На мінулым тыдні адбыўся савет аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, на якім былі падведзены вынікі работы за год і акрэслены задачы на новы.

Працуе 29 устаноў
У 2021 годзе ў сістэме ўстаноў культуры адбылася аптымізацыя: дзіцячая бібліятэка стала аддзелам дзіцячай і юнацкай кнігі раённай бібліятэкі, а аўтаклуб – аддзелам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Такім чынам, на 1 студзеня 2022 года ў раёне працуе 29 устаноў культуры: 15 бібліятэк, 12 клубных устаноў, Дом рамёстваў, музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, дзіцячая школа мастацтваў. У бягучым годзе аптымізацыя закране работу дзвюх бібліятэк – у Мосары і Слабадзе яны будуць зачынены.
Мерапрыемстваў стала больш
Паслугамі бібліятэк скарысталіся 8769 чалавек, што больш на 949, чым у 2020-м. Музеем праведзена 237 экскурсій на “Прарыве”, сядзібе-музеі Васіля Быкава, экспазіцыі “Кублічы – яўрэйскае мястэчка”, этнаграфічнай экспазіцыі “Ушацкі рэгіён. Сялянская хата”. Клубныя ўстановы правялі 3262 мерапрыемствы, што на 441 больш, чым за 2020 год, якія наведалі 88737 чалавек. З выкананнем даведзеных паказчыкаў дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады ўстановы раёна справіліся паспяхова. Была станоўча ахарактарызавана работа Вяркудскага, Вялікадолецкага, Кубліцкага СДК, Сарочынскага клуба. Умеюць зацікавіць вяскоўцаў у Дубраўскай, Жарскай, Глыбачанскай, Вялікадолецкай бібліятэках.
Памяць аб абаронцах жыве
На Ушаччыне 38 воінскіх пахаванняў і магіл мірных ахвяр вайны. Усе памятныя месцы замацаваны за арганізацыямі раёна, на іх добраўпарадкаванне прадпрыемствы выдаткавалі больш за 1,5 тысячы рублёў уласных сродкаў. З раённага бюджэту выдзелена больш за 14500 рублёў на бягучы рамонт двух воінскіх пахаванняў у Жарах і Павуллі. Вялікую фінансавую падтрымку ў гэтым плане штогод аказвае раённая арганізацыя Беларускага Фонду міру, у 2021-м яе памер склаў 2400 рублёў. Летась на брацкай магіле ў Глыбачцы ўстаноўлены дадаткова 2 мемарыяльныя пліты са 190 імёнамі воінаў-землякоў. У Забораўне перапахаваны астанкі 8 загінуўшых мірных жыхароў. Таксама выяўлены няўлічаныя пахаванні ў Завячэллі, Воцькавічах, Жарах.

Захоўваем гісторыка-культурную спадчыну
Гэта адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 38 аб’ектаў раёна. Мемарыяльны комплекс “Прарыў” і касцёл бернардзінцаў у Селішчы адносяцца да 2 катэгорыі і маюць рэспубліканскае значэнне. Летась распачаліся рэстаўрацыйныя работы на сядзібе сярэдзіны XIX стагоддзя ў Арэхаўне, уласнікам якой з’яўляецца прадпрыемства “Азёры-Агра”. А вось касцёл у Селішчы не мае балансатрымальніка і выклікае трывогу: кансервацыя на аб’екце не праводзілася з-за адсутнасці сродкаў, а стан будынка пагаршаецца. Там неабходна ўсталяваць агароджу, абмежаваць доступ грамадзян.
Належная ўвага добраўпарадкаванню
У музеі працягваўся капрамонт, праведзена рэстаўрацыя манументальнага роспісу “У імя жыцця на зямлі” аўтарам У.Крываблоцкім і працягваецца на ваенна-гістарычнай экспазіцыі. Сёлета ўстанова павінна ўжо сустрэць наведвальнікаў у абноўленым выглядзе.
Усе арганізацыі культуры ўдзялялі шмат увагі навядзенню парадку. Па выніках раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў у 2021 годзе Вяркудскі СДК прызнаны пераможцам у намінацыі “Лепшая ўстанова культуры”.
Новы год – новыя задачы
2022 год, які аб’яўлены Годам гістарычнай памяці, азнаменаваны новымі падзеямі і датамі. Як адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак, многія мерапрыемствы будуць накіраваны на ўмацаванне адзінства беларускага народа, захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, папулярызацыю гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны. Былі агучаны і многія іншыя планы, сярод якіх і больш актыўна ўкараняць у практыку сучасныя формы і метады арганізацыі культурнай дзейнасці, у тым ліку, якія прыносяць даход.
Па традыцыі падчас падвядзення вынікаў не абыходзіцца без урачыстых момантаў. Ганаровай граматай райвыканкама ўзнагароджана спецыяліст па будаўніцтве аддзела маркетынгу і гаспадарчага абслугоўвання Надзея Лукінічна Качынская, якую калектыў праводзіў на заслужаны адпачынак. Яшчэ шэраг працаўнікоў сістэмы былі адзначаны граматамі аддзела.
Вольга КАМАРКОВА.