Калі мы зазірнулі на кукурузныя палеткі ля Бярозак, убачылі тут не толькі дуэт КВК і адвозчыка, што сінхронна рухаўся па вялікім жоўта-зялёным полі, а і магутны трактар, які дзяжурыў на ўскрайку з буксіровачным тросам напагатове.
Хоць здрабнёная кукурузная маса не вельмі цяжкая, але ад працяглых вераснёўскіх дажджоў глеба назапасіла шмат вільгаці і перыядычна выпрабоўвала нервовую сістэму вадзіцеляў, засмоктваючы колы нагружанай “зялёнкай” тэхнікі.
Зрэшты, лёгкі МТЗ-1221 Юрыя Юркевіча гэты лёс абмінуў: шпарка аб’ехаўшы круг разам з кормаўборачным комплексам, трактар бадзёра выруліў на шашу і павёз зялёны груз у бок зернетока “Сафійскіх дароў”, дзе ў гэты дзень закладалася сіласная траншэя. А вось самазвал Аляксандра Лабаня, які тым часам заняў месца побач з камбайнам, напрыканцы палявой пятлі давялося “дзёргаць”.
Не абыйшоўся без “хуткай тэхнічнай дамамогі” і магутны МАЗ Сяргея Іванова, які прыбыў на адвозку трэцяй адзінкай. Прычым, гэты працэс мы ўбачылі “знутры”, бо добразычлівы вадзіцель згадзіўся правезці нас па кукурузным полі ў кабіне грузавіка. Праўда, нармальна пагутарыць з Сяргеем было праблематычна: корманарыхтоўка патрабуе ад шафёра пастаяннай канцэнтрацыі ўвагі, на імгненне расслабішся, згубіш сінхроннасць – і зялёная маса паляціць міма кузава. Затое мы добра прачулі ўмовы, у якіх працуюць аграрыі на гэтым фронце работ…
А пра вадзіцеля ДРБУ-105, які літаральна ўвесь сезон шчыруе поруч з сафійцамі, нам расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Гурамі Буркенадзэ, які пад’ехаў на палеткі, каб пракантраляваць працэс. Аповед быў кароткі, але ёмісты: “Добры Сяргей хлопец. Хоць і працуе ў дарожнай службе, але па натуры наш, калгасны”. Работнікі “Сафійскіх дароў” ведаюць, што заслужыць такую ацэнку ў патрабавальнага кіраўніка гаспадаркі зусім няпроста… І ў ліку тых, у адрас каго заўсёды гучаць толькі добрыя словы, – галоўны герой гэтага палявога рэпартажу, машыніст КВК Міхаіл Ражноўскі. Сапраўдны ўніверсал, адказны, сумленны і вельмі сціплы чалавек – менавіта на такіх трымаецца нялёгкая сельскагаспадарчая галіна.
- Калі ацэньваць ход корманарыхтоўкі ў цэлым, дык лідарства тут трымаюць вялікадальчане, у якіх ужо назапашана 24,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. У сярэднім па раёне адпаведны паказчык на ўчарашні дзень складаў каля 20,5 цэнтнера. Пры гэтым варта адзначыць, што ўсе нашы гаспадаркі “плюсуюць” па прыгаданай лічбе ў параўнанні з адпаведнай леташняй датай.
…Сафійцы, як і іншыя ўшацкія аграрыі, пастараліся максімальна плённа выкарыстаць спрыяльны тыдзень, якім адарыла нас нябесная канцылярыя. У гаспадаркі традыцыйна самыя вялікія плошчы ўборкі кукурузы на сілас і зялёны корм – 700 гектараў (усяго па раёне – 1900). На ўчарашні дзень аграрыі Ушаччыны нарыхтавалі каля 12200 тон кукурузнай масы, 5300 з іх – на рахунку “Сафійскіх дароў”. Гэтае прадпрыемства заклала больш 4500 тон сіласу пры заданні 16100, варта адзначыць, што тут самая высокая сярэдняя ўраджайнасць “каралевы палёў” – 205 ц/га, а ў пачатку, калі ўбіралі завячэльскія ўчасткі, яна была яшчэ большай. Але тэмпы работ, безумоўна, трэба нарошчваць.
Ёсць у сёлетніх планах аграрыяў і ўборка кукурузы на зерне: у кожнай з трох ушацкіх гаспадарак пад яе адведзена па 200 гектараў плошчаў. А вось работнікі ўчастка “Дабея” ТАА “Вітконпрадукт” гэты працэс ужо распачалі – зернеўборачныя камбайны шчыруюць на стайскіх палетках, дзе пад прыгаданую культуру было адведзена 743 гектары плошчаў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.


