Знает каждый метр ушачских дорог и не только. Водитель Александр Провада за рулём пассажирского автобуса уже два десятка лет

Общество

“Вось які добры аўтобус нам сёння на маршрут далі! Паедзем з камфортам”, – такую фразу ад пасажыраў вадзіцель участка г.п.Ушачы АТП №6 г.Наваполацка Аляксандр Мікалаевіч Правада чуе рэгулярна. І хоць падставай для прыемнай ацэнкі служаць найперш мяккія крэслы, якімі абсталяваны салон, але і ў цэлым транспарт выглядае прэзентабельна. І каб загадзя не ведала, што МАЗ-256 калясіць па дарогах ужо 15-ты год, то палічыла б, што ён папоўніў парк прадпрыемства зусім нядаўна.

Насамрэч жа яго кіроўца зараз стаіць першым у чарзе на новы аўтобус. Ну а тое, што і стары знаходзіцца ў прымальным стане, – плён яго беражлівых адносін да тэхнікі. Калі ж дадаць да гэтай характарыстыкі ўласцівыя мужчыну адказнасць, сумленнасць, уменне ладзіць з людзьмі, то становіцца зразумелым, чаму прозвішча А.Правады чатыры гады таму ўшачане маглі бачыць на раённай Дошцы гонару. Вылучаюць яго сярод лепшых работнікаў і адміністрацыя, і тыя, хто працуе побач. “Хочаце пра Сашу напісаць? Гэта правільна! Дастойны хлопец. З тых, хто заўсёды падставіць плячо”, – так характарызуе калегу ветэран прадпрыемства Іван Аляксеевіч Контараў.

Прыхільнасць да тэхнікі ў хлопчыка з Казімірова з самага дзяцінства: тата Мікалай Сцяпанавіч працаваў у мясцовым калгасе вадзіцелем і механізатарам, а ў старэйшых класах Саша дапоўніў сямейны камбайнерскі экіпаж. Тандэм атрымаўся спрытны і нават стаў лідарам на жніве па гаспадарцы, за што юнаку ўручылі каштоўны прыз – фотаапарат. Такім чынам, пытанне аб будучай прафесіі не стаяла: пасля школы Аляксандр адвучыўся ва Ушачах на вадзіцеля і, адслужыўшы ў арміі, уладкаваўся на прадпрыемства “Ленга”. Ну а ў 1997-м прыйшоў на цяперашняе месца працы. Пачынаў кар’еру ў АТП вадзіцелем ЗІЛа, потым перасеў на МАЗ: у той час у парку арганізацыі было каля дзясятка грузавікоў. Галоўным чынам аказвалі паслугі ўшацкім дарожнікам, у якіх тады сваёй тэхнікі не хапала, – дастаўлялі на аб’екты будматэрыялы. Ну а на рубяжы стагоддзяў маладога вадзіцеля перавялі на аўтобус. “Нейкага асаблівага хвалявання не адчуваў: калі быў стажорам, побач знаходзіўся вопытны настаўнік Мікалай Іванавіч Карабань, так што я ўсё хутка засвоіў”, – адзначае А.Правада.

Зараз жа ён ведае літаральна кожны метр не толькі ўшацкіх дарог, а і маршрутаў на Полацк, Віцебск, Мінск. І да няпростага графіку, калі іншы раз дзень пачынаецца а чацвёртай гадзіне раніцы, таксама даўно прыстасаваўся. На пытанне, якія рэйсы – самыя любімыя, адказвае лаканічна: тыя, што па асфальце. І справа не толькі ў камфорце язды: на нябойкіх дарогах часцей падсцерагаюць “прыгоды”. Сур’ёзных аварый, на шчасце, у яго кар’еры не было, а вось без паломак ці замінак з-за ўмоў надвор’я ніводны вадзіцель не абыходзіцца. Бывала, што карэкціравалі маршрут снежныя заносы, галаледзіца, а аднойчы, калі ехалі на Лепель, на мяжы раёна дарогу перагарадзіла ўпаўшае дрэва: прыйшлося чакаць, пакуль на дапамогу прыедзе брыгада лесарубаў з Пышна.

Але не толькі майстэрства ваджэння важнае для работы ў АТП, а і ўменне кантактаваць з людзьмі. Яны ж у салоне розныя. Нехта дзякуе, нават пачаставаць якім ласункам намагаецца. А ёсць, напрыклад, запісныя скаржнікі, якім усё не ў лад: убачыш такога “знаёмца” на прыпынку, так бы і дзверы не адчыніў – але ж адкрываеш і “апранаеш” усмешку. А бывае, што і хуліганіць пасажыры пачынаюць, і праезд аплочваць адмаўляюцца. “Спачатку, канечне, праводжу “выхаваўчую бяседу”, ну а калі не дапамагае – падарожжа для буяна ператвараецца ў пешае”, – жартуе вадзіцель. А іншы раз, наадварот, закладае за безбілетнікаў свае грошы: напрыклад, калі збяднелыя студэнты просяць давезці да роднай вёскі “ў крэдыт” і нават гатовы пакінуць у заклад мабільнікі. Пэўны экстрым могуць надаць рэйсу і жывёлы: тут вадзіцель павінен пракантраляваць, каб у лахматага пасажыра меліся ўсе патрэбныя дакументы. “Зараз дык толькі катоў з сабакамі перавозяць, а даўней бывала, і парасят у мяху ў багажніку везлі”, – прыгадвае Аляксандр Мікалаевіч.

Любімая работа займае і асноўны час, і думкі. Але, канечне, не меншым сэнсам жыцця для героя артыкула з’яўляецца яго цудоўная сям’я. У іх прыгожай сядзібе на вуліцы Камсамольскай у райцэнтры літаральна ўсё зроблена ўмелымі рукамі Аляксандра Мікалаевіча. Ва ўсім дапамагае яму жонка Алена Валер’еўна: яна настаўнік, як, дарэчы, і яго мама Людміла Андрэеўна, якая выхавала не адно пакаленне вучняў у Маладолецкай школе. Дастойнымі ў сям’і Правадаў выраслі і сыны: Кірыл у сталічным БНТУ набывае прафесію мостабудаўніка, ну а таленты 14-гадовага Глеба – выхаванца харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў – мы бачым падчас раённых канцэртаў.

Прыемна, калі ў прыстойных і працавітых людзей усё годна складваецца і дома, і на рабоце.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *