Новую форму да старту навучальнага года атрымалі выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба “Прарыў”, які дзейнічае ва Ушацкай школе. Такі падарунак зрабіла дзяўчатам і хлопцам раённае аддзяленне Беларускай партыі “Белая Русь”.
Клуб, які дзейнічае ва ўстанове ўжо трэці год, аб’ядноўвае тры дзясяткі старшакласнікаў. Як патлумачыў яго кіраўнік Уладзімір Пальчэх, некалькі куртак, пашытых пры стварэнні аб’яднання, патрэбу ўжо не задавольвалі, для буйных мерапрыемстваў форму даводзілася браць у арэнду, таму ўласная амуніцыя, канечне, была неабходна. “Даведаліся пра гэта і дапамаглі юным патрыётам у рамках акцыі “Партыя – дзецям”, – зазначыла старшыня раённага аддзялення Таццяна Глінская. – Сапраўдных патрыётаў сваёй краіны трэба выхоўваць з юных гадоў, а дзейнасць падобных аб’яднанняў спрыяе дасягненню гэтай мэты. Таму мы вырашылі ўзяць шэфства над клубам і ў далейшым дапамагаць рэалізоўваць яго годныя праекты”.
На адмысловай урачыстасці Таццяна Анатольеўна ўручыла новыя камплекты капітану клуба Яраславу Северыну (на здымку). А мы папрасілі юнака падзяліцца сваімі меркаваннямі наконт значэння і дзейнасці “Прарыву”. “Калі наш першы капітан Ціхан Ціханенка паступіў у каледж і мне даверылі лідарскую пасаду – успрыняў гэта з гонарам, – прызнаўся хлопец. – Патрыятызм для мяне – не проста высокае слова: лічу, што ад актыўнасці і правільнай грамадзянскай пазіцыі моладзі залежыць будучае Беларусі. Да таго ж мару пасля заканчэння школы паступіць у Ваенную акадэмію, а мерапрыемствы клуба дапамагаюць падрыхтавацца да такой кар’еры: мы асвойваем элементы страявой падрыхтоўкі, вучымся страляць, знаёмімся з буднямі вайскоўцаў. А яшчэ бяром удзел у розных урачыстасцях. Вельмі запамінальным, напрыклад, стаў фестываль “Пераможныя маршы”, што праходзіў у Наваполацку напярэдадні сёлетняга 9 Мая. Па галоўнай плошчы горада прайшлі вайскоўцы, кадэты, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, і калі мы з сябрамі крочылі ў калоне з песняй “Апошні бой” – эмоцыі адчувалі неперадавальныя. “Прарыў” выпрацоўвае камандны дух, дысцыпліну, загартоўвае маральна і фізічна – думаю, я пераканаўча патлумачыў, за што мы любім наш клуб”.
Далучыцца да аб’яднання могуць і іншыя ўшацкія старшакласнікі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.