Представители трудовых коллективов Ушаччины показали своё мастерство на районных соревнованиях по стрельбе

Cпорт

Спаборнічалі стралкі

Сёлета ў раённых спаборніцтвах па стральбе прынялі ўдзел прадстаўнікі дзесяці працоўных калектываў Ушаччыны. Многія ўжо не першы раз выказалі жаданне паспрабаваць сябе ў гэтым відзе спорту. У ціры Ушацкай школы разгарнулася напружаная барацьба за перамогу. Аб высокай падрыхтоўцы каманд сведчыць той факт, што разрыў паміж пераможцамі быў мінімальны – 1­2 ачкі, а ў асабістым заліку сярод мужчын, напрыклад, нядрэнны вынік у 41 ачко з 50 магчымых адпавядаў толькі 11 месцу! Лепшым стралком сярод моцнай паловы стаў Дзмітрый Карэйша з райгаза з вынікам 47 ачкоў. Другое месца заняў з 45 ачкамі прадстаўнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Максім Кляшторны, толькі на адно ачко адстаў ад яго Іван Сісковіч з вузла электрасувязі.

Адной з умоў удзелу ў спаборніцтвах была наяўнасць у складзе каманды мінімум адной прадстаўніцы слабага полу, таму сярод жанчын вынік падводзіўся асобна. Лепшай стала Аксана Ярмош з УП ЖКГ, якая выбіла 45 ачкоў, другі вынік (42) у педагога Алены Жалейкі з Арэхаўскай школы. Адразу тры ўдзельніцы набралі па 41­м ачку – Аксана Сабіна з райгаза, Галіна Леднік, якая выступала ў складзе выратавальнікаў, і пастаянная ўдзельніца спаборніцтваў па стральбе Ірына Голік з райбальніцы, якая можа паспрачацца ў трапнасці з большасцю мужчын. Але на гэты раз фартуна была не на баку Ірыны Арсенцьеўны і трэцяе месца па дадатковых паказчыках прысудзілі Г.Леднік.

Агульнакамандны ж залік размеркаваўся сёлета наступным чынам: абсалютная перамога дасталася аддзелу па надзвычайных сітуацыях, другое месца занялі прадстаўнікі Дэпартамента аховы, трэцімі сталі спартсмены з райгаза. Пераможцы атрымалі ад арганізатараў спартыўнага мерапрыемства заслужаныя ўзнагароды.

– Прыемна, што сёлета колькасць каманд­удзельніц павялічылася ў параўнанні з мінулым годам, а спартсмены паказалі такія вынікі. Думаю, што ў наступным годзе жадаючых “трапіць у дзясятку” будзе яшчэ больш! – адзначыў дырэктар фізкультурна­спартыўнага клуба “Ураджай” Д.П.Дрозд.

…і шахматысты

Гэты від спорту не залежыць ад спрыяльных кліматычных умоў – займацца ім можна ў любым узросце і круглы год. У мінулыя выхадныя ва Ушачы да сваіх сяброў­сапернікаў прыехалі на міжраённы турнір сапраўдныя аматары шахматных баталій з Докшыц, Шуміліна, Лепеля, Глыбокага, Бешанковіч.

Фаварытамі турніру з’яўляліся прадстаўнікі Докшыц і Лепеля, менавіта яны за апошнія гады пяць разоў па чарзе станавіліся чэмпіёнамі вобласці на шахматных турнірах сярод сельскіх раёнаў. У гэты дзень менавіта паміж імі і разгарнулася сапраўдная барацьба за перамогу. У асабістым заліку лепшым стаў лепяльчанін, другое і трэцяе засталося за прадстаўнікамі Докшыц. У камандным заліку перамогу зноў жа святкаваў Лепель, другое месца заняла каманда Докшыц. А вось трэцімі на гэты раз сталі ўшачане.

Ужо ў наступныя выхадныя ў Глыбокім шахматысты пазмагаюцца за пераходны кубак на турніры памяці А.Мялешкі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *