В Ушачском районе прошла ежегодная акция «Неделя леса»

Общество

Завяршылася традыцыйная акцыя “Тыдзень-лесу”, якую сёлета Міністэрства лясной гаспадаркі прымеркавала да Года народнага адзінства. Па ўсёй краіне ў пасадках прынялі ўдзел тысячы чалавек – у разы больш, чым у папярэднія гады. Далучыліся да добрай справы і ўшачане. Акрамя работнікаў лесу ў акцыі «Тыдзень лесу-2021» прынялі ўдзел 113 чалавек, на 9,6 гектара высаджана больш за 52 тысячы іглічных. Традыцыйна наводзіўся парадак у лясным фондзе – убрана 3,5 кубаметра смецця.

“Гадоў праз 70 гэтыя дрэўцы будуць такімі ж вялікімі”, – гаварыў на дзялянцы за аграгарадком Ільюшына ляснічы Ушацкага лясніцтва Андрэй Сяргеевіч Падвойскі, паказваючы ўдзельнікам акцыі маленькія саджанцы сасны і елкі на фоне магутных, амаль векавых дрэў. Тут у суботу ў рамках мерапрыемстваў “Тыдня лесу” ва ўсю ішла пасадка маладых хваёвых. На дапамогу лесаводам на гэтым участку прыйшлі работнікі райвыканкама на чале з яго старшынёй Уладзімірам Генадзьевічам Аўдошкам, а таксама дырэктарам лясгаса Сяргеем Аляксандравічам Даніловічам. На плошчы ў 1,2 гектара працавала, разбіўшыся па парах, больш трох дзясяткаў чалавек. Асноўнай зброяй традыцыйна быў меч Колесава – зрабіўшы з дапамогай яго адтуліну, лункі запаўняліся саджанцамі з лесапітомніка лясгаса. Садзілі лес тут удзельнікі акцыі і па фінскай тэхналогіі, якую некалькі гадоў таму сталі актыўна прымяняць у рэгіёне. Для гэтага выкарыстоўваюцца спецыяльныя металічныя трубы, унізе яны абсталяваныя чымсьці накшталт сківіц, якія ўгрызаюцца ў зямлю і такім чынам робіцца лунка, у трубу апускаецца саджанец: шчаўчок – і будучая елка або сасна сядзіць у ямцы, трэба толькі злёгку ўтрамбаваць глебу вакол. Такі спосаб, па словах лесаводаў, не толькі зручны, а і дазваляе павысіць узровень прыжывальнасці саджанцаў, лёгка працаваць з прыладай нават на цяжкіх суглінках.

“На гэтым участку зямля, што пух, садзіць лес – адно задавальненне. Ды і ўвогуле на гэтую карысную справу не шкада выхаднога дня!” – у добрым настроі зазначалі Ігар Судак і Кацярына Родчанка, з імі былі згодны ўсе без выключэння памочнікі.

У мінулым годзе першыя пасадкі лясгасаўцы пачалі ў першай дэкадзе сакавіка, сёлетняя ж позняя вясна дазволіла прыступіць да работ толькі нядаўна.

Падарункі ўшацкім школьнікам.

Ва ўсю кіпела работа ў суботу і ў Сарочынскім лясніцтве, дзе ў адным з кварталаў высадзіўся працоўны дэсант з прадстаўнікоў раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй Наталляй Мікалаеўнай Марковіч, актывістаў раённай арганізацыі “Белая Русь”, райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, аддзела па адукацыі, ТЦСАН, Ушацкай школы, Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, ЖКГ (на здымку).

У Кубліцкім лясніцтве шчыра папрацавалі інжынерна-тэхнічныя работнікі лясгаса і прадстаўнікі райкама БРСМ. “Хоць тыдзень лесу супаў з маім водпускам, не мог прапусціць мерапрыемства, з задавальненнем далучыўся да калег і пасадзіў не адну сотню дрэў”, – адзначыў начальнік бюро аховы працы лясгаса І.Я.Ардынскі.

І калі ў суботу надвор’е для пасадак было вельмі спрыяльным, то ў чацвер яно літаральна правярала на стойкасць снегам і ветрам прадстаўнікоў райаддзела Следчага камітэта, раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, ушацкіх газавікоў, якія прыехалі папрацаваць на кварталы Ушацкага лясніцтва.

З энтузіязмам далучылася да “Тыдня лесу” і юнае пакаленне. Так, вучні Глыбачанскай і Вялікадолецкай школ паўдзельнічалі ў закладцы новых плантацый іглічных на тэрыторыі сваіх лясніцтваў. Арэхаўскія школьнікі разам з ляснічым Сарочынскага лясніцтва, намеснікам старшыні раённага Савета дэпутатаў С.М.Ільюшэвічам высадзілі алею туй каля абеліска ў Сарочыне. А вось васьмікласнікі Ушацкай школы дапаўнялі дэкаратыўнымі раслінамі дэндрапарк – на адной з алей было высаджана некалькі дзясяткаў туй, якія ў будучым стануць жывой агароджай, а каля мастка з’явілася новая кампазіцыя са спірэй. Задаволеныя сваёй работай школьнікі актыўна абмяркоўвалі, што пасля апошняга званка наведаюцца сюды, каб паглядзець, як прыжыліся іх расліны.

– Выказваем шчырую ўдзячнасць усім калектывам і ўшачанам, хто далучыўся да акцыі, унёс свой уклад у памнажэнне і захаванне ляснога багацця краіны, ваша дапамога для нас вельмі каштоўная, – падводзячы вынікі “Тыдня лесу”, адзначае намеснік дырэктара лясгаса Т.К.Даніловіч.

Пра добрую справу ўсім удзельнікам акцыі будуць нагадваць падарункі ад лесаводаў – фірменныя кепкі, а таксама кружкі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *