Работники физической культуры и спорта отмечают профессиональный праздник и подводят итоги работы

Cпорт

Прафесійнае свята работнікаў фізічнай культуры і спорту – добрая нагода, каб падвесці вынікі зробленага, агучыць планы на будучае і, канечне, прыгадаць энтузіястаў спартыўнай справы Ушаччыны. Зрабіць гэта мы папрасілі начальніка сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргея Іванавіча ЦІХАНЁНКА.

Летась комплексам зароблена 221000 рублёў, а яго акупляльнасць склала 59,2 працэнта – гэта адзін з лепшых паказчыкаў для падобных аб’ектаў у рэспубліцы.

У нашым раёне створаны ўсе ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам. І амаль для чвэрці ўшачан яны з’яўляюцца неад’емнай часткай жыцця. Спартыўна-масавую работу з насельніцтвам праводзіць раённы фізкультурна-спартыўны клуб. Працуюць групы па футболе, валейболе, агульнафізічнай падрыхтоўцы як для дзяцей і падлеткаў, так і для дарослых – іх наведвае каля 200 аматараў. Толькі за мінулы год было праведзена 69 раённых спартыўных мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел 3302 чалавекі. Традыцыйна масавымі былі спартакіяда працоўных калектываў, “Беларуская лыжня”, спаборніцтвы па стральбе і плаванні, міні-футболе. Некалькі тыдняў вызначалі лепшых на раённым чэмпіянаце майстры малой ракеткі. Укараняліся і новыя віды спорту – такія, напрыклад, як стрытбол. Адмысловыя мерапрыемствы кшталту квестаў і спартландый праводзіліся для моладзі. А нядаўна з поспехам прайшлі міжнародныя дзіцячыя спаборніцтвы па міні-футболе. Заняткі фізкультурай у нас даступны людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Вельмі папулярныя яны ў прадстаўніц “залатога ўзросту”, якіх у клубе “Імпульс” аб’яднала Таццяна Леанідаўна Клопава. Для людзей гэтых катэгорый на базе “Юнацтва-Ушачы” ладзяцца спартакіяды з удзелам каманд з іншых раёнаў. А ў Лепелі, напрыклад, сфарміраваліся тры групы, якія пастаянна наведваюць наш басейн.

Да кожнага мерапрыемства работнікі ФСК старанна рыхтуюцца, прыдумваюць арыгінальныя конкурсы і прызы, дзейнічаюць у супрацоўніцтве з БРСМ, прафсаюзамі і ветэранскай арганізацыяй.

На комплексе пастаянна аналізуюць, якія паслугі карыстаюцца асаблівым попытам. Сярод такіх, напрыклад, групы “Пілатэс”, Zumba» і «Zumba Kids», заняткі ў якіх не першы год вядзе Юлія Казак. Яна творча падыходзіць да справы, абнаўляе і ўдасканальвае праграму. Укараняюцца і новыя прапановы: так, з мінулай вясны трэніроўкі на скаладроме пад кіраўніцтвам вопытнага інструктара Валерыя Уладзіміравіча Кораня распачалі аматары скалалажання. Ёсць ужо і першыя спартыўныя вынікі: каманда юных скалалазаў прыняла ўдзел у абласных спаборніцтвах, а Ксенія Крахотка выканала нарматыў юнацкага разраду.

Традыцыйна плённа вядзе сваю дзейнасць Ушацкая ДЮСШ. Зараз на пяці яе аддзяленнях займаюцца 186 дзяцей у 22 групах. Летась выхаванцы спартшколы прынялі ўдзел у 25 абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, на якіх занялі 21 першае, 18 другіх і 20 трэціх месцаў. Юныя стралкі Дар’я Мацвеенка, Максім Клімашэўскі і самбіст Данііл Кузняцоў атрымалі першы дарослы разрад.

Кожны год нам удаецца развіваць інфраструктуру і ўмацоўваць спартыўную базу раёна. Так, летась было адкрыта футбольнае поле са штучным пакрыцём, устаноўлены шматфункцыянальны сілавы комплекс, выраблена перадпраектная дакументацыя і бізнесплан для будаўніцтва інтэрната для спартсменаў. За мінулы год на закупку спартыўнага інвентару і абсталявання з пазабюджэтных сродкаў накіравана 41500 рублёў. У лістападзе ДЮСШ набыла мікрааўтобус на 20 месцаў – гэта дазваляе дастаўляць дзяцей на спаборніцтвы, арганізоўваць паездкі для ўшачан і спартсменаў, што праводзяць зборы на базе “Юнацтва- Ушачы”. Да слова, як айчынныя, так і замежныя госці пакідаюць выключна станоўчыя водгукі пра ўмовы трэніровак на комплексе. У планах на бягучы год – набыццё вінтовак для аддзялення кулявой стральбы, турыстычнага інвентару.

Праводзіцца і мэтанакіраваная работа па развіцці турыстычнай галіны: за мінулы год у нашым раёне пабывала больш 6000 турыстаў, з іх 2500 – замежных. Адметнай падзеяй стаў фестываль “Еxtreme Прарыў”, які наведала больш за паўтары тысячы чалавек – мяркуем, што ён стане адным з брэндаў раёна.

Ну а галоўнай нашай каштоўнасцю, канечне, з’яўляюцца бязмежна адданыя спорту людзі. Не адзін дзясятак год прысвяцілі трэнерскай справе Пётр Юльянавіч Варатынскі і Таццяна Леанідаўна Клопава, згуртоўвае аматараў шахмат і шашак Уладзімір Міхайлавіч Верлаў, плённа працуе сямейны трэнерскі дуэт Рамана і Святланы Фядосенкаў, новых чэмпіёнаў спраўна рыхтуюць Вера Кіліна і Валерыя Джураева, ахвотна прыходзяць дзеці на заняткі ў басейн да маладога трэнера Вікторыі Лукашэвіч, самыя складаныя пытанні здольныя вырашыць Сяргей Кіслы і Вадзім Рубанік.

Нельга не прыгадаць добрым словам і настаўнікаў фізічнай культуры, якія фарміруюць у дзяцей прыхільнасць да здаровага ладу жыцця. Іх вучні штогод адзначаюцца гучнымі перамогамі: вось і нядаўна мы радаваліся поспеху ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімнім мнагабор’і “Здароўе” падапечнай настаўніка Глыбачанскай школы Арцёма Церашкаўца Міланы Барадулькі.

Асобныя словы ўдзячнасці хочацца адрасаваць энтузіястам, для якіх спорт з’яўляецца не прафесіяй, а захапленнем. Менавіта яны згуртоўваюць вакол сябе калег, рыхтуюць каманды для ўдзелу ў раённых мерапрыемствах. Заўсёды на чале сваёй дружыны дырэктар Ушацкай школы Віталь Клімашэўскі, вядзе наперад зборную камунгасаўцаў Павел Пашкоў, актывізаваў спартыўнае жыццё “Маяка-Ушацкага” Мікалай Фядосенка, натхняе каманду кааператараў Таццяна Хрыпель – гэты пералік можна працягваць доўга.

І я хачу павіншаваць са святам усіх ушачан, якія не ўяўляюць жыцця без фізічнай культуры і спорту, цяперашніх маіх калег і ветэранаў галіны. Моцнага вам здароўя, энергіі і запалу!

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *