Семья Владимира Лёли

Общество

У народзе кажуць: дзеці – люстраны адбітак сваіх бацькоў, яны з самага маленства пераймаюць усе рысы іх характару. Сям’я Уладзіміра Уладзіміравіча і Іны Аляксандраўны Лёля з Ільюшына — выдатнае пацвярджэнне гэтага выказвання.

Выраслі ў вялікіх мнагадзетных сем’ях і з дзяцінства былі прывучаны да вясковай працы, не баяліся ніякіх цяжкасцей. Гэтаму яны вучаць і сваіх дзяцей, а іх пяцёра: трое сваіх – Вікторыя, Віктар, Аляксей і двое прыёмных – Вікторыя і Марыя. Праўда, у сям’і няма падзелу на родных і чужых, бо ўсе жывуць дружна. Канечне, бацькі не аспрэчваюць, што выхоўваць дзяцей вельмі цяжка, асабліва ў такой сітуацыі, калі лёс дзяўчынак Машы і Вікі складваўся не лепшым чынам і ім, безумоўна, цяжка было змяніць сям’ю і лад жыцця.

Бацькі для дзяцей ва ўсім стараюцца быць станоўчым прыкладам.

Уладзімір Уладзіміравіч – адзін з лепшых механізатараў не толькі “Ільюшынскага”, але і раёна. Для яго амаль кожная пара года гарачая, толькі зімой успамінае, што такое выхадныя і ёсць магчымасць крыху адпачыць. Пасяўная, корманарыхтоўка, уборачная – яго заўсёды застанеш на палетках “Ільюшынскага”. Яму давяраюць самыя адказныя ўчасткі работы і адпаведна тэхніку. За ім замацаваны тры камбайны. Не паспеў засеяць палі зерневымі на КЗР-10, як хутка пачалася корманарыхтоўка, перасеў за штурвал КВК-800, а да ўборачнай кампаніі гэтага года гаспадарка атрымала некалькі новых зернеўборачных камбайнаў, адзін з якіх таксама яго.

У чарговы раз давер апраўданы, Уладзімір Уладзіміравіч выйшаў пераможцам раённага спаборніцтва адразу ў дзвюх намінацыях: сярод камбайнераў кормаўборачных комплексаў і экіпажаў камбайнераў на ўборцы зерневых.

А дома з работы заўсёды чакае сям’я. У час такіх вось важных сельскагаспадарчых кампаній спраўляцца з дамашнімі справамі Іне Аляксандраўне дапамагаюць дзеці. У сям’і ўсё прынята рабіць дружна, у тым ліку і кожнаму працаваць па меры сваіх сіл. Іна Аляксандраўна ўспамінае, як хлопчыкі з трох гадоў дапамагалі капаць бульбу ў маленькія вядзёркі, а з часам — у большыя. Віка і Маша, якія зараз вучацца ў шостым і пятым класах, таксама ва ўсім стараюцца дапамагчы. Сям’я ж трымае немалую хатнюю гаспадарку, вялікі агарод.

Тры гады таму пераехалі з кватэры ў двухпавярхоўцы ў выдзелены гаспадаркай дом на новай вуліцы аграгарадка, шмат чаго тут трэба было зрабіць, распрацаваць прысядзібны ўчастак. Не сядзелі склаўшы рукі, і сёння іх сядзіба дагледжаная і прыгожая.

Старэйшая дачка Віка выйшла замуж і цяпер жыве ў Глыбокім. А вось хлопцы пакуль побач з бацькамі. Віктар працуе ў гаспадарцы вадзіцелем, яшчэ з дзяцінства цікавіўся рознай тэхнікай. Аляксей жа заканчвае школу. Знаёмыя ўпэўнены: хлопец пойдзе па слядах бацькі. Свой вольны і канікулярны час ён імкнецца правесці разам з ім каля тэхнікі або ў полі. Дапамагае Уладзіміру Уладзіміравічу на рамонце ці, як напрыклад, зусім нядаўна падрыхтаваць камбайны да пастаноўкі на захоўванне. У тэхніцы сямнаццацігадовы юнак ужо разбіраецца вельмі добра, калегі-механізатары ў адзін голас гавораць: “Ужо можна і правы выдаваць. Расце дастойная змена”.

Іна Аляксандраўна па адукацыі выхавацель, шэсць гадоў адпрацавала на ферме, але звольнілася па стане здароўя. Можна сказаць, што атрыманая прафесія спатрэбілася, калі ўзялі на выхаванне дзяцей. Жанчына імкнецца выхоўваць дзяўчынак сапраўднымі гаспадынямі. А яшчэ яна цудоўная рукадзельніца, усе члены сям’і носяць рэчы, звязаныя яе рукамі.

У штодзённым пастаянным клопаце і праходзіць непрыкметна дзень за днём у гэтай сям’і, дзе ва ўтульным доме пануе атмасфера цеплыні і дабрыні.

Яны дастойны прыклад працавітасці, стараннасці і руплівасці. Менавіта на такіх і трымаецца наша грамадства.

В.ПОЛАЗАВА.

На здымку:

вялікая і дружная сям’я Лёля.

 



1 комментарий по теме “Семья Владимира Лёли

  1. Побольше бы таких семей!Интересно было прочитать.спасибо.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *