Сочетание науки и творчества. Молодёжь Ушаччины посетила «Вишнёвый фестиваль» в Глубоком

Общество

Сотні гасцей з Беларусі і замежжа прынялі ўдзел у “Вішнёвым фестывалі”, што праходзіў 22-24 ліпеня ў Глыбокім. Традыцыйна пабывалі на гэтым свяце (дарэчы, дзявятым па ліку) і ўшачане.

Старт фестывалю сёлета далі тэматычны дзень “Smart-вішня” і адна з яго галоўных падзей – семінар “Разумныя гарады Беларусі – шляхі да развіцця”. Сюды накіравалася адна з буйнейшых нашых дэлегацый: прадстаўнікі прагрэсіўнай моладзі раёна. Дарэчы, падобнае мерапрыемства – для многіх з іх не навінка: у сакавіку бягучага года тут жа – у Глыбокім – яны прымалі ўдзел у навукова-практычным форуме “Інтэлектуальная моладзь: ад SMART-ініцыятывы да SMART-горада”. Напэўна, таму адчувалі сябе максімальна ўпэўнена ў афіцыйнай частцы семінара. А на разгляд выносіліся вельмі важныя і цікавыя пытанні: дзяржаўнае рэгуляванне рэгіянальнага лічбавага развіцця, стварэнне спрыяльных умоў для ўкаранення і функцыянавання адзінай сістэмы “Разумны горад”. Азнаёміліся маладыя людзі і з пілотным праектам па ўкараненні мабільнага дадатку “Мой горад”, створанага ў Полацку. Штосьці падобнае распрацаваць і ўвасобіць у жыццё мяркуюць і нашы юныя землякі.

– Не менш эмоцый чакала і пасля семінара, – падзялілася з намі ўшачанка Дзіяна Калбасава. – На цэнтральнай плошчы праходзіла выстава-прэзентацыя “Касмічныя, авіяцыйныя і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі для “Разумных гарадоў (рэгіёнаў)”. Свае дасягненні прэзентавалі рэзідэнты індустрыяльнага парку “Вялікі камень”, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, РУП “Белтэлекам” і “Белпошта”. Пабывалі мы і ў рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы, дзе ў гонар “Вішнёвага фестывалю” была пагашана паштовая марка – дарэчы, усе жадаючыя мелі магчымасць бясплатна даслаць тэматычную паштоўку ў любую кропку свету. Надоўга запомняцца таксама конкурс паветраных змеяў і цырымонія адкрыцця свята, якое набыло статус міжнароднага. Упэўнена: такі фармат правядзення тэматычнага дня – са спалучэннем навукі і творчасці – падштурхне многіх маладых людзей да новых ідэй і распрацовак.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *