Геннадий Чигряй из КУСХП «Глыбочаны» первым в районе перевёз более 1000 тонн зерна

Сельское хозяйство

У мінулую суботу ранішняя планёрка ў “Глыбачанах” была асаблівай. Размеркаваўшы людзей і тэхніку па аб’ектах, кіраўнік гаспадаркі Аляксей Віктаравіч Ладноў разам са старшынёй прафкама Тамарай Мікалаеўнай Сурынавай прыступілі да прыемнай місіі: уручылі Дыплом і грашовую прэмію вадзіцелю Генадзю Чыграю, які першым у раёне перасягнуў знакавы рубеж у 1000 перавезеных ад камбайнаў тон збожжа.

Зрабіў ён гэта яшчэ 2 жніўня: “Глыбачаны” ў ліку першых стартавалі на жніве, і магутны МАЗ Г.Чыграя, які ўмяшчае па тры бункеры зерня, бесперабойна абслугоўваў два КЗС-1218 Аляксандра Малахава і Уладзіміра Тараканава. Для Генадзя Анатольевіча быць на лідарскіх пазіцыях раённых спаборніцтваў – не ў навіну, а па выніках леташняй уборачнай ён увогуле стаў пераможцам сярод адвозчыкаў з паказчыкам у 1820 тон. Ці ўдасца перакрыць гэтую лічбу сёлета? “Загадваць не будзем, але спадзяванні ёсць!” – адзначае А.Ладноў. А перадавы вадзіцель у сваю чаргу падкрэслівае, што яго поспех – плён зладжанай працы ўсяго калектыву і яго кіраўніка, які не толькі граматна арганізоўвае вытворчы працэс, а і аператыўна вырашае пытанні па запчастках.

Трэба заўважыць, што Г.Чыграй скрупулёзна рыхтуе тэхніку да гарачай пары: за тыдзень да старту корманарыхтоўкі цалкам перагледзеў усе вузлы і агрэгаты, памяняў страмянкі рэсор, сабраў запас рамянёў і іншай падобнай драбязы, якая можа спатрэбіцца для экспрэс-рамонту ў палявых умовах, калі на вагу золата кожная гадзіна. І гаспадарчы падыход дае плён: гэтым летам МАЗ пакуль не падводзіў.

У “Глыбачанах” сёлетняя ўборачная праходзіць няпроста, ёсць праблемы і па ўраджайнасці, і па якасці збожжа, таму вельмі важна не дапусціць страт. Спраўляцца ж прыходзіцца ўласнымі сіламі, і кадравы дэфіцыт А.Ладноў імкнецца зменшыць усемагчымымі спосабамі. Нядаўна, напрыклад, пабываў на размеркаванні ў сельгасліцэях і прывёз у аграгарадок некалькіх выпускнікоў. Аднаму з іх – лепяльчаніну Мікіце Карабко, які мае правы на ваджэнне адпаведнай тэхнікі, адразу даручылі камбайн, вылучыўшы ў настаўнікі вопытнага механізатара Сямёна Міхайлавіча Мартыненку, – і зараз новаўтвораны экіпаж шчыруе на ўборцы цімафееўкі. Аднавілі і чацвёртае “Палессе”, за штурвал якога сядзе Аляксандр Жогаль, што днямі прыйшоў у гаспадарку з прыватнага прадпрыемства.

Сельгасработы працягваюцца – а значыць, будуць і новыя нагоды для асаблівых планёрак.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *