Лучшего активиста молодёжного общественного объединения выбрали на Ушаччине

Наши дети Образование и молодежь

Штогод па ўсёй краіне праходзяць раённыя этапы конкурсу “Лідар – новае пакаленне!”. Такія спаборніцтвы закліканы выявіць найбольш актыўных і ініцыятыўных прадстаўнікоў пярвічных арганізацый БРСМ. Нядаўна лепшага актывіста маладзёжнага грамадскага аб’яднання абралі і на Ушаччыне.За званне лепшага ў гэты дзень спаборнічалі прадстаўнікі шасці школ раёна. Арганізатары мерапрыемства прапанавалі шэраг іспытаў, якія найбольш поўна і ярка раскрываюць лідарскія ўласцівасці. І хаця конкурс меў на мэце вызначэнне аднаго чалавека, але дазвалялася ўдзельнічаць у ім і групе падтрымкі.Практычна ўсе канкурсанты добра ведаюць адзін аднаго. І гэта не дзіўна, бо яны пастаянныя ўдзельнікі разнастайных мерапрыемстваў, што праводзяцца ў раёне. Аднак першае ж выпрабаванне – конкурс візітак – дазволіў паглядзець на юнакоў і дзяўчат з іншага боку, даведацца пра іх захапленні. Так, напрыклад, вучаніца Ушацкай школы Дар’я Іваньковіч любіць займацца вышыўкай і бісерапляценнем, з азартам прымае ўдзел у інтэлектуальных шоу і розных акцыях, якія праводзяцца ва ўстанове адукацыі. Вялікадальчанка Паліна Кісель не ўяўляе свайго жыцця без спорту – аб гэтым сведчаць яе шматлікія ўзнагароды. Вольны ад трэніровак час дзяўчына праводзіць з сябрамі, захапляецца фатаграфіяй і рукадзеллем. Ужо вызначыўся з будучай прафесіяй вучань Плінскай школы Яўген Крывёнак: і хаця з самага дзяцінства любіць геаграфію і выдатна ў ёй разбіраецца, для паступлення ўсё ж выбраў гістарычны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава. Дасць фору Жэня многім сваім сябрам у шашках і шахматах, ну а для стварэння пазітыўнай атмасферы ў калектыве можа нават праспяваць. Сваёй абаяльнай усмешкай і позіркам “з агеньчыкам”, напэўна, заваюе сімпатыю любой дзяўчыны Арцём Молакаў з Ільюшына. Хлопец любіць спорт, шмат часу праводзіць з сябрамі і пры гэтым паспявае нядрэнна вучыцца. Добра разумее сэнс прымаўкі “круціцца, як вавёрка ў коле” Віталь Дзямідаў з Арэхаўскай школы. Кожны яго дзень насычаны справамі: падрыхтоўка інфармацыі да класнай гадзіны, правядзенне школьнага мерапрыемства і многае іншае. Ну а пра тое, які ён выдатны танцор, можна было меркаваць па яго выступленні: заліхвацкія рухі хлопца так і вабілі таксама пусціцца ў пляс. Не толькі сваёй мадэльнай знешнасцю, але і цудоўнымі вакальнымі данымі заваявала сімпатыю прысутных Аляксандра Лях з Глыбачкі. Дзяўчына захапляецца спортам, разбіраецца ў паэзіі.

Змястоўнымі атрымаліся і іншыя конкурсныя заданні. Падчас дэбатаў юнакі і дзяўчаты выказвалі ўласныя думкі наконт неадназначных аспектаў нашага жыцця на загадзя зададзеныя тэмы: меркавалі аб ролі спорту ва ўмацаванні здароўя нацыі, падкрэслівалі значную ролю кнігі ў працэсе самаразвіцця чалавека. У конкурсе “Маладзёжныя ініцыятывы” актывісты абаранялі праекты, якія рэалізаваны або яшчэ будуць увасоблены ў жыццё з удзелам пярвічкі БРСМ. У рамках сваіх магчымасцей школьная моладзь прапануе прыцягваць на Ушаччыну замежных турыстаў, наводзіць парадак у сваіх населеных пунктах, увекавечваць памяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, клапаціцца пра бяздомных жывёлін, змагацца з курэннем у маладзёжным асяроддзі. Не пакінуў ніводнага з прысутных без цёплай усмешкі на твары і конкурс відэаролікаў аб дзейнасці пярвічных арганізацый БРСМ.

Трэба сказаць, што кожны з удзельнікаў прадэманстраваў свае лепшыя здольнасці ў розных сітуацыях. Некаму ўдалося бліснуць інтэлектам, камусьці – творчымі здольнасцямі, іншым – дасягненнямі ў грамадскім жыцці. У выніку ўсе актывісты атрымалі граматы, салодкія і каштоўныя падарункі. Пераможцам жа конкурснай праграмы па суме балаў стаў вучань Плінскай школы Яўген Крывёнак.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *