В школах Ушаччины прозвенел последний звонок

Образование и молодежь

Такім свята апошняга званка было ўпершыню. Замест масавых цырымоній, вальсу, абдымкаў – больш “сціплыя” мерапрыемствы. У суботу паназіраць за памятнай падзеяй, трапяткімі момантамі развітання са школьнай партай у самай буйной альма-матэр раёна накіраваліся і мы.

Свае карэктывы ў арганізацыю ўрачыстасці ва Ушацкай школе ўнесла не толькі эпідсітуацыя, але і надвор’е – агульны збор выпускных класаў быў аб’яўлены ў прасторным холе на першым паверсе. На ўваходзе – санітайзеры. “Без іх цяпер ніяк – апрацавалі не толькі рукі, але і букетныя ўпакоўкі”, – рыхтуючыся да пастраення, казалі адзінаццацікласнікі. Для іх, здаецца, нічога прынцыпова не змянілася – усе ў прыгожых уборах, з адмысловымі стужкамі выпускнікоў, кветкамі. Падтрымаць нашчадкаў прыйшлі многія бацькі, ну а задорам і творчасцю дзяліліся з прысутнымі самыя маленькія школьнікі.

– Здаецца, толькі ўчора вяла Кірыла за ручку ў першы клас, – падзялілася з намі ўшачанка Таццяна Глінская. – Памятаю, як на плошчы райцэнтра нас сустракала яго першая настаўніца Тамара Рыгораўна Хамёнак, з якім хваляваннем дарыў сынок ёй кветкі і як спяшаўся пасля лінейкі дамоў – хацеў пагуляць з малодшым брацікам Арсеніем, які толькі-толькі з’явіўся на свет. Непрыкметна праляцелі 11 гадоў! Сёння Кірыл дае апошні школьны званок. Гляджу на дзяўчынку-першакласніцу, якая ідзе побач з ім, і не веру, што мой двухмятровы волат некалі быў такім жа маленькім…

– Школа стала для мяне другім домам, – уключыўся ў размову К.Глінскі. –Цяжка будзе развітвацца з ёй і настаўнікамі, дзякуючы якім наблізіўся да сваёй запаветнай мары – стаць урачом. Акрамя ведаў школа дала мне масу пазітыўных эмоцый – ад удзелу ў мерапрыемствах і конкурсах, турыстычных паходах, грамадскім жыцці ўстановы. Ці буду я сумаваць? Канечне! Спадзяюся, што стану ў будучым прафесіяналам сваёй справы, вярнуся на малую радзіму і буду дапамагаць землякам.

Кожны з юнакоў і дзяўчат, безумоўна, захавае ў памяці гэты святочны момант, тым больш, такі асаблівы. Менавіта пра гэта ў сваім прывітальным слове казаў дырэктар навучальнай установы, тата сёлетняга выпускніка В.І.Клімашэўскі.

– Першы жыццёвы іспыт, першае расчараванне, першая перамога – усё гэта было ў сценах школы, – зазначыў Віталь Іосіфавіч. – Але ж дзяцінства заканчваецца. Упэўнены, што ўсе выпрабаванні, якія рыхтуе лёс, кожны пройдзе дастойна.

Дырэктар з гонарам зазначыў, што выпускнікі годна падрыхтаваны да дарослага жыцця, у якое сёлета выходзяць два адзінаццатыя класы, а гэта 49 юнакоў і дзяўчат. Добрую адукацыю, выхаванне ім далі кваліфікаваныя педагогі і найперш класныя кіраўнікі – Алена Валер’еўна Правада і Наталля Мікалаеўна Герцык.

…Вось адзінаццацікласнікі стаяць у рад (праўда, на невялікай адлегласці), такія прыгожыя, засяроджаныя. Вось яны чытаюць вершы на развітанне, робяць памятнае фота. Крыху зайздросцяць ім дзевяцікласнікі, якіх сёлета ва Ушацкай школе 77: для большасці гэтых юнакоў і дзяўчат наперадзе яшчэ два гады навучання. З другога боку хола – вучні іншых класаў, якім за высокія дасягненні ў вучобе, актыўны ўдзел у школьным жыцці, прыкладныя паводзіны, удзел у алімпіядах, навукова­-практычных канферэнцыях, спартыўных спаборніцтвах былі ўручаны граматы і дыпломы.

Названая ўрачыстасць прыгожа, шчымліва прайшла і ў іншых установах адукацыі Ушаччыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *