Воспитанница эстрадного отделения Ушачской детской школы искусств Дарья Крупская получила Гран-при международного фестиваля «Вдохновение осени»

Наш современник Наши дети Образование и молодежь Экономика и малый бизнес

Зусім нядаўна мы расказвалі аб паспяховым выступленні нашай юнай зорачкі Дар’і Крупскай на конкурсе ў Маскве, але выхаванка эстраднага аддзялення Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў дае ўсё новыя падставы для прыгадвання яе прозвішча на старонках нашай газеты: днямі Даша дасягнула чарговага поспеху — атрымала Гран-пры прэстыжнага міжнароднага фестывалю-конкурсу «Натхненне восені» праекта «Я магу», які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Таленавітая дзяўчынка становіцца ўсё больш вядомай у нашай краіне: дзве яе песні «Не бывае неба лепшага» і «Мая Беларусь» уваходзяць у ратацыю FM-радыё «Сталіца», а ў мінулы панядзелак сюжэт пра Дашу быў паказаны па тэлеканале «Беларусь 3». Мы таксама сустрэліся і пагутарылі з юнай спявачкай, калі яна разам з мамай Святланай Пятроўнай прыехала ва Ушачы пасля пецярбургскага трыумфу, каб паказаць сваёй выкладчыцы Алене Анатольеўне Сазонавай атрыманыя за перамогу прызы.

— Раскажы, калі ласка, аб конкурсе і намінацыі, у якой выступала.

— Гэта быў буйны форум, які сабраў больш сотні ўдзельнікаў з розных куткоў Расіі, Казахстана, я ж была адзіная, хто прадстаўляў на ім Беларусь. Пераможцы вызначаліся ў розных творчых напрамках — вакальным, харэаграфічным, мастацкім. Маю катэгорыю «Вакал. Эстрадная песня. Удзельнікі ад 14 да 18 гадоў», спецыялісты называлі адной з самых складаных. Пры гэтым я была малодшай з 24 канкурсантаў — тым больш прыемна і нечакана было атрымаць тут дыплом лаўрэата І ступені.

— А што скажаш пра судзейства на праекце?

— Нават у маёй адносна невялікай конкурснай біяграфіі былі выпадкі, калі складвалася ўражанне, што прозвішчы пераможцаў творчых форумаў вызначаны загадзя. У Санкт-Пецярбургу было не так — ужо адно тое, што Гран-пры (а гэта адзіная вышэйшая ўзнагарода па выніках выступленняў канкурсантаў усіх намінацый) быў прысуджаны не расійскай удзельніцы, гаворыць пра многае. Інакш, напэўна і не магло быць, бо ў склад журы ўваходзілі сапраўдныя прафесіяналы — дацэнты кансерваторыі імя Рымскага-Корсакава, члены Саюза кампазітараў Расіі, артысты тэатра і кіно, спецыялісты ў сферы сучаснай музычнай культуры.

— Ведаю, што твая каронка — песня «Жанна Д’арк». Гледачы слухаюць гэты нумар, затаіўшы дыханне, суперажываюць, як кажуць, да мурашак па скуры. Цяжка пераўвасобіцца ў сваю знакамітую гераіню?

— Не, бо яна блізкая мне па духу. Я таксама па натуры лідар, у чымсьці нават бунтарка. Спакойнае размеранае жыццё — гэта не па мне. Іншыя мае аднакласнікі чакаюць надыходу канікул, я ж падчас іх пачынаю сумаваць, мая стыхія — гэта пастаянны рух, імкненне да дасканаласці, пераадоленне перашкод.

— Калі ўжо закранулі тэму школы — ці ўдаецца за шматлікімі конкурсамі паспяваць асвойваць вучэбную праграму?

— А як жа! Стараюся добра паспяваць па ўсіх прадметах, але самыя любімыя — хімія і біялогія. Да апошняга часу была амаль упэўнена, што, як і мама, звяжу свой лёс з прафесіяй урача, але цяпер, пасля паспяховага ўдзелу ў апошніх конкурсах ужо крыху завагалася — можа варта паспрабаваць сябе ў прафесійнай музыцы… Тым больш што былі ўжо пэўныя цікавыя прапановы. Зрэшты, у мяне яшчэ шмат часу, каб вызначыцца.

— Хто разам з табой падзяляе радасць перамогі?

— Вядома ж, гэта мая мама, якая бязмерна верыць у мой талент і робіць усё, каб ён змог развіцца. Ну і, канечне, педагогі Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў — менавіта пасля паступлення на эстраднае аддзяленне ўстановы пачаліся мае галоўныя творчыя поспехі.

— Дзякуй, Даша, за размову. Будзем чакаць тваіх новых перамог!

Гутарыла Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *