Магазин «На Витебской» возобновил свою работу!

Главное

Суботнім ранкам ля магазіна “На Віцебскай” сабраліся людзі, што пражываюць у аднайменным мікрараёне. Прыйшлі на адкрыццё гандлёвай кропкі, канечне, не з-за адсутнасці тавару – у кампактным гарпасёлку яго хапае ў розных “сеткавікоў”. Проста сумавалі па гэтай краме пасля яе закрыцця, аб чым і сведчылі шматлікія водгукі.

“Мы вельмі чакалі яго адкрыцця. Для нас, пенсіянераў, гэта асабліва важна, каб не хадзіць далёка”, – агучыла думку групы жыхароў дома па Віцебскай, 2 Любоў Буевіч. “Хоць “Санта” і блізка, аднак раней усё неабходнае набывала толькі тут”, – паведаміла Любоў Власенка з Ленінскай, 1, аглядаючы тавар з малочнымі прадуктамі ў спецыяльным лары.

Так, пакупнікі наноў знаёміліся з магазінам, падзеленым на тры ўмоўныя зоны. Каўбасы і мясныя паўфабрыкаты, рыба, марожанае – у асобных халадзільніках. Бакалея, кандытарскія вырабы, напіткі самі прасіліся ў рукі. Яшчэ адна секцыя адведзена пад бытавую хімію і прамысловыя тавары першай неабходнасці. Агародніна, фрукты – у скрынях у цэнтры вялікай залы. Нягледзячы на запоўненасць таварам, тут зручна выбіраць пакупкі, і кошыкі пакупнікоў хутка напаўняліся. Іх нават не хапіла, і Алена Банеўская трымала ў руках апетытныя апельсіны, масла, вафлі: “Упэўнена, выкажу агульную думку – вельмі рада, што ў мікрараёне ў крокавай даступнасці зноў адноўлены магазін. Зразумела, мне не складана прайсці да іншага, але навошта? Ды і асартымент у сеткавікоў адрозніваецца, а для пакупніка чым большы выбар – тым лепш”.

У першыя хвіліны работы магазіна нават утварылася чарга, бо кожны выходзіў з самымі рознымі пакупкамі: кансервамі, ёгуртамі, вінаградам, марожаным, шампанскім – адзін з наведвальнікаў жартаваў, што падыме бакал за поспех аб’екта.

А што ён будзе, дырэктар Полацкай гарадской нарыхтоўчай канторы Людміла Паўлава не сумняваецца: “Магазін размешчаны ў вялікім жылым мікрараёне, і практычна ўсе яго жыхары будуць нашымі наведвальнікамі – знойдуць тавар для сябе і сям’і, паколькі маецца ўсё. Як і ў іншых магазінах “Белкаапсаюза” мы забяспечылі добры асартымент, які ў многім будзе залежыць ад пакупнікоў. Хачу, каб ушачане не саромеліся выказваць прадаўцам свае пажаданні, тым больш што апошнія ўпаўнаважаны заказваць прадукты на прамую ад вытворцаў, а фарміруюць заяўкі згодна запытаў. Таксама нагадаю, што дзейнічаюць скідачныя карткі на сацыяльна значныя тавары для пенсіянераў і малазабяспечаных катэгорый”.

Дарэчы, адна з такіх картак падчас абслугоўвання не спрацавала. Збой работнікі гандлю патлумачылі тым, што ёй працяглы час не карысталіся і супакоілі, што заказваць новую не трэба, дастаткова проста актывізаваць непасрэдна ў магазіне.

Працаваць магазін “На Віцебскай” будзе без выхадных і перапынкаў з 7.30 да 19 гадзін.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *