В профессиональном «дневнике» — крепкая десятка. За плечами Елены Герцик 33 года педагогического стажа

Образование и молодежь Общество

33 гады стажу, 3 школы, у якіх давялося папрацаваць, трохзначная колькасць выпускнікоў, 3 напрамкі дзейнасці, за якія адказвае (настаўніцтва, школьны музей, бібліятэка), і нават 3 вучні, для якіх зараз з’яўляецца класным кіраўніком… Усё гэта пра педагога з Глыбачкі А.С.Герцык. Але ж калі б спатрэбілася паставіць адзнаку ў яе прафесійным “дзённіку”, чарговай тройкі дакладна не аказалася б – калегі, вучні, бацькі ацэньваюць работу Алены Сцяпанаўны на моцную дзясятку.

Любоў да слова ва ўраджэнкі вёскі Есяновікі, якой ужо няма на карце Ушаччыны, з дзяцінства. З захапленнем слухала яна настаўніцу рускай мовы і літаратуры Г.І.Давыдаву, марыла стаць падобнай на яе. У жаданні звязаць жыццё з педагогікай Галіна Іванаўна выпускніцу Вялікадолецкай школы падтрымала, дапамагла з паступленнем у Полацкі педкаледж.

“Нягледзячы на філалагічныя схільнасці, захацела ўсё ж стаць настаўнікам пачатковых класаў, – расказвае А.С.Герцык. – Калі па размеркаванні ўжо працавала ў Дубраўскай школе і вырашыла завочна атрымаць у Віцебску вышэйшую адукацыю, мяняць спецыяльнасць не стала. Але ж “адгаворшчыкі” былі. Так, мая свякроў Праскоўя Пятроўна Герцык, якая ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, раіла пайсці па яе шляху. Напэўна, бачыла, з якімі “гарачымі” вачыма імчала я на ўрокі па гэтым прадмеце, з якім зачараваннем чытала творы беларускіх класікаў. Яна і зараз, бывае, успамінае мне: “А я ж табе казала!…”

Лёс, сапраўды, сам усё расставіў па сваіх месцах. Падчас работы ў Дубраўцы Алена Сцяпанаўна сумяшчала выкладанне беларускай мовы і літаратуры з настаўніцтвам у пачатковых класах. Калі ж пасля закрыцця школы давялося “перабрацца” спачатку ў Вяркудскую, а потым у Глыбачанскую, прадмет, да якога заўсёды ляжала душа, стаў для яе асноўным.

“Ведаеце, са старэйшымі вучнямі працаваць складаней, але, напэўна, цікавей, – разважае А.С.Герцык. – Малышы вераць кожнаму твайму слову, а вось юнакоў і дзяўчат, у якіх і характар, і свой пункт погляду ёсць, трэба ва ўсім пераконваць. Аднойчы вучань задаў неардынарнае пытанне: чаму на ўроках я такая “злая” (меў на ўвазе строгасць), а пасля іх – добрая, з кім можна па-сяброўску пагутарыць, параду папрасіць. На занятках, сапраўды, вольнасцей не дазваляю: павінны быць дысцыпліна, максімальная ўцягнутасць школьнікаў у вучэбны пра­цэс. А яшчэ патрабую праўдзівасці: калі па нейкіх прычынах не выканаў дамашняе заданне, лепш пра гэта сказаць – і мы разам знойдзем выхад з сітуацыі”.

Такі адказны падыход да справы прыносіць плён. Выпускнікі Алены Сцяпанаўны традыцыйна дэманструюць высокія вынікі на ЦТ па прадмеце, паспяхова здаюць экзамены ў школе. Дарэчы, за ўсю сваю працоўную біяграфію не прыпомніць А.С.Герцык такога выпадку, каб нехта з сельскіх школьнікаў падчас іспытаў выбраў рускую мову, а не беларускую. У прыярытэце яна і сярод алімпіяднікаў. Дарэчы, у гэтым пытанні нашай гераіні таксама ёсць чым пахваліцца. Летась яе вучаніца Лізавета Казлова заваявала дыплом ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Настаўнік не сумняваецца: нямала перамог яшчэ наперадзе – ужо зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да выпрабаванняў.

Як загадчык школьнага музея, адказвае А.С.Герцык і за падрыхтоўку юных экскурсаводаў. І тут без высокіх адзнак таксама не абыходзіцца. Летась у адпаведным раённым конкурсе яе вучаніца Аляксандра Сіскевіч аказалася ў ліку пераможцаў. Цікавую вандроўку па школьным музеі з радасцю правядуць і Анастасія Сяліцкая, Дар’я Краснова, іншыя школьнікі. Не разгубяцца нават у каверзных пытаннях гасцей, паколькі пра кожны экспанат шмат чаго чулі ад Алены Сцяпанаўны. Яна разам з творчай групай педагогаў займалася іх зборам, афармленнем выстаў.

Парадак пануе і ў школьнай бібліятэцы. А.С.Герцык заўсёды знойдзе для вучняў неабходны праграмны твор, штосьці параіць і для душы. Дарэчы, для яе самой чытанне заўсёды было ў ліку любімых заняткаў. У яе дома ў Дубраўцы вялізныя стэлажы заняты кнігамі, аматарамі якіх з’яўляюцца ўсе яе блізкія. “На жаль, у школьны перыяд не часта атрымліваецца ўзяць у рукі якое-небудзь выданне (дарэчы, вельмі люблю Васіля Быкава, сучасных аўтараў), – кажа жанчына. – Акцэнтую ўвагу на тым, што спатрэбіцца ў падрыхтоўцы да ўрокаў. Але гэта мне вельмі падабаецца, без педагогікі, зносін з калегамі, школьнікамі проста не ўяўляю свайго жыцця! Родныя, бывае, крыўдзяцца, маўляў, з-за работы рэдка мяне бачаць. Таму любую вольную хвіліну – у выхадныя ці падчас канікул – стараюся правесці з імі як мага больш часу – разам з мужам ходзім на рыбалку, у лес, а калі прыязджаюць з горада дзеці, ладзім сямейныя пасядзелкі”.

“Гэта ўнікальны спецыяліст, які не ўмее казаць “не”, – з цеплынёй расказвае пра А.С.Герцык намеснік дырэктара Глыбачанскай школы Г.В.Казлова. – Трэба адкрыты ўрок правесці – калі ласка, школьны музей прэзентаваць – таксама не праблема. І пры ўсіх сваіх заслугах Алена Сцяпанаўна застаецца сціплым чалавекам. І за гэта мы яе шчыра любім!”

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *