Чайная экзотика: полезно или вредно?

Калейдоскоп

Усё часцей на прылаўках магазінаў можна сустрэць так званую чайную экзотыку – ройбуш, пуэр, лапача. Ці сапраўды яны з’яўляюцца карыснымі для здароўя? Ці ёсць супрацьпаказанні і шкода ад спажывання такога чаю?

Пра якасці і некаторыя асаблівасці заварвання названых “экзатычных” напіткаў нам расказаў адзін са знаўцаў чаю ў нашым раёне, уладальнік гандлёвай кропкі “Чайная лаўка”, што ў гарпасёлку, Аляксандр ЛІСОЎСКІ.
– Аб карысных уласцівасцях чаю лапача многа чытаў, таму калі суседка паскардзілася на высокі цукар у крыві, прапанаваў ёй менавіта гэты напітак. Праз гадзіну-другую жанчына, задаволеная і бадзёрая, зноў завітала да мяне. На гэты раз – каб падзякаваць за смачныя “лекі” і набыць лапача “празапас”. Сапраўды, чайны напітак істотна паніжае ўзровень цукру ў крыві, а таму я б раіў звярнуць на яго асаблівую ўвагу хворым на дыябет. Лапача – адзін з нямногіх напіткаў, які трэба варыць. Для гэтага бяруць 3-4 лыжкі сухой сумесі лапача на літр кіпню, вараць хвілін 5-7 і даюць настаяцца 10-15 хвілін. Смак правільна заваранага лапача – асвяжаючы і крыху гаркаваты.
Яшчэ адзін напітак, які паніжае ўзровень цукру і халестэрыну ў крыві, – пуэр. Асабліва цікавы яго эфект – дапамога арганізму пры цяжкіх атручваннях. Гэта ледзь не адзіны чай, які можна ўжываць людзям, што пакутуюць ад язвы страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Піць пуэр рэкамендавана пасля прыёму ежы, асабліва калі пераелі. Першую заварку лепш настаяць пару секунд і зліць настой. Заварваць якасны чай можна да 15 разоў.
Чай з чырвонага куста ройбуш не ўтрымлівае кафеіну, а таму ўжываць яго можна нават цяжарным жанчынам і дзецям. Напітак мае саладкаваты смак, звычайна яго п’юць без дабаўлення цукру. Ёсць даныя аб утрыманні ў ройбушы натуральнага тэтрацыкліну, што робіць яго цудоўным бактэрыцыдным сродкам. Выпіваць ройбуш трэба не пазней чым праз 20-30 хвілін пасля заварвання. Потым у напітку пачынаюцца шкодныя для здароўя чалавека хімічныя працэсы акіслення фенолу, ліпідаў і араматычных рэчываў. Першая прыкмета таго, што “працэс пайшоў”, – плёнка, якая з’яўляецца на паверхні заваркі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *