В Ушачском районе переданы под охрану места обитания двух пар скопы — вида, занесенного в Красную книгу Беларуси.

Калейдоскоп

Яшчэ адзін “чырванакніжнік” аблюбаваў ушацкія землі: дзве пары скапы былі заўважаны ва ўгоддзях Вялікадолецкага лясніцтва.

Выявілі прадстаўнікоў рэдкага віду супрацоўнікі грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” сумесна з навукоўцамі НПЦ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах падчас сёлетняга абследавання тэрыторыі нашага раёна.

Скапа – драпежная птушка, распаўсюджаная ў абодвух паўшар’ях, адзін з двух прадстаўнікоў сямейства скапіных. Гэты від занесены ў Чырвоныя кнігі Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, уключаны ў Дырэктыву ЕС па ахове рэдкіх птушак і шэраг прыродаахоўных канвенцый. Скапа любіць гнездавацца на балотах ці ў наваколлі азёр, таму нядзіўна, што дзве птушыныя сям’і выбралі для месца жыхарства нашу Ушаччыну. Мяркуецца, што ў Беларусі налічваецца 150-180 пар гэтага віду, аднак у апошнія гады адмысловых падлікаў не вялося і сёлетнія даследаванні, якія арнітолагі праводзілі на поўначы краіны, мелі на мэце ўдакладніць інфармацыю.

Ну а адказваць за тое, каб птушак не пакрыўдзілі, будзе Ушацкі лясгас: у лістападзе райвыканкам прыняў адпаведнае рашэнне №911 “Аб перадачы пад ахову месцаў пражывання дзікай жывёлы, што належыць да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь”.

Нагадаем, што сёлетняй вясной пад ахову землекарыстальнікам былі таксама перададзены месцы пасялення “чырванакніжнікаў” шыракапальцага рака на возеры Баравёнак і тоўстай перламутраўкі ў рацэ Альзініца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *