Работы художницы-самоучки Валерии Костюченко из Двор Плино впечатляют!

Образование и молодежь

Валерыя Касцючэнка настолькі непублічны чалавек, што наўрад ці б яе работы ўбачыў нехта акрамя родных. Аднак менавіта дзякуючы ім, а дакладней бабулі – удзельніцы жаночага клуба па інтарэсах “Плінчаначка” Веры Парашкінай зараз яны выстаўлены ў бібліятэцы вёскі Двор Пліна. Калі ў лютым загадчыца мясцовай установы культуры Вера Васільеўна Дрозд знаёміла сваіх наведвальніц з творамі маладога земляка Тараса Шчэрбіка, В.Парашкіна зазначыла, што яе ўнучка таксама добра малюе. І з Наваполацка былі дастаўлены стосы папак з аркушамі.

– Нездарма кажуць, што лепш адзін раз пабачыць. Я і не чакала, што работы Леры акажуцца настолькі моцнымі. Вы паглядзіце, якія на ўсіх партрэтах вочы, быццам на цябе глядзяць жывыя людзі, – Вера Васільеўна падводзіць ад аднаго партрэта да другога і не перастае захапляцца творамі свайго чарговага адкрыцця. – Што гэты чалавек у магазіне робіць?

І сапраўды, незалежна ад таго, выводзіла мастачка твары алоўкам, шарыкавай ручкай ці акварэллю, яны дасканалыя, быццам фотаздымкі. І пры гэтым усе розныя па перадачы ценяў і настрою, які ёсць, нават калі вочы ў героя заплюшчаны, як у пераможцы Еўрабачання Аляксандра Рыбака.

На наведвальнікаў выставы глядзяць артысты, музыканты, творчасцю якіх Валерыя захаплялася яшчэ ў школе. Малюе яна з дзіцячага ўзросту, нават у студыю выяўленчага мастацтва наведвалася пры Наваполацкім цэнтры моладзі. Праўда, зусім непрацяглы час. Яе творчая натура не прымае малявання па заказе. І заданні, што давалі, адбілі ў дзяўчынкі цягу навучыцца маляваць па правілах. Яна проста таленавітая ад прыроды, самародак, які самастойна асвойвае розныя тэхнікі. Напрыклад, дотворк – кропкавую, быццам робіш татуіроўку. Такім вельмі карпатлівым спосабам (кожная кропка ставіцца на аднолькавай адлегласці) намаляваны маленькія гарадскія пейзажы і сімвалічныя работы з японскім богам. На маё пытанне, як даўно яна захапляецца ўсходняй культурай, Лера з абаяльнай усмешкай дадае, што больш падабаюцца японскія машыны. Яна сапраўды разбіраецца ў мадэлях і вельмі любіць вадзіць – яшчэ ў дзяцінстве вучыў дзед Генадзь. І гэта не апошняе захапленне дзяўчыны. Праз аб’ектыў фотаапарата яна прыкмячае нябачнае для іншых, ловіць унікальныя кадры. Таму штатыў і мальберт – дзве асноўныя прылады ў вольны час. Работу нават з мностваў дэталяў яна можа напісаць за вечар, аднак пры адпаведным настроі: не тады, калі сумна або радасна, а калі на душы спакойна.

Хаця Валерыя эксперыментуе, сярод выстаўленых работ нельга не заўважыць сюжэты, што паўтараюцца часцей за ўсё: гэта мужчынскія партрэты і аўтамабілі. “Усё тое, што цікавіць маладую дзяўчыну”, – жартуюць наведвальнікі. Насамрэч практычна ўсе выявы творчых людзей – работы даўнія, а свайго каханага Валерыя ўжо адшукала. Прычым тут, у Двор Пліне, калі вярнулася на радзіму продкаў. Яна працуе ў мясцовым магазіне, у які прыбягала ўлетку падчас канікул: з Ушаччыны і бацькавы, і матчыны карані, таму вельмі часта тут была. А зараз рамантуюць, абжываюць разам з Антонам Мушам прадзедаў дом, прычым таксама па сваім гусце, таму смела бяруцца за перабудовы. За адзін вечар разбурылі старую веранду, каб пабудаваць новую, з’явіліся прасторныя пакоі. Яны не клічуць нікога на дапамогу, і заўсёды ўсё робяць разам. Нешматслоўныя і працавітыя, маладыя людзі вельмі падобныя адзін да аднаго галоўным – багатым духоўным светам: пра такіх кажуць, што ўнутры больш, чым звонку. Яны не заглядваюць далёка, аднак зараз не думаюць пераязджаць у горад, проста будуюць сямейнае шчасце – спакойнае і светлае, як на каляровых работах Валерыі. І калі Антон сваё прызванне знайшоў – ён выдатны ветэрынарны ўрач, без якога ўжо і не ўяўляюць дзейнасці комплексу “Маяка-Ушацкага”, то Валерыя яшчэ ў пошуку занятка, які б адпавядаў яе інтарэсам. Што ж, ёй толькі дваццаць тры: калі ж шукаць сябе, як не зараз.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *