Сад «Малышок»

Общество

На пэўным этапе жыцця кожнага з нас з’яўляецца чалавек, які бярэ нясмелую дзіцячую руку і вядзе за сабой у цудоўную краіну ведаў. Яго вобраз назаўсёды застаецца ў сэрцы дзіцяці.

Сучаснай адукацыі патрэбен яркі, цікавы педагог! На шчасце, у нашым раёне з кваліфікаванымі спецыялістамі праблем няма. Прыклад гэтаму – педагагічны калектыў установы адукацыі “Дзяржаўны яслі-сад №2 г.п.Ушачы”.

 

 

Калі апынаешся ў яслях-садзе “Малышок”, як ніколі адчуваеш невымернае жаданне зноў вярнуцца ў шчаслівыя гады дзяцінства – маленькім, бесклапотным дзіцём прыйсці ў такую ўстанову. Чысценькія, акуратныя калідоры, сцены якіх упрыгожаны карцінамі; цёплыя, утульныя спальныя пакойчыкі; з густам аформленыя і абсталяваныя ў адпаведнасці з узростам дзяцей групавыя памяшканні; якасна арганізаваная дваровая зона адпачынку… Здаецца, нічога лішняга, усё – на сваіх месцах. І гэта дзякуючы стараннасці, адказнасці і неабыякавасці да лёсу ўстановы яе загадчыцы Людмілы Андрэеўны Напрыенка, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла педагогіцы і, у прыватнасці, дзіцячаму яслям-саду №2 г.п.Ушачы. Нічога не застаецца без увагі гэтай мудрай жанчыны. Разам з намеснікам па асноўнай дзейнасці І.У.Акулёнак яны імкнуцца стварыць ва ўстанове цёплую, утульную атмасферу; робяць усё магчымае для таго, каб дзеці адчувалі сябе тут камфортна і радасна, а педагагічны калектыў дасягаў значных прафесійных поспехаў.

Усе дасягненні ўстановы – вынік зладжанай работы як педагогаў, так і астатняга персаналу.

У “Малышку” ёсць музычная і спартыўная залы, спартыўная пляцоўка з бегавой дарожкай, кабінеты настаўніка-дэфектолага, псіхолага, студыя выяўленчага мастацтва “Рэпка” і тэатральна-гульнявая студыя, абсталяваны камп’ютэрны і метадычны кабінеты.

У выхаваўча-адукацыйным працэсе педагогі дзіцячага сада асноўную ўвагу надаюць арыентацыі на асобу дзіцяці, забеспячэнню ўмоў для іх творчасці. Трэба адзначыць плённую працу ў гэтым накірунку С.М.Карабань, Т.П.Міхейка, В.Г.Віннік. Гарманічнаму фізічнаму і псіхічнаму развіццю выхаванцаў спрыяе правільна арганізаваная калектыўная і індывідуальная дзейнасць дзяцей у адпаведнасці з іх узростам, станам здароўя, інтарэсамі і здольнасцямі. Значную ўвагу гэтаму надаюць педагогі А.В.Грышчанка, А.Р. Лёля, М.Л.Пацэйка.

Там створаны і пастаянна ўдасканальваюцца ўмовы, максімальна спрыяльныя фарміраванню асноў здаровага ладу жыцця. Сістэматычна ажыццяўляецца маніторынг здароўя выхаванцаў, праводзяцца спартыўныя святы, дні здароўя. І як вынік гэтай работы, паказчык захворвання дзяцей па ўстанове меншы за раённы і абласны.

Праца педагога каштоўная тым, што яна фарміруе чалавека, а гэта няпроста, бо трэба ўмець не толькі вучыць, але і раскрываць творчыя здольнасці дзіцяці. З гэтай мэтай шырока выкарыстоўваюцца заняткі па інтарэсах. Запатрабаваным у дзяцей з’яўляецца танцавальны гурток, кіраўнік якога В.В.Герасімава робіць усё магчымае для таго, каб заняткі спрыялі павышэнню актыўнасці выхаванцаў; вучыць дзяцей спосабам самавыражэння праз рухі і жэсты. С.П.Тарасевіч, кіраўнік гуртка выяўленчага мастацтва, – першы памочнік маленькіх “мастакоў”. Вось ужо другі год ва ўстанове дзейнічае гурток ручной працы “Пчолка”, кіраўнік якога Л.І.Шэўчанка вучыць дзяцей вырабляць прыгожыя рэчы, падарункі родным і сябрам. Ёсць у “Малышку” і “экзатычны” гурток рытмапластыкі па праграме «Са-Фі-дансе», кіраўнік якога А.А.Банеўская вучыць выхаванцаў не толькі развіваць фізічныя магчымасці, але і адначасова атрымліваць асалоду ад музычных кампазіцый.

Дзеці прымаюць актыўны ўдзел у ранішніках, канцэртах, раённым фэсце «Вясёлка талентаў» і іншых. Іх выступленні заўсёды вельмі яркія, атрымліваюць высокую адзнаку журы конкурсаў. У 2010 годзе сямёра выхаванцаў ясляў-сада сталі пераможцамі абласнога конкурсу дзіцячага малюнка «Дзеці выбіраюць шчаслівае жыццё» і ўзнагароджаны дыпломамі I, II і III ступені.

Важны напрамак у рабоце педагогаў – усталяванне партнёрскіх адносін з бацькамі выхаванцаў. Рэгулярна праводзяцца бацькоўскія сходы, кансультацыі, сумесныя святы і забаўкі, дні адкрытых дзвярэй.

У дзіцячай установе створаны ўмовы для навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзейнічае пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Праца настаўніка-дэфектолага Т.М.Васілеўскай накіравана на выкараненне маўленчага дэфекту ў дзяцей і падрыхтоўку іх да паспяховага навучання ў школе. Спецыялісты Віцебскага абласнога цэнтра, якія працавалі з выхаванцамі ясляў-сада ў маі, адзначылі станоўчую дынаміку маўленчага развіцця дзяцей, якаснае засваенне імі базіснай праграмы «Пралеска».

Работу педагогаў установы можна ахарактарызаваць як пастаяннае ўзаемадзеянне ўсіх спецыялістаў: выхавальнікаў, музычнага кіраўніка, кіраўніка фізвыхавання, што дазваляе ў поўным аб’ёме стварыць усе ўмовы для гарманічнага развіцця дзяцей, раскрыцця іх творчых здольнасцей.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *