Не на виду, но в авторитете! Михаил Клопов более трёх десятков лет трудится в КУСХП «Великодолецкое»

Сельское хозяйство

Руплівыя работнікі КУСГП “Вялікадолецкае” ўвагай “раёнкі” не абдзелены, вось і кандыдатамі ў святочны нумар былі некалькі тутэйшых аграрыяў – пераможцаў у розных намінацыях. Аднак героем артыкула мы вырашылі зрабіць чалавека, які звычайна застаецца па-за ўвагай, бо непасрэдна не выдае на-гара рэкордныя тоны прадукцыі. Тым не менш літаральна кожны ў гаспадарцы скажа, што вадзіцель Міхаіл Яфрэмавіч Клопаў – адзін з самых запатрабаваных работнікаў сельгаспрадпрыемства.

Прынамсі, упэўніцца ў гэтым давялося ў час нашай размовы на мехдвары, дзе мужчына разам з некалькімі калегамі займаўся рамонтам свайго дызельнага ГАЗ-3309: паўтара дзясятка год самазвал спраўна калясіў па дарогах, дастаўляючы ў Вялікія Дольцы камбікорм, запчасткі і іншыя неабходныя грузы, адвозячы з палёў зерне і кармы, аднак нават пры належным доглядзе тэхніка выпрацоўвае свой рэсурс. Новай жа пакуль не прадбачыцца, таму вымушаны рэанімаваць старую, перабраўшы вузлы і пераставіўшы кузаў з іншай машыны.

Зрэшты, да падобнага мужчыну не прывыкаць. Калі ў далёкім 86-м ураджэнец Судзілавіч прыйшоў працаваць у вялікадолецкае сельгаспрадпрыемства, першы ГАЗ-52 таксама давялося “ўзнімаць з руінаў”. Аднак у маладога работніка ўжо была за плячыма добрая база: спецыяльнасць трактарыста-машыніста і пасведчанне вадзіцеля, а таксама вайсковая служба ў Германіі механікам-радыстам. У тыя гады парк гаспадаркі быў вялікі – пад 25 адзінак аўтамабільнай тэхнікі апроч трактароў ды камбайнаў. Навічку даручылі рэйсы па забеспячэнні, а адаптавацца ў справе дапамог зямляк Іван Пугачоў, які ездзіў з ім у якасці экспедытара. Потым Міхаіл значны час адпрацаваў на аўтобусе: дастаўляў работнікаў на аб’екты, а пазней зноў перасеў на грузавік. Запомніўся ж гэты перыяд не толькі працоўнымі буднямі, а і дачыненнем да важных падзей у лёсах мясцовых людзей. Лічы што кожнае тутэйшае вяселле, як, на жаль, і мерапрыемствы з сумнай нагоды, не абыходзіліся без яго транспартных паслуг.

Адметныя падзеі адбываліся і ў асабістым жыцці Міхаіла Яфрэмавіча: з будучай жонкай яны калісьці сядзелі за адной партай, а стварылі сям’ю, калі Ала Пятроўна вярнулася ў наш раён у якасці настаўніцы. А вось іх дочкі выбралі іншыя прафесіі: старэйшая – бухгалтар, малодшая будзе біёлагам. Нядаўна ж у Клопавых з’явілася першая ўнучка – зяць назваў яе Леначкай, у гонар любімай жонкі. Каханне і згода пануюць і ў сям’і новаспечаных дзядулі і бабулі. Але Пятроўне, напэўна, многія зайздросцяць: спадарожнік яе жыцця надзейны не толькі на рабоце, а і дома, а яшчэ ён не мае ніякіх шкодных звычак!..

…“Яфрэмавіч, глянь, калі ласка, што з машынай”, – пад’ехаў тым часам да майстэрні Аляксандр Віктаравіч Зянюк. У голасе намесніка дырэктара трывога: рабацяга-УАЗ – стратэгічная адзінка аўтапарка: на ім спецыялісты аб’язджаюць палеткі ды фермы, падвозяць даярак, так што паломка пагражала ледзь не паралізаваць жыццядзейнасць гаспадаркі! “Відаць, тэрмастат заклініла. Зараз разбяромся”, – абнадзеіў Міхаіл Яфрэмавіч. За 34 гады работы ў “Вялікадолецкім” ён настолькі ўдасканаліў навыкі аўтамеханіка, што да яго за парадай звяртаюцца многія калегі. Ведаюць, што гэты добразычлівы чалавек ніколі не адмовіць. Ну а яго аўтарытэт у землякоў безумоўны і непахісны.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *