В.Джураевай пра турнір, раздзяліць з імі трыумф. А Вера Васільеўна шчыра радуецца і вучыць, што і ў жыцці, і ў спорце трэба заставацца моцным і добрым, чулым і справядлівым.

Амаль чвэрць стагоддзя аддадзена любімай справе. Першыя выхаванцы выраслі і ўжо прывялі да яе сваіх дзяцей – здаецца, учора выходзіла на татамі Каця Маркевіч, а цяпер старанна вывучае прыёмы яе дачка Арына. І сцвярджае, што ўжо выбрала будучую прафесію: хоча стаць трэнерам, як Вера Васільеўна.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *