ОАО «Деменец» в лидерах по объёму убранных полей

Сельское хозяйство

Дземянецкія хлебаробы сёлета задаюць тэмп амаль ва ўсіх відах работ. Аператыўна падрыхтаваўшы тэхніку, аднымі з першых стартавалі на сяўбе і касавіцы, адразу захапілі лідарства і на жніве – а на ўчарашнюю раніцу ў графе раённай зводкі, дзе фіксуецца працэнт убраных гаспадаркамі збожжавых палеткаў, насупраць ААТ “Дземенец” значылася лічба 93%.

В.Башун, А.Ігнатовіч.

Пры ўсім тым, як зазначае дырэктар прадпрыемства Васіль Уладзіміравіч Хамёнак, эйфарыі ад заканчэння адказнага этапу сельгасработ тут не адчуваюць, бо ўраджай сёлета ў цэлым не надта парадаваў. З дзяржзаказам па пшаніцы і жыце (100 і 330 тон адпаведна) разлічыліся без праблем, больш складана было справіцца з заданнем па крыжакветных. Як і паўсюдна па раёне, лепш урадзілі азімыя, асабліва элітныя сарты пшаніцы, а вось з яравых не падвёў хіба што ячмень на полі ля Плігавак. Таму да кожнай атрыманай тоны тут ставяцца рупліва. У першую чаргу рыхтуюць насенны фонд, а лішкі стараюцца рэалізаваць з найбольшай выгадай: ячмень, напрыклад, здалі на аршанскі “Экамол”, атрымаўшы ўзамен высакаякасныя канцэнтраты для маладняку.

С.Малахаў.

І, канечне, усе чатыры экіпажы, што былі заняты на жніве, засяроджвалі ўвагу не толькі на тэмпах, а і на якасці ўборкі. У гэтым плане паказальным быў такі эпізод: на поле ля Астравенца, дзе на двух “Палессях” убіралі азімую пшаніцу Валерый Башун і Артур Ігнатовіч, прыехалі правяраючыя з вобласці – і не знайшлі ў саламяным шлейфе за камбайнамі ніводнага зерня. У мінулую ж суботу, калі мы накіраваліся на дземянецкія палі, гэты зладжаны дуэт якраз завяршыў уборку трыцікале на ўчастках ля Крыжоў. Названую культуру, дарэчы, вырошчвалі сёлета толькі ў “Агра-Селішчы” і “Дземенцы”, і яна ў цэлым пацвердзіла сваю выгаднасць. Камбайнеры ж былі ў гэту раніцу ў неблагім настроі: на прызавых месцах Дошкі гонару сёлета не засвяціліся, але працавалі старанна і самааддана, годна пераадолелі складанасці і форс-мажоры – і ўдвух унеслі ў раённы каравай больш 900 тон. Спелая трыцікале сыпалася ў кузаў ГАЗа Івана Крупені. На адвозцы збожжа ў гэты дзень працавалі таксама Аляксандр Люцько, Уладзімір Жарнасек, Анатоль Тычына – апошняга, дарэчы, накіравала на дапамогу аграрыям ДРБУ-105: вадзіцель упершыню прымае ўдзел ва ўборачнай і зазначае, што яму прыемна мець дачыненне да такой важнай справы.

У.Жарнасек.

А на полі за Загор’ем мы сустрэлі прадстаўніка хлебаробскай дынастыі Станіслава Малахава. “Прыемна, канечне, што мой тата ідзе ў перадавіках сярод камбайнераў, але ж яму пашанцавала, што я ўключыўся ў жніво не з самага пачатку – інакш дагнаў бы і перагнаў!” – з усмешкай адзначае хлопец. Так сталася, што бацька і сын шчыруюць сёлета на палетках розных гаспадарак: Аляксандр Аляксандравіч – у родных “Глыбачанах”, а Стаса ДЭУ-37, дзе ён зараз працуе, камандзіравала ў іншую Глыбачку – дземянецкую. За штурвал камбайна малады чалавек сеў з задавальненнем: прызнаецца, што заўсёды любіў жніво. Ды і з тэхнікай у ладах – за кароткі час чакання машыны на адвозцы паспеў і з намі пагутарыць, і зламаныя пальцы на шнэку жняяркі памяняць.

М.Рыкцер, А.Спірыдовіч.

Унесла свой уклад ва ўборачную і рарытэтная “Ліда-1300”, якая размяняла сёлета трэці дзясятак працоўных сезонаў і разам з далецкай “сяброўкай”, за штурвалам якой нязменна шчыруе Сяргей Вусько, працягвае адстойваць гонар маркі на палях раёна. “Удалая мадэль! – канстатуе Аляксандр Спірыдовіч, які праводзіць у гэтай кабіне шостае жніво. – Уяўляеце, за 20 год кандыцыянер ні разу не запраўлялі! Добры стан камбайна – плён дбайных адносін Мікалая Яловіка, які працаваў на ім да мяне, ну а за падрыхтоўку тэхнікі да сезона трэба падзякаваць нашай інжынернай службе”. Ва ўборцы аўса на ўчастку ля Глыбачкі Аляксандру дапамагаў Мікалай Рыкцер, засталі мы тут і брыгадзіра Аляксандра Уладзіміравіча Яловіка, які заўсёды надзвычай адказна ставіцца да справы: на ўласным мапедзе аб’язджае за дзень усе ўчасткі, дзе ідуць работы. А яны раскіданы па раёне: вось і ў мінулыя выхадныя апроч уборкі зерневых дземянецкія аграрыі ўзворвалі глебу ля Жывалакі і Астравенца, рыхтавалі поле ля Плігавак да сяўбы азімага рапсу, прасавалі ля Загор’я салому. На апошнім працэсе штогод шчыруе Аляксандр Цецераў. “За змену раблю каля 100 рулонаў – ужо настолькі напрактыкаваўся, што, здаецца, магу круціць іх з заплюшчанымі вачыма”, – прызнаецца ветэран вытворчасці.

А.Цецераў.

Увогуле ж, на тым, які працавіты і згуртаваны ў “Дземенцы” калектыў, дырэктар прадпрыемства за час нашага падарожжа рабіў акцэнт неаднойчы. І хоць няпроста складваецца гэты год, ніхто не апускае рукі, усе падтрымліваюць адзін аднаго, хварэюць за імідж гаспадаркі і шчыра радуюцца кожнаму, нават лакальнаму поспеху.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *