Около 40 сортов фиалок в коллекции ушачанки Дианы Шараг

Калейдоскоп

“Фіялкі – гэта небяспечная хвароба! Калі абзавёўся адной, то на гэтым наўрад ці спынішся!” – усміхаецца ўшачанка Дзіяна Шараг, якая на працягу апошніх трох гадоў захапляецца вырошчваннем гэтай прыгожай пакаёвай кветкі. На сённяшні дзень у яе калекцыі ўжо амаль 40 сартоў.

Пачалося ж усё з таго, што падчас дэкрэтнага адпачынку вырашыла чым-небудзь заняцца. Убачыўшы ў інтэрнэце фота фіялак, набыла сабе парачку. Але калі яе пакой ўпрыгожылі яркія фарбы сенполій (такую навуковую назву носіць расліна), захацелася яшчэ і яшчэ. Купляла ў магазінах і абменьвалася парасткамі з такімі ж аматарамі. Некаторыя экзэмпляры паспяхова дабраліся да яе поштай нават з Брэста. Прычым, Дзіяне цікава не толькі папаўняць сваю калекцыю новымі відамі, а і размножваць тыя, што ёсць. “Хадземце пакажу мой дзіцячы сад!” – так дзяўчына называе зусім яшчэ маленькія фіялкі-дзеткі. Спачатку адрэзаны ад дарослай расліны лісток яна адпраўляе ў зямлю. Па яе назіраннях так хутчэй пачынаецца рост, чым спачатку ставіць у ваду. Калі ад листка пачынаюць расці “дзеткі” – рассаджвае іх у невялікія пластыкавыя шкляначкі. Пасля чаго фіялкі і адпраўляюцца ў дзіцячы сад, дзе для іх росту створаны ўсе ўмовы: спецыяльны кантэйнер накрываецца празрыстай плёнкай і перыядычна праветрываецца, а лямпа дае дадатковае святло. Ну а калі кветкі падрастаюць, то перасаджваюцца ў большыя вазоны.

У Дзіяны больш сотні гэтых прыгожых раслин. “Муж ужо жартуе, што ў нас у доме куды ні глянь – усюды фіялкі, – кажа Д.Шараг. – Многія сцвярджаюць, што гэта капрызная кветка, я ж лічу яе не надта патрабавальнай. Тым, хто абзаводзіцца фіялкай, параіла б не ставіць яе на сонца, а выбраць светлыя месцы без прамых промняў. Каб кветкі добра раслі, раз у два тыдні падкормліваю іх універсальным комплексным угнаеннем. У паліве трэба знайсці залатую сярэдзіну, бо як сухая глеба, так і надта залітая вадой не падабаецца сенполіям. Для фіялак набываю ўніверсальны ці спецыяльны грунт. Калі вы хочаце зэканоміць, то, канечне, можна ўзяць і глебу з агарода, аднак перад пасадкай варта патрымаць яе ў моцна разагрэтай духоўцы хвілін пяць, каб не засталося ніякіх шкоднікаў. У цэлым нюансы вырошчвання асвойвала ў працэсе, эксперыментуючы, шмат інфармацыі знайшла ў інтэрнэце. Мае ж любімыя сарты – гэта махровыя з бела-зялёнымі лісткамі кшталту “Дон Жуана” ці “Ледзяной ружы”. Калі правільна даглядаць фіялку, яна можа цвісці цэлы год, нават не адпачываючы!” – расказвае Дзіяна.

Растуць у доме Д.Шараг і іншыя кветкі, але не ў такой колькасці. І хоць часам каб дачакацца суквеццяў новага сорту і вырасціць дарослую расліну можа прайсці цэлы год, дзяўчына сцвярджае, што такое захапленне прыносіць ёй вялікае задавальненне.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *